Пасля нашумелага тэксту «Мова дэмакратыі і мова дыктатуры» Сяргей Дубавец расстаўляе кропкі над «і». Тэкст публіцыста і выдаўца выклікаў гарачыя спрэчкі ў Белнэце. На сайце НН ён сабраў 265 каментароў.

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Сп. Сяргей, што сёньня важней, змагацца за мову ці за ўладу?

С. Дубавец:

Самая вялікая праблема ў самаідэнтыфікацыі. Каб я захацеў свабоды, як грамадзянін, альбо каб я захацеў улады, як палітык, я найперш павінен зразумець, хто такі Я.
З чаго я складаюся, у чым мае інтарэсы на гэтай зямлі. Калі я ня ведаю хто я, калі я проста насельнік, адзінка, як абстрактнае дрэва, тады ў мяне не ўзьнікае жаданьня змагацца за ўладу, за свабоду й незалежнасьць. Яно ня можа ўзьнікнуць, бо я нічым не прадстаўлены нават сам для сябе, не кажучы ўжо пра іншых. Культура – гэта ня проста вершыкі й песьні, гэта наша беларуская цывілізацыя. Гэта культура працы й побыту. Калі мы кажам пра палітыку, то гэта палітыка ў той самай сфэры культуры.

Вам на гэта можа запярэчыць вялікая колькасьць беларусаў. Каб змагацца за свабоду неабавязкова трэба гаварыць па-беларуску, важна ўсьведамляць сябе грамадзянінам, які жыве ў краіне, якой жадае посьпеху й на гэты посьпех працуе. Ці расейскамоўны беларус, лібэрал ці касмапаліт не можа змагацца за свабоду?

С. Дубавец: Можа, але дзе вынікі гэтага, дзе прыклады?

Цяперашняе пакаленьне кажа, што яно, магчыма, будзе першым.

С. Дубавец: Хай гэтыя людзі пакажуць прыклады.

Чаго дасягнулі людзі, якія дэкляруюць сваё змаганьне за краіну, ніяк яе ня ведаючы й ніяк не атаясамліваючы сябе зь ёю ў плане культуры. Гэта расейская правінцыя. Адпаведна й імпэту ды вялікай прагі свабоды ня можа быць у чалавека, які сябе не ідэнтыфікуе з гэтай культурай.
Таму і няма вынікаў, таму такая сытуацыя. І толькі тая моладзь, якая ідзе шляхам ідэнтыфікацыі, яна нечага дасягае ў культуры. Пакуль што. Пасьля, калі гэта робіцца масавым, то яно пераходзіць і ў сфэру палітыкі.

Але пакуль не пераходзіць. Маладзёна зь бел-чырвона-белым сьцягам і беларускай мовай могуць назваць памешаным і зацыкленым, маўляў, гэта даўно ня модна, бо сьвет ідзе наперад і адмаўляецца ад гэтых састарэлых нацыянальных формаў.

С. Дубавец: Гэта масавая зьява.

Але ніколі ў вырашальных для краіны зьменах не бярэ ўдзел абсалютная маса. Тая моладзь, якая сапраўды нечага хоча ў нацыянальным пляне, яна ўся ў Беларусі сьвядомая.
Сходу назаву Малады Фронт. А дзе несьвядомая моладзь? Яна проста не яднаецца. Чаму яны нас крытыкуюць? Бо іх задача піць піва ці Кока-колу, працаваць, зарабляць грошы, але гэта іншая сфэра, ня тое, пра што я кажу.

Вы кажаце, што беларускую краіну мараў можна зрабіць унутры такой Беларусі, якая яна зараз. Але ці не будзе яно гетам?

С. Дубавец: Усё пачынаецца з гета, любая ідэя, грамадзкі рух ці духоўны. Першых хрысьціян калісьці было 13 чалавек, а цяпер хрысьіянства адна з галоўных рэлігій сьвету. Усё калісьці пачынаецца й заканчваецца, гэта натуральна.

Але шлях гета можа быць шляхам на дзесягодзьдзі альбо й больш. Ці не прасьцей прагматычна дайсьці да ўлады і тады змяняць краіну, сытуацыю мовы й культуры?

С. Дубавец: А вы бачыце ў Беларусі хоць нейкія намёкі на магчымасьць перавароту ці рэвалюцыі?

Сёньня не, але як паказвае гісторыя, усё можа зьмяніцца за дзень.

С. Дубавец: Такая паліталягічная фантастыка можа мець месца, але ў Беларусі ёсьць два варыянты разьвіцьця падзей.

Першы - гэта нармальная краіна, як нашыя заходнія суседзі. А другі варыянт – гэта Саратаўская вобласьць, дзе ўжо дакладна ня будзе ніякіх рэвалюцый і нават эвалюцыі. Выбірайце, што вам бліжэй. Мне бліжэй шлях самаідэнтыфікацыі.
Гэта зарука й апошні рубеж, каб ня стаць Саратаўскай вобласьцю. Для гэтага неабавязкова сьвяткаваць Купальле й скакаць цераз вогнішча. Трэба проста жыць, ствараць сям’ю, дамагацца беларускай школы для дзяцей. Трэба ствараць вакол сябе асяродзьдзе такіх самых сьвядомых беларусаў, якія хочуць дабра сваёй краіне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?