У гэтыя дні спаўняецца 92 гады цікаваму эпізоду беларускай гісторыі, які збольшага застаецца па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў і беларускай грамадскасці. У нашай памяці ад часоў грамадзянскай вайны і распаду Расійскай імперыі засталася абвешчаная ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка, ідэалы якой былі падхопленыя наступнымі пакаленнямі беларускай нацыянальнай эліты і ў той ці іншай форме падтрымліваюцца дагэтуль, асабліва дзякуючы і сённяшнему існаванню Рады БНР як найстарэйшага дзеючага беларускага палітычнага інстытуту.

Але мала хто памятае пра іншую дзяржаву, якая з’явілася на тэрыторыі Беларусі ў той жа драматычны перыяд і нават праіснавала ў якасці паўнавартаснага дзяржаўнага ўтварэння, а не ўрада на выгнанні, ці не ўдвая даўжэй за БНР. Гэта дзяржава — Рэспубліка Сярэдняй Літвы.

Люцыян Жалігоўскі, партрэт 1923 г.

Люцыян Жалігоўскі, партрэт 1923 г.

вайсковая ўзнагарода Сярэдняй Літвы (копія)

вайсковая ўзнагарода Сярэдняй Літвы (копія)

паштовыя маркі Сярэдняй Літвы

паштовыя маркі Сярэдняй Літвы

На гэтым тыдні спаўняецца і 147 гадоў з дня нараджэння галоўнага героя гэтага эпізода: Люцыяна Жалігоўскага. Народжаны на Ашмяншчыне ў сям’і тутэйшай шляхты, Жалігоўскі служыў у расійскім імператарскім войску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ён кіраваў польскімі аддзеламі ў паўднёвай Расіі, а ў 1919 годзе вернуўся на Літоўска-беларускі фронт польска-савецкай вайны.

У 1920 годзе Жалігоўскі кіраваў I Беларуска-літоўскай дывізіяй, якая складалася пераважна з жыхароў Віленшчыны, этнічных беларусаў-літвінаў, такіх жа, як сам Жалігоўскі. Паміж Польшчай і Літоўскай Рэспублікай (беларускі ўрад на той момант ужо быў на выгнанні) ішла барацьба за Віленшчыну, і

Беларуска-літоўская дывізія выступіла як выразнік інтарэсаў беларускамоўнай большасці насельніцтва рэгіёна, якая пераважна ўсведамляла сябе палякамі і не жадала далучацца да новастворанай Літоўскай Рэспублікі
— да дзяржавы, што ўзяла сабе імя «Літва», але не цярпела права жыхароў Віленшчыны і Гарадзеншчыны таксама называцца літвінамі і пры гэтым захоўваць сваю польска-беларускую тоеснасць.

Дывізія Жалігоўскага паспяхова вызваліла ад літоўцаў Вільню, Ашмяны, Свянцяны і абвесціла аб стварэнні новай дзяржавы, Рэспублікі Сярэдняй Літвы. Стварэнне Рэспублікі было часткай плана Пілсудскага, таксама польскакультурнага літвіна, па адраджэнні Вялікага княства Літоўскага ў выглядзе канфедэрацыі з трох частак: літоўскамоўнай, польскамоўнай (якой мусіла стацца Сярэдняя Літва) і беларускамоўнай. Геапалітычная сітуацыя гэтаму плану спраўдзіцца не дазволіла, і ў 1922 годзе Сярэдняя Літва далучылася да Польшчы.

Чаму Жаліхоўскі не быў у беларускім руху?

Жалігоўскі ў гістарычнай літаратуры значыцца як польскі вайсковы дзеяч. Ён прыязна ставіўся да тагачаснага беларускага руху, хаця сам ягонай часткаю не быў. Колькі тут ягонай віны, а колькі — віны самога беларускага руху, гэта пытанне, на якое лепей змогуць адказаць гісторыкі.

Важна адзначыць, што

беларускі рух пачатку 20 стагоддзя, які складаўся пераважна з левых, свядома адсякаў ад сябе арыстакратаў-краёўцаў,
Раман Скірмунт і Магдалена Радзівіл былі сярод нешматлікіх (і актыўна цкаваных) выключэнняў.

Лявацкі заходнебеларускі нацыяналістычны рух 20-х30-х гадоў часта адсякаў ад сябе і проста тых, хто не падзяляў сімпатый да БССР і савецкай улады — людзей як Францішак Аляхновіч альбо Барыс Кавэрда (забойца бальшавісцкага дзеяча Пятра Войкава). То бок тых, чыю рацыю гісторыя вельмі хутка пацвердзіла.

Беларускія нацыяналісты-грамадоўцы былі членамі ўраду Сярэдняй Літвы, але сышлі адтуль у 1921 годзе, пасля чаго ў Рэспубліцы пачало скарачацца беларускае школьніцтва. Ці не быў гэты сыход вынікам іхнай недамоваздольнасці (сведчанні пра якую пераследвалі і пераследваюць беларускі рух і да сёння), а не польскай нацыяналістычнай змовы?

Іншая Літва: ці з’яўляецца Беларусь яе спадкаемцам?

Сярэдняя Літва была бадай што апошняй у гісторыі сімвалічнай спробай адраджэння Вялікага княства Літоўскага як шматэтнічнай дзяржавы,
а не нацыянальнай дзяржавы сучасных літоўцаў. З таго часу краёвая віленска-гарадзенская касцёльна-польская культура канчаткова набыла свядомасць польскай дыяспары, а не аўтахтоннага польска-беларускамоўнага літвінства. Каштоўнасці БНР стратэгічна замацаваліся ў якасці паўнавартаснага некаланіяльнага праекта беларускай свядомасці (або падмурку гэтага праекту). Спадчына ж ВКЛ у сусветнай гістарычнай навуцы да самага пачатку 21 стагоддзя разглядалася як выключная ўласнасць сучасных літоўцаў, чыя нацыяналістычная ідэалогія на віленскіх палякаў і беларусаў глядзіць не інакш, як на славянізаваных літоўцаў.

Інтарэс да ВКЛ як «сваёй» дзяржавы ў другой палове 20 стагоддзя прачнуўся сярод беларускай культурнай і інтэлектуальнай эліты, але так і не абудзіўся ў віленска-гарадзенскіх палякаў, якія, нягледячы ні на якія гістарычныя падставы, разглядаюць Варшаву і «карону» ў якасці сваёй метраполіі.

Наважуся сказаць, што цяпер

менавіта беларускі нацыяналізм канца 20 — пачатку 21 стагоддзяў, застаецца найбольш натуральным і паслядовым пераемнікам краёвасці і літвінства Жалігоўскага.

Беларускі нацыянальны рух пачатку 21 стагоддзя неўхільна набывае не толькі этнічныя, але і грамадзянскія рысы, і падыходзіць да патрэбы разглядаць як «сваіх суайчыннікаў» і беларускіх габоэяў, і нават такіх людзей, як Машэраў ці Лукашэнка. Лішне казаць і аб натуральным выпраўленні ягонага левага крэну і зняцці «класавага пытання» з парадку дня пры вызначэнні свайго стаўлення да тых ці іншых гістарычных дзеячоў. Паступова адбываецца лібералізацыя стаўлення да расійскай мовы як мовы беларусаў — і няма ніякай падставы пазбаўляць аналагічных правоў таксама і польскую мову, пагатоў у тым моцна збеларушчаным выглядзе, у якім на ёй гаварыў нават Юзаф Пілсудскі.

Беларуская нацыянальная самасвядомасць паступова прыходзіць да ўспрыяцця Адама Міцкевіча і Тадэвуша Касцюшкі як тутэйшых — а значыць і «беларускіх» — дзеячоў. Гэта азначае, што

мы павінны шанаваць памяць і Люцыяна Жалігоўскага, які па сучасных мерках быў нікім іншым, як беларусам: аўтахтонным жыхаром Ашмяншчыны, што ўсведамляў сябе тутэйшым літвінам.
Процьма людзей з дакладна такімі ж этна-сацыя-культурнымі характарыстыкамі (каталікі, з сучаснай Заходняй Беларусі, з польскамоўнай шляхты) паўнілі тады шэрагі і беларускага руху. Нацыянальная прыналежнасць для тых людзей у той час была не гэтулькі аб’ектыўнай рэччу, колькі прадметам выбару, абумоўленага эстэтычнымі і палітычнымі перакананнямі. У 21 стагоддзі беларуская нацыянальная свядомасць павінна разглядаць усіх іх як «сваіх».

Жалігоўскі змагаўся за свабоду нашай зямлі ад бальшавікоў, падарыўшы Заходняй Беларусі лішніх 20 гадоў адноснага пакою. У апошнія гады у грамадскую свядомасць часткі беларусаў паступова вяртаецца постаць іншага героя грамадзянскай вайны і антысавецкай барацьбы — генерала Булака-Балаховіча. Ці не з’яўляецца Люцыян Жалігоўскі фігурай, параўнальнай з Балаховічам і незаслужана намі забытай?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?