Для беларускіх выбаршчыкаў створаны «ўнікальныя магчымасці па ўдзеле ў выбарах»,
мяркуе старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

«Я маю на ўвазе пяць дзён датэрміновага галасавання, — растлумачыла яна ў інтэрв’ю БелаПАН. — Тое, што яны галасуюць не адзін дзень, як у многіх іншых дзяржавах, а цэлых шэсць, стварае магчымасць для таго, каб дастаткова вялікая колькасць выбаршчыкаў узялі ўдзел у выбарах».

Ярмошына зазначыла, што на парламенцкіх выбарах у верасні актыўнасць выбаршчыкаў была ўсё ж не такой высокай, як на прэзідэнцкіх. «

Вядома, 74% (колькасць выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні) — гэта таксама шмат, хаця і не раўнамерна па акругах.
Усё адбываецца па-рознаму: вялікія гарады, асабліва прамысловыя, іншым разам праяўляюць пэўную вяласць», — сказала кіраўнік ЦВК.

Тым не менш яўку ў 74% на парламенцкіх выбарах яна лічыць «вельмі высокай». «Гэта, хутчэй за ўсё, адбылося за кошт тых тытанічных намаганняў па прыцягненні выбаршчыкаў на ўчасткі, якія прыкладалі мясцовыя ўлады і адміністрацыі, асабліва дзяржустаноў, устаноў адукацыі», — выказала меркаванне Ярмошына.

Пры гэтым, падкрэсліла яна, ЦВК не атрымала ніводнай скаргі ад студэнтаў.
«Гэта першыя выбары, калі такіх скаргаў не было ні па электроннай пошце, ні ананімна — што іх прымушалі прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Наогул, што да несвабоднага ўдзелу, калі адміністрацыя праяўляе надта заўзятыя намаганні па прыцягненні работнікаў на выбарчыя ўчасткі, то можна казаць нават не пра скаргу — пра адзін-два ці тры сігналы па ўсёй краіне. Дый то невядома, ці з’яўляюцца гэтыя сігналы сапраўднымі», — заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Як зазначыла Ярмошына, парушэнні на выбарах здараюцца заўсёды, у тым ліку з боку выбарчых камісій, і мінулыя выбары выключэннем не сталі. «Але ёсць парушэнні, што паўплывалі на вынікі выбараў, а ёсць тыя, якія не паўплывалі», — падкрэсліла яна.

Так, на думку Ярмошынай, нельга лічыць парушэннямі, што паўплывалі на вынікі выбараў, выпадкі, калі назіральнікі знаходзіліся на дастаткова вялікай адлегласці ад стала, дзе ішоў падлік бюлетэняў.

«Гэта наогул, шчыра кажучы, не парушэнне. Адзінае — закон гаворыць, што назіральнікам павінна быць дадзена магчымасць назіраць працэдуру падліку.

Аднак гэта ацэначны стан, калі з боку назіральніка гэта можа выглядаць так, а з боку члена выбарчай камісіі — інакш», — зазначыла кіраўнік ЦВК.

Нават калі пагадзіцца з думкай назіральнікаў і палічыць, што яны знаходзіліся далёка і камісія не выканала сваіх абавязкаў, усё роўна «гэтыя і іншыя тэхнічныя парушэнні не ўплываюць на вынікі выбараў», мяркуе Ярмошына.

Пры гэтым яна заўважыла, што незалежныя назіральнікі, якія фіксавалі парушэнні, «нічога не даказвалі».

«Назіральнік падае сваё бачанне карціны, ён жа не ідзе ў суд. Так, ён піша скаргі, і мы накіроўвалі іх на разгляд у акруговыя выбарчыя камісіі», — сказала кіраўнік ЦВК.

Гэтыя назіральнікі, на думку Ярмошынай, «з’яўляюцца ангажаванымі, іх цяжка назваць свабоднымі». «Больш за тое, яны настолькі не свабодныя, што ад паказчыкаў працы, ад колькасці скаргаў і актаў залежыць і сума ўзнагароджання, якое яны потым атрымаюць», — лічыць яна.

Паводле слоў Ярмошынай, «часта назіральнікі стваралі штучныя нагоды для складання акта парушэння».
«Іншым разам яны проста правакавалі ўчастковыя камісіі. Напрыклад, адзін назіральнік запрашаў членаў выбарчай камісіі, каб ён прагаласаваў дома, — ну вось хоча ён у якасці выбаршчыка паглядзець, як ажыццяўляецца галасаванне дома. Да яго прыходзяць дамоў, а ён піша скаргу аб фальсіфікаваных спісах тых, хто прагаласаваў дома», — паведаміла кіраўнік ЦВК.

Апрача таго, зазначыла Ярмошына, ёсць назіральнікі, «якія па-свойму разумеюць закон і мяркуюць, што ім можна ўсё, што не забаронена». «А вось на патрабаванні ў законе, на што назіральнік мае права, яны не звяртаюць увагі», — дадала яна.

«І з таго, і з другога боку — жывыя людзі, — падкрэсліла Ярмошына. — Іншым разам задачы супрацьлеглыя.
Участковыя выбарчыя камісіі імкнуцца любой цаной правесці выбары, каб ім не давялося праз тры месяцы праводзіць паўторныя, бо гэта зусім не салодкая праца, туды не рвуцца — гэта, хутчэй, службовы абавязак, які прымушае выконваць і абавязак грамадскі. З другога ж боку стаіць задача даказаць, што выбары не легітымныя».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?