Гары Каспараў спадзяецца, што настаў хісткі момант: Пуцін баіцца прызначыць моцнага пераемніка, каб ня страціць асабістых гарантыяў, а таксама баіцца прызначыць слабога пераемніка, каб не пахіснуўся рэжым.

Расея імкліва ператвараецца ў Беларусь. Улады жорстка разагналі апазыцыйныя акцыі, якія прайшлі ў выходныя ў расейскіх гарадах. Удзельнікаў «Маршаў нязгодных», якія ладзіла грамадзянская кааліцыя «Іншая Расея» ў суботу ў Маскве, а ў нядзелю ў Санкт‑Пецярбургу, было ў разы менш, чым нагнаных міліцыянтаў. Перад выходнымі ў расейскую сталіцу, бы тыя дружыны на Кулікоўскую бітву, сьцягваліся падмацаваньні з рэгіёнаў — каля 2 тысячаў АМОНаўцаў з Удмуртыі, Мардовіі, Чувашыі, Пензенскай і Ніжагародзкай вобласьцяў. Агулам колькасьць міліцыі ў расейскай сталіцы дасягнула 9 тыс. чалавек.

Дакладна ацаніць колькасьць дэманстрантаў цяжка, бо ім так і ня далі сабрацца разам, падзяляючы на групы і арыштоўваючы. Да месца правядзеньня маскоўскага мітынгу «Іншай Расеі» дабраліся толькі каля 1500 чалавек. Затрыманьні былі масавыя: у Маскве — больш за 200 чалавек, у Санкт‑Пецярбургу — каля 100. Быў арыштаваны нават лідэр «Іншай Расеі» Гары Каспараў. Былога расейскага прэм’ера Міхаіла Касьянава, які цяпер узначальвае апазыцыйны Народна‑дэмакратычны саюз, ад спэцназаўцаў адбіла асабістая ахова.

Падабенствы

Амаль немагчыма адрозьніць фота разгону «Маршаў нязгодных» ад здымкаў, зробленых у часе «зачыстак» на беларускіх апазыцыйных мітынгах. Тая ж плямістая форма ды чорныя шлемы ў АМОНаўцаў, тыя ж заломленыя рукі мітынгоўцаў. Толькі прыгледзеўшыся заўважаеш трыкалёрчыкі на спэцназаўскіх шаўронах.

Але падабенствы пачаліся ўжо тады, калі думскі сьпікер Грызлоў загадзя наганяў пострах: маўляў, людзі, якія выходзяць на вуліцы, «могуць нават ня ведаць, што іх фактычна ўцягваюць у правакацыю, зьвязаную з гвалтам і магчымымі ахвярамі». Яшчэ крыху, і ў ход, бадай, пайшлі б дохлыя пацукі.

Знаёмая карціна: Гары Каспарава арыштоўваюць, сьпешна судзяць ды штрафуюць за выгукваньне антыўрадавых лёзунгаў. Хіба што не за мацюкі. Судовы працэс — звыклы фарс, празь які прайшлі ўжо сотні беларусаў.

Асноўныя расейскія мэдыі ў асьвятленьні «Маршу нязгодных» скаціліся да ўзроўню беларускіх каналаў.

АМОН выканаў сваю працу на «выдатна», адрапартаваў ГУУС Масквы. Паводле дадзеных міліцыі, у шэсьці ўдзельнічала толькі 500 чалавек. «Нармальна, усё нармальна», — узгадваецца стары гіт Лявона Вольскага.

Пра што думае маўклівая большасьць у Расеі ды ў Беларусі, застаецца толькі здагадвацца.

Адрозьненьні

Калі ўгледзецца ў фота беларускіх і расейскіх мітынгоўцаў, заўважаеш малапрыкметнае, але істотнае адрозьненьне. На тварах маса эмоцыяў — вера, абурэньне, сполах, але калі ў вачах расейцаў чытаецца зьдзіўленьне, то ў вачах беларусаў не заўважаеш ілюзіяў. Тое самае адчуваеш, чытаючы ў інтэрнэце камэнтары ўдзельнікаў маршу. Расейскія апазыцыянэры — гэта мы 10 гадоў таму. Яны яшчэ толькі пачынаюць разумець, што ў іхнай краіне ня дзейнічае закон і што іхныя правы — пусты гук для ўлады. Яны з гэтага яшчэ зьдзіўляюцца.

Падзеі ў Расеі кідаюцца ў вочы сваёй нечаканай, непрапарцыйнай маштабу пратэстаў жорсткасьцю. Замежнаму рэпартэру ледзь не праламалі чэрап, пэнсіянэраў зьбівалі на горкі яблык дручкамі ды ботамі, «яблычніцы» Вользе Цапілавай зламалі нос. Беларускія «праваахоўнікі» выходзілі на такі «ўзровень» неяк больш паступова — былі часы, калі ў Менску ад дручкоў ратаваў звычайны журналісцкі бэджык. А ў Маскве зьбівалі рэпарцёраў, нягледзячы на тое, што яны апранутыя былі ў адмысловыя камізэлькі.

І ў Беларусі, і ў Расеі актыўная апазыцыя застаецца ў меншасьці, але адчуваецца якасная розьніца ў суадносінах. У 10‑мільённай Маскве на маніфэстацыю «нязгодных» выйшла меней людзей, чым звычайна зьбіраецца на пратэсты ў 2‑мільённай беларускай сталіцы.

Расейская спэцыфіка выявілася і ў тым, што ўлада актыўна ладзіла «альтэрнатыўныя» акцыі накшталт «Маршу згоды» прапуцінскай маладзёвай арганізацыі «Маладая гвардыя». У Беларусі рэжым толькі‑толькі пачынае выкарыстоўваць такую тактыку.

А яшчэ пратэсты сьцьвердзілі, што ў Расеі існуе не адна, а дзьве апазыцыі.

Дзьве апазыцыі

Зрэшты, будзе лепей сказаць, што ў Расеі існуюць апазыцыя і псэўдаапазыцыя. Гэтак, паралельна з «Маршам нязгодных» у Маскве прайшло яшчэ пяць мітынгаў «апазыцыйных» сілаў. Міліцыя ня ўмешвалася.

Як адрозьніць псэўдаапазыцыю ад апазыцыі? Натуральны індыкатар — каго разганяюць, а каго не. Але прынцыповае адрозьненьне палягае ў ідэях і спосабах дамагацца іх зьдзяйсьненьня.

Людзі, якія прыйшлі на «Марш нязгодных», у сваёй большасьці патрабавалі права голасу. Яны лічаць, што ўлада павінна падпарадкоўвацца грамадзяніну, а не наадварот. Для камуністаў‑зюганаўцаў гэтая ідэя — чыстая абстракцыя, яны больш ахвотна мараць пра справядлівы сацыяльны лад, які, натуральна, будзе збудаваны пад іх разумным партыйным кіраўніцтвам. Карыкатурныя ксэнафобы з «Руху супраць нелегальнай іміграцыі», якія таксама мітынгавалі 14‑га, знаходзяцца ў апазыцыі не да сыстэмы, а да «іншародцаў». Лібэральны Саюз правых сілаў дэкляруе дэмакратычныя ідэі, аднак, абараняючы іх, ня дужа сьпяшаецца лезьці ў самое пекла. У выніку камуністы адмаўляюцца ад супрацоўніцтва зь «Іншай Расеяй», Саюз правых сілаў падпісвае навязаную Крамлём «Хартыю супраць экстрэмізму», нефармальнае абавязальніцтва пазьбягаць рэзкай крытыкі Пуціна ды ўдзелу ў вулічных акцыях «радыкалаў», а «Яблык» афіцыйна ня ўдзельнічае ў «Маршы нязгодных». За ўсім гэтым праглядаецца нежаданьне кіраўніцтва «апазыцыйных» партыяў страціць апошнюю магчымасьць трапіць у лялечную Думу — то бок захаваць такі‑сякі палітычны ўплыў, які ў Расеі мае канкрэтны грашовы эквівалент.

Дый сама кааліцыя «Іншая Расея» стракатая. Экс‑прэм’ер Міхаіл Касьянаў зьвязаны з апальным ельцынскім кланам, а непатапляльная Ірына Хакамада не выклікае асаблівага даверу сваёй схільнасьцю да мэдыягульняў. Безумоўная знаходка руху — Гары Каспараў. Ён выклікае давер ня толькі таму, што яму ўжо ня трэба марыць пра грошы ды сусьветную вядомасьць. Гары Каспараў — бадай, адзіны зь лідэраў антыпуцінскай апазыцыі, хто прыйшоў у палітыку сам, звонку, а ня быў выціснуты туды рэжымам.

Высновы

Антыпуцінская апазыцыя выглядае пярэста. З аднаго боку — клясычныя дысыдэнты, лібэральныя інтэлектуалы, зь іншага — нацыянал‑бальшавікі з воклічамі «Сталін! Бэрыя! ГУЛАГ!». На першы погляд, тут праяўляецца слабасьць апазыцыі: маўляў, нашкрэблі ў саюзьнікі каго змаглі. Але, калі зірнуць зь іншага боку: што яднае гэтыя сілы? Нічога, акрамя жаданьня зрабіць так, каб усе ў краіне, уключна з уладай, паважалі закон і правы адзін аднаго. У прынцыпе, гэта ідэя не маргінальнай апазыцыі, а абсалютнай большасьці грамадзянаў любой краіны, уключна з Расеяй. Іншая справа, што тая большасьць пакуль яшчэ не асэнсавала ўвесь цынізм улады, для якой больш не існуе закону.

Расейская ўлада спрабуе задушыць пратэст у зародку. Спаўзаньне краіны ў аўтарытарызм будзе паскарацца. Нягегла змагаючыся з каляровымі рэвалюцыямі ў суседніх краінах, Пуцінскі рэжым не заўважыў, як сам падхапіў рэвалюцыйны вірус. Разганяючы «Марш незадаволеных», расейская ўлада ўскосна пацьвердзіла, што незадаволеных у краіне, насамрэч, нашмат болей за паўтары тысячы чалавек.

Гары Каспараў спадзяецца, што цяпер настаў хісткі момант для рэжыму — Пуцін баіцца прызначыць моцнага пераемніка, каб ня страціць асабістых гарантыяў, а таксама баіцца прызначыць слабога пераемніка, каб не пахіснуўся рэжым. У гэты няпэўны момант апазыцыя можа мець шанец. Разам з тым, нават у параўнаньні зь Беларусьсю, сытуацыя ў Расеі прыгнятае сваёй адчайнай безнадзейнасьцю. Пуцін — гэта толькі маска, увасабленьне спэцслужбоўскага клану, які захапіў усю ўладу ў краіне. Супрацьстаяць яму — нібы змагацца з атрутным паветрам, якое, хоць і нябачнае, адчуваецца паўсюль. Пэрманэнтныя праблемы запраграмаваныя ў самой будове расейскае дзяржавы. Вырашыць іх здольная толькі звышадказная грамадзянская супольнасьць. А такой у расейскай гісторыі яшчэ ня было.

Цікава, хто пасьля разгону «Маршу нязгодных» будзе ўсур’ёз абмяркоўваць магчымасьць дэмакратызаваць Беларусь з дапамогай Расеі? І ці будуць новыя спробы стварыць «прарасейскую дэмакратычную апазыцыю» ў Беларусі?

Надыходзяць неспрыяльныя часы для беларускіх аматараў паспэкуляваць на «расейскай тэме». Прыходзіць разуменьне, што неабавязкова быць прарасейскім палітыкам, каб быць салідарным з Расеяй. Мы пабачылі, што там ёсьць падобныя да нас людзі. Яны таксама патрабуюць свабоды, і іх таксама за гэта зьбіваюць. Што да экзотаў накшталт нацыянал‑бальшавікоў, дык па меры ўзмацненьня грамадзянскага складніку «Іншай Расеі», іх ідэі будуць няўхільна губляць вагу у агульнай масе аб’яднанай грамадзянскай супольнасьці.

У той жа час пагружэньне Расеі ва ўнутраныя палітычныя праблемы здольнае адцягнуць увагу расейскіх уладаў ад Беларусі, што павялічвае шанцы на перамены ў нашай краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?