Аляксандар Радзькоў пракамэнтаваў прапанову А. Мілінкевіча аб стварэнньні Эўрапейскіх цэнтраў інфармацыі пры ВНУ
«У Беларусі пакуль няма неабходнасьці ў стварэньні ў ВНУ эўрапейскіх цэнтраў інфармацыі аб правах чалавека і дэмакратыі», — заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў.
Зь ініцыятывай стварэньня такіх цэнтраў выступіў старшыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч у Страсбуры падчас сустрэч з кіраўніцтвам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Паводле Мілінкевіча, эўрапейскія цэнтры могуць быць створаныя паводле ўзору Цэнтру эўрапейскай дакумэнтацыі і інфармацыі, што дзейнічае пры БДУ, але з прынцыповай розьніцай — цэнтры павінны зьявіцца ва ўсіх ВНУ краіны, а іх праца павінна каардынавацца прадстаўнікамі Рады Эўропы альбо Эўразьвязу.
«У нас ёсьць спэцыяльныя курсы, нават у школе мы праходзім гэтыя пытаньні ў межах курсу «Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава»,— пакамэнтаваў гэты праект міністар адукацыі А. Радзькоў.— Мы лічым, што на гэтым этапе гэтага дастаткова».
У той жа час ён не выключыў, што пытаньне аб стварэньні цэнтраў будзе разгледжана і вывучана, «калі будзе такая неабходнасьць».