За дзень да вынясення рашэння суда міністр унутраных спраў Літвы Артурас Мялянас паведаміў, што звярнуўся ў Дэпартамент міграцыі з просьбай паўторна разгледзець пытанне пра прытулак вайскоўцу Сцяпану Захарчанку, які ўцёк з Беларусі.
«Суд у гэтай справе прыме рашэнне, аднак я звярнуўся ў Дэпартамент міграцыі і яшчэ раз папрасіў яго ацаніць і ўзважыць усю сукупнасць акалічнасцяў», — сказаў Мялянас.
Віленскі акруговы суд у пятніцу павінен прыняць рашэнне, ці задаволіць скаргу грамадзяніна Беларусі на рашэнне Дэпартамента міграцыі адмовіць яму ў прытулку і часовай ахове.
Мялянас кажа, што ДМ павінен прыняць да ўвагі «чалавечы фактар» і магчымыя палітычныя наступствы, «якія ўзнікаюць не толькі пры ўцёках з суседняй краіны, але і пры боязі вярнуцца ў яе з прычыны зразумелых наступстваў».