Гіганцкія інвэстыцыі, наплыў турыстаў, хуткае разьвіцьцё эканомікі — такімі, на думку эканамістаў, будуць для Польшчы і Ўкраіны вынікі ўчорашняга рашэньня УЭФА.

— Мы маем перад сабой пяць гадоў росту, a Эўра‑2012 можа яшчэ падоўжыць гэты пэрыяд — пераконвала міністарка фінансаў Польшчы Зыта Гілёўска падчас прэс‑канфэрэнцыі 18 красавіка. Эйфарыя не абмінула таксама і біржавых інвэстараў. Пасьля абвяшчэньня рашэньня індэксы адразу ж падскочылі ўверх.

Найбольш скарысталі з гэтага будаўнічыя кампаніі, якія і на арганізацыі чэмпіянату заробяць найболей. У найбліжэйшыя гады ў Польшчы павінна быць збудавана амаль 900 км аўтастрадаў, мусіць быць адрамантавана тысяча кілямэтраў чыгункі і восем аэрапортаў. Недзе за 2,5 млрд эўра ўзьнікнуць тры новыя стадыёны, a тры яшчэ будуць разбудаваныя. Усё гэта для таго, каб належным чынам прыняць гасьцей футбольнага сьвята. Выдаткі, безумоўна, аплоцяцца. Як падкрэсьліваюць спэцыялісты, яшчэ ніводная краіна ня страціла на арганізацыі чэмпіянату Эўропу па футболе.

Ацэнкі прыбытку:

Падчас арганізацыі i абслугоўваньні чэмпіянату Эўропы ўзьнікне 100 тыс. працоўных месцаў. Заўзятары з усёй Эўропы, якія прыедуць на Эўра‑2012, выдаткуюць 1 млрд. эўра. Паступленьні ад турызму пасьля заканчэньня імпрэзы могуць узрасьці нават на 100 адсоткаў

Украіна таксама актыўна зоймецца падрыхтоўкай да чэмпіянату: будуць пабудаваныя стадыёны ў Днепрапятроўску (на 35 тыс. месцаў) і Данецку (на 50 тыс.)., а таксама новыя дарогі. Пасьля візыту эўрапейскіх інспэктараў у Кіеве былі перададзеныя для выкарыстаньня два пяцізоркавыя гатэлі. Экспэрты сьцьвярджаюць, што Ўкраіна пакуль што ня мае аніводнага стадыёну, які б адпавядаў нормам UEFA, а ўкраінскія дарогі знаходзяцца ў жахлівым стане.

Пасьля прыняцьця рашэньня UEFA польскія палітыкі адразу ж пачалі старацца пераўзысьці адно аднога ў сваіх выказваньнях адносна вялікай любові да футболу.

‑ Я ўжо ў прадчуваньні гэтага відовішча, бо шмат гадоў зьяўляюся заўзятарам футболу — сьцявярджала ўчора польская міністарка фінансаў. І дадала, што ведае, якім чынам атрымаць мільярд злотых прыбытку на будаўніцтве Нацыянальнага Стадыёну ў Варшаве.

‑Футбол — гэта прыгожы спорт. Італьянцы маюць стадыёны і аўтастрады, мы — толькі энтузіязм. Аднак мы перамаглі фаварыта. Эўра‑2012 будзе для Польшчы вялікім посьпехам — кажа эўрадэпутат Рышард Чарнэцкі.

Прэзыдэнт жа Польшчы Лех Качыньскі мяркуе, што Польшча не павінна абмяжоўвацца арганізацыяй чэмпіянату Эўропы. — У будучыні мы павінны рыхтавацца да арганізацыі алімпіяды — сьцьвердзіў ён.

Вольга Данішэвіч, паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0