Працягваецца візіт беларускай урадавай дэлегацыі на чале з першым віцэ‑прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам у Кітайскую Народную Рэспубліку. У складзе дэлегацыі таксама прадстаўнікі міністэрстваў энергетыкі, архітэктуры і будаўніцтва, канцэрнаў «Беллеспаперапрам», «Беллегпрам», Савета міністраў.

Як паведаміла прэс‑служба Міністэрства замежных спраў Беларусі, у першы дзень візіту, 16 красавіка, У.Сямашка правёў перамовы са старшынёй Кітайскага нацыянальнага агенцтва па атамнай энергетыцы Сунь Цынем, старшынёй праўлення тэхналагічнай групавой кампаніі «Тун Юн» Чэнь Вэйгенем. На сустрэчах абмяркоўваліся пытанні стварэння прававой базы для развіцця супрацоўніцтва ў сферы мірнага выкарыстання ядзернай энергіі, а таксама рэалізацыі найбольш буйных інвестыцыйных праектаў (рэканструкцыя ЦЭЦ, будаўніцтва вугальных электрастанцый і інш.). У той жа дзень адбылася сустрэча кіраўніка беларускай дэлегацыі з намеснікам міністра замежных спраў КНР Дай Бінга.

17 красавіка У.Сямашка сустрэўся з міністрам фінансаў КНР Цзынь Жэньцынам і прэзідэнтам экспартна‑імпартнага банка Кітая Лі Жогу.

У той жа дзень першы намеснік прэм’ер‑міністра правёў перамовы з кіраўнікамі кампаній «Юнчэн» і «Цзянхуай энджын» па пытаннях стварэння ў КНР зборачнай вытворчасці і сумеснага прадпрыемства па выпуску трактароў «Беларус», а таксама з кіраўніцтвам Кітайскай карпарацыі па энергетычным абсталяванні па пытаннях рэалізацыі ў Беларусі праектаў у галіне энергетыкі.

18 красавіка кіраўнік беларускай дэлегацыі наведаў шэраг кітайскіх энергетычных аб’ектаў, аналагі якіх будуць узводзіцца ў Беларусі, паведамляе прэс‑служба МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?