Калі была ў Егіпце, пазнаёмілася і пасябравала з хлопцам. Мухамед Ахмед завуць.
Вось тут ягоная старонка ў Тваракнізе.
Звярнула ўвагу на яго, калі вельмі паважліва вёў пад лакаток бабулю, якая, у хустцы і нацыянальнай вопратцы, ледзьве перастаўляла ногі, ў рэстаран атэля, дзе адпачывалі і мы, і ягоная сям’я.
Сімпатычны хлопец, высокі, шыракаплечы, твар адкрыты.
Гуляў у дзецьмі маімі ў більярд. А сваіх братоў і сяцёр у яго — 6, і за ўсімі ён наглядаў. А ў яго бацькі — дзве жонкі. Ох, якімі вострымі поглядамі суправаджала яго мачаха еўрапейцаў! Бррр… А бацька, пэўны сябе, сядзеў паміж жонак на вечаровых імпрэзах аніматараў у атэлі.
Маёй ламанай англійскай было дастаткова, каб гаварыць з ім пра гісторыю Егіпта.
Егіпта, які цяпер амаль увесь — засмечаная пустэльня ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
«Мы павінны перабудаваць наш Егіпет! — пісаў ён мне — Зараз іду на сход нашай партыі!».
Прыехаць на вяселле маёй старэйшай дачкі яму перашкодзіла егіпецкая паліцыя: удзельнічаў у закалотах на плошчы Тахрыр. Пастанавілі: выязной візы не даваць!
Кантактуем з Мухамедам у Фэйсбуку.
Ён быў сярод тых, хто абараняў амерыканскае пасольства ад нападаў экстрэмістаў пасля з’яўлення фільму «Цнатлівасць мусульман». Разумееце, абараняў: адбіваўся. Навошта ён гэта рабіў? Бо: «Мадам Наталка, разумееце, мы павінны адбудаваць новы Егіпет!»
Піша мне з нагоды падзей у Сірыі: «Я больш не магу цярпець смярцей дзяцей у Сірыі. Я не магу больш цярпець гэтага гвалту. Што Вы мне параіце?»
Што ж я магу параіць?! «Вы павінны параіцца з кімсьці, хто мае мудрасць і каго Вы паважаеце…»
Халера, ці многа людзей у Беларусі не могуць больш цярпець?
І вось ён дасылае мне музыку, якая яму падабаецца і якая яму дапамагае: Maria Burmaka, Las Ketchup.
Вось і думайце, як неадназначна і як усё пераплецена ў гэтым свеце!