Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін прапануе з 2015 года ў Мінску практычна не будаваць камерцыйнае жыллё — толькі арэнднае і па дзяржзамове. Пра гэта ён сказаў у пятніцу падчас прамой лініі ў газеце «Рэспублiка».

«Я б прапанаваў, з 2015 года ў Мінску практычна не будаваць камерцыйнае жыллё — толькі арэнднае і па дзяржзамове. У гарадах-спадарожніках таксама неабходна будаваць арэнднае жыллё.

Гэта еўрапейская практыка: працоўныя рэсурсы прывязваюцца да месца працы і шукаюць там жыллё. А ў нас наадварот: жыллё вызначае прывязку працоўных рэсурсаў да тэрыторыі»,
— адзначыў віцэ-прэм’ер. Пры гэтым ён растлумачыў, што «неабходна камерцыйнае жыллё выносіць у гарады-спадарожнікі, а для Мінска стварыць максімальна камфортныя ўмовы для прыватных забудоўшчыкаў арэнднага жылля — гэта задача № 1».

Анатоль Калінін лічыць, што арэнднае жыллё павінна быць не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў тых гарадах, дзе ёсць сур’ёзныя прамысловыя комплексы — Жодзіна, Жлобін, Астравец.

«Мы ж не пабудуем там столькі камерцыйнага жылля, а арэнднае — можам. У арэндным жыллё не месяц і не два жывуць, а доўгія гады, а то і ўсё жыццё. Мы зробім прывабным кошт пражывання там. Ён ужо цяпер у сярэднім у два разы ніжэй рынкавага», — паведаміў ён.
Да таго ж, па словах намесніка віцэ-прэм’ера, у Беларусі ёсць і такая праблема: частка грамадзян, якія здаюць жыллё ў арэнду, не плацяць падаткі. «Ужо ёсць даручэнне падатковай службе зрабіць больш жорсткім падыходы. Раз чалавек атрымлівае даходы, значыць, ён павінен плаціць падаткі ў бюджэт», — падкрэсліў Анатоль Калінін.
Арэнднае жыллё будзе яшчэ больш ставіць чалавека ў залежнасць ад дзяржавы.
Цяпер чалавек мае шанец хоць з часам здабыцца на ўласную кватэру. З арэндным жыллём працаўнікі дзяржсектара, асабліва бюджэтнікі стануць прывязаны да дзяржавы намертва. У той жа час няцяжка ўявіць, што будзе рабіцца ў дамах, якія людзі будуць успрымаць як часовае жытло.

Калі прапанова аб абмежаванні будаўніцтва камерцыйнага жылля, будзе рэалізавана, гэта пазначыць радыкальны паварот у адносінах чалавека і дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?