Набыў моц прыгавор, вынесены ў дачыненні да19-гадовай жыхаркі Пінска за забойства нованароджанай дачкі.
Як паведаміла начальнік аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Наталля Васярчук, 10 студзеня пінчанка нарадзіла ў кватэры па месцы жыхарства жывую дзяўчынку, затым задушыла, завязаўшы на шыі пятлю з сурвэткі, і аднесла мёртвую дачку на балкон. 13 студзеня яна выкінула цела ў смеццеправод, якое знайшла прыбіральшчыца ЖЭС.
28 жніўня суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў маці вінаватай у забойстве нованароджанага дзіцяці пасля родаў, учыненым ва ўмовах псіхатраўмуючай сітуацыі, выкліканай родамі (арт. 140 КК), і прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
На падставе арт. 8 закона «Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы» тэрмін пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі скарочаны на адзін год.
У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што незамужняя пінчанка утойвала ад сваякоў цяжарнасць, да медыкаў не звярталася.
Абвінавачаная і адвакат абскардзілі прыгавор, палічыўшы, што суд не ўлічыў яе шчырага раскаяння ва ўчыненні злачынства, і прасілі прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
12 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда, разгледзеўшы скаргі, змяніла прыгавор суда першай інстанцыі, прызначыўшы абвінавачанай 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
На падставе арт. 8 закона «Аб амністыі» гэты тэрмін скарочаны да 4 гадоў.
Асуджаная — студэнтка адной з ВНУ краіны, раней не судзімая. З 16 студзеня ўтрымлівалася пад вартай.