Зміцер Дашкевіч даслаў першы ліст з ПКТ Мазырскай калоніі,куды ён трапіў 5 кастрычніка пасля галадоўкі на знак пратэсту супраць абыходжання, якое ён лічыць зняважлівым.
Нявеста палітвязня Наста Палажанка распавяла: «Гэта адразу некалькі лістоў, якія ён пісаў паступова штодня, але адправіў разам, бо, відаць, не было пошты.
Піша, што паступова выходзіць з галадоўкі, спрабуе есці больш разнастайнай ежы. Пра галадоўку напісаў, што не пазнаў сябе, калі ў ПКТ зазірнуў у люстэрка. Што схуднеў за 14 дзён болей, як трымаў галадоўку ў 2006 годзе цягам 21 дня.Мне не раіць ніколі трымаць галадоўку ў карцары».
Наста Палажанка паведаміла, што турэмныя лекары прызналі Змітра Дашкевіча пасля галадоўкі схільным да суіцыду, «хаця галадоўка — гэта форма пратэсту супроць свавольства адміністрацыі».
У лісце Зміцер Дашкевіч паведаміў некаторыя падрабязнасці наведвання яго папскім нунцыем у канцы верасня.
«Ён напісаў, што нунцый яго падтрымліваў, перадаваў прывітанне ад Папы і казаў, што Касцёл падтрымлівае людзей, якія змагаюцца за справядлівасць у сваёй краіне. Што яны моляцца за палітвязняў.Зміцер быў вельмі прыемна здзіўлены такой пазіцыяй, піша, што размова была абсалютна пазітыўнай», — распавяла Наста Палажанка.
У канцы жніўня лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, які адбываў двухгадовы тэрмін паводле абвінавачання ў хуліганстве ў Глыбоцкай калоніі, быў асуджаны яшчэ на год за непадпарадкаванне і пераведзены ў Мазырскую калонію строгага рэжыму. Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што беларускія ўлады пераследуюць Змітра Дашкевіча за ягоную палітычную дзейнасць