Следчым камітэтам Беларусі завершана расследаванне крымінальнай справы, распачатай па факце выяўлення блізу вёскі Галубы Валожынскага раёна Мінскай вобласці астанкаў трох зуброў.

Як было ўстаноўлена падчас следства на тэрыторыі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Валожынскі лясгас», 27 студзеня 2012 года праводзіўся паляўнічы тур з удзелам грамадзяніна Расіі. Кіраўніком палявання з’яўляўся егер лясгаса. У паляванні таксама браў удзел яго начальнік — інжынер па паляўнічай гаспадарцы ўстановы. Дзейнічаючы з парушэннем правілаў палявання, тры паляўнічыя з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі наўмысна здабылі трох дарослых самцоў зубра, унесенага ў Чырвоную кнігу, насельнікаў рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкая пушча».

Дзеянні абвінавачаных былі кваліфікаваны на падставе ч. 4 арт. 282 КК
(незаконнае паляванне, незаконная здабыча дзікіх жывёл, від якіх заведама для вінаватых уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, у выніку чаго мела месца нанясенне ўрону асабліва буйным памеры).
[Гэта караецца пазбаўленнем волі тэрмінам да шасці гадоў — НН]

На першапачатковым этапе следства службовыя асобы лесагаспадарчай установы катэгарычна адмаўлялі сваю віну ў наўмысным учыненні злачынства.

У выніку спланаваных і праведзеных па справе следчых дзеянняў было атрымана прызнанне замоўцы паляўнічага тура, які чыстасардэчна раскаяўся ў злачынстве, садзейнічаў следству ў выкрыцці астатніх удзельнікаў злачынства.

Апрача таго, ён у павышаным памеры кампенсаваў нанесены злачынствам урон і заяўленыя іскавыя патрабаванні па справе. Сукупнасць гэтых акалічнасцяў паслужыла падставай для вызвалення абвінавачанага ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем з прызнаннем у яго дзеяннях складу злачынства.

З прычыны таго, што егер лясгаса з’яўляецца асобай, пацярпелай ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у дачыненні да яго прыменены акт амністыі.

Матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да інжынера па паляўнічай гаспадарцы перададзены ў Генеральную пракуратуру для прыняцця рашэння аб накіроўванні ў суд.

Падчас расследавання крымінальнай справы СК накіраваў у Міністэрства лясной гаспадаркі дакладную запіску аб ліквідацыі прычын і ўмоў, што садзейнічалі ўчыненню гэтага злачынства. Паводле вынікаў разгляду запіскі міністэрствам былі праведзены шэраг арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў.

У СК зазначаюць, што да грамадзяніна РФ быў прыменены арт. 88 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?