Леаніду Галубовічу

          Я вижу их в сумерках утренних, суровых богов Скандинавии.

          В дыхании воздуха зимнего все едут они на конях.

          К.Бальмонт, "Сьнежныя багі"

          Т.Джэфэрсан

Шляхам палачанаў

Ня буду хітрыць, я ехаў у Нарвэгію з надзеяй дастаць работу, зарабіць грошай і вярнуцца ў межы Радзімы. Але, але… Работы не дастаў, гады лятуць, і я ўсё больш і больш аддаляюся ад той «рэспублічкі эРБэ», якую так неўтаймоўна «любіць» беларускі ўзурпатар. Не бліжэйшая да мяне і Беларусь, якую абяцае пабудаваць беларуская апазыцыя. Аднак, аддаляючыся ад чагосьці, да чагосьці набліжаесься. Я набліжаюся да Нарвэгіі. І чым бліжэй, тым вастрэйшымі робяцца любоўныя зрок, слых, нюх і адчуваньне смаку…

Шлях на Поўнач нарвэскую пачаўся з Поўначы расейскай, ад станцыі Унежма Анескага раёну Архангельскай вобласьці (маецца на ўвазе месца нараджэньня паэты. — «НН»). Потым я працаваў у Карэліі ў 1989—1990 г. — прыгожым паўночным краі, зь якога значна бліжэй да нарвэскага Нордкапу (самы паўночны пункт краіны. — «НН»), чым калі дабірацца зь Менску да Осла празь Нямеччыну і праліў Скагерак. Але менавіта гэтым другім — даўжэйшым — шляхам тры гады назад я і набліжаўся да месца свайго новага побыту.

Штосьці падказвае, што прыкладна такімі шляхамі — праз расейскую Крайнюю Поўнач і паўднёва-ўсходняе ўзьбярэжжа Балтыкі — выходзілі нашы продкі на апэратыўны прастор, здабываючы паўночны забалтыйскі кантынэнт, які потым назавуць Скандынавіяй.

І ў старадаўнія часы — як і сёньня — нас было многа, а вольных і ўрадлівых месцаў — мала, дый тыя занятыя суседзямі і супляменьнікамі. Пастаянныя міжусобіцы зьнясільвалі, і многія князі кідалі ваяваць, ладзілі стругі ды вялі свае дружыны на пошукі новых абсадаў. Чуе мой дух, што белы чалавек трапіў сюды адтуль, ад нас, з Кіеўскай, Паўночнай і Белай Русі (Літвы). З нашых пушчаў прынёс ён у Нарвэгію бадай адзін з галоўных сымбаляў народнай арнамэнталістыкі — васьміканцовую (палескую) зорку, якая сярод усіх іншых найбольш эстэтычна дасканалая.

Мова

Другі год хаджу ў школу для дарослых — вучу нарвэскую. Калі ў настроі — цьвялю настаўнікаў. «O, ja!» — рэагуюць яны на заўвагу, ці ня з нашай мовы прывандраваў іхны «svoger», пакінуўшы на самоце нашага «швагра». У нарвэскай гук «ш» вельмі актыўны, але ў слове «svoger» перайшоў чамусьці ў «s», а ў нашай застаўся. І як гучыць! — швагра, швагер, швагрусь. Затое імя маё маім новым землякам не даецца — шапялявяць. «Шлава».

Самае неймавернае-прарочае ў гэтым тое, што ў маленстве я сам сваё імя не вымаўляў правільна, у мяне таксама «Шлава» атрымлівалася. І вось аднойчы маці парашыла навучыць мяне як сьлед. Быў ясны верасьнёўскі надвячорак, я прыйшоў з пачатковай школы, паеў і мусіў чытаць пропісі. Чытаў нармальна, адно шапялявіў. Засеў на ўласным імечку, ніяк мне гэтае «Слава» не ішло ў вусны. Прасіла мяне маці, прасіла, а потым выхапіла з-за сьпіны вяроўчыну дый перацягнула ёю колькі разоў. Стрэс быў вялікі, боль і крыўда, і тады я нарэшце залямантаваў правільна. Хто тады мог уявіць, што па сарака гадах я сам буду вучыць маіх нарвэскіх настаўнікаў: гаварыце правільна — Slava, Slavamir…

Вяртаемся да тэмы. Слова «Мурманск». Паглядзеўшы на яго нарвэскімі вачыма, убачым, што назва расейскага гораду складаецца з двух нарвэскіх каранёў: «mor» (чытаецца «мур», праз «у», і азначае «маці») і «mann» (чалавек, мужчына). Чаму не ўявіць сабе, што назву гораду далі колішнія нарвэскія паморы, якія марылі пра матчыну зямлю і спадзяваліся ў яе вярнуцца? Так што Мурман — гэта «маці чалавекаў», «людзкая маці».

Сёньня ў Каралеўстве Нарвэгія ёсьць два афіцыйныя варыянты мовы — букмал (літаратурная) і нюнорск (нованарвэская). На радыё і тэлебачаньні гучыць у навінах і мова карэнных жыхароў — саамаў (samisk spеk).

У Будзе (Буд’ё — Бodо. — «НН») верхаводзіць мясцовы дыялект, які істотна адрозьніваецца ад літаратурнага. Бывае, што жыхары Осла мусяць гаварыць па-ангельску, каб зразумець супляменьніка зь якіх-небудзь выспаў на поўначы Нарвэгіі.

З кожнай засвоенай фразай, з нарвэскім словам, якое трывала ўмошчваецца ў спратах памяці побач зь беларускімі, я набліжаюся да народу, сярод якога пакуль жыву. Набліжэньне гэтае бывае іншы раз і прыемным, а часьцей — бянтэжыць і злуе.

Днямі ў школцы настаўніца клімактэрычнага веку дала заданьне напісаць запрашэньне на вечарыну, дзень нараджэньня ці які іншы фэст, пры гэтым трэба ўжыць фантазію. Ну, думаю, чаго-чаго, а фантазіі ў мяне аж занадта. Ну і пішу па-нарвэску: «Мілая дзяўчынка, запрашаю цябе на наша старое месца, дзе аднойчы кароткім зімовым днём мы пазнаёміліся…» Падзываю вучыцельку, прашу правільнасьць будовы сказаў праверыць. Падыходзіць яна, глядзіць і тварыкам, як здалося, цямнее. Аказваецца, так, як я запрашаю, нельга па-нарвэску! Кажу, вы мне граматыку, граматыку гляньце, а як я запрашаю, гэта мая справа. Не, уперлася і цьвердзіць: не разумею, не па-нарвэску… тут я ўжо ўсхадзіўся, плюнуў у душы й перапісаў прыклад з дапаможніка: каб па-нарвэску.

А фантазія, спытаеш ты? Дык вучыцелька мела на ўвазе гатовыя карцінкі, якія трэба было выбраць з прапанаваных кампутарнай праграмай і разьмясьціць на сваім правільным запрашэньні!.. А ты думаў!..

Гэты выпадак — яскравы прыклад зарэглямэнтаванасьці нашай далёкай і добра-такі забытай радні. Як і немцы, нашы родзічы рэглямэнтацыю і любоў да парадку часта даводзяць да абсурду.

Нарвэская «эканомія»

Цывілізацыя прадукуе неймаверную колькасьць гламузды. Мільёны тон лесу й нафтапрадуктаў перарабляюць на ўпакоўку-тару. Рынак: не ўпакуеш — не прадасі! І таму пакуюць. Глядзіш і думаеш: ды во гэтая ўпакоўка больш каштуе, чым тая хрэнь, што ў ёй!.. Зрэшты, і за адно, і за другое плаціць абдзяўбаны рэклямай абывацель.

Нарвэская гаспадыня, каб здаць скарыстаныя плястыкавыя і кардонныя ўпакоўкі, мусіць іх мыць! Калі я праходжу каля чысьценькіх лялечных домікаў і бачу ў вялікіх празрыстых мяхах чыста вымытыя пушкі з-пад маргарыну, шакаляднай пасты, малака, сьмятаны, я ледзь ня ўголас цытую Маякоўскага: «Ешь анансы, рябчиков жуй…»; мне хочацца напісаць заяву ў партыю Лімонава, пабратацца зь леваанархам Ушкіным; я адчуваю сябе членам «Аль-Каіды», і, нарэшце, у мяне перад вачыма паўстаюць менскія дворыкі з разьвешанымі на абшарпаных бальконах поліэтыленавымі мяшэчкамі. Іх памылі беларускія гаспадыні. Не ад добрага жыцьця, а каб зьберагчы лішні рубель і купіць за яго які-ніякі вітамін для сваіх дзяцей.

А што прымушае нарвэскую гаспадыню расходаваць пральную пасту, гарачую ваду й свой вольны час на мыцьцё ўпакоўкі, якая, па задуме невядомых мне нарвэскіх эканамістаў, пойдзе на другасную перапрацоўку? Эканомія? Нежаданьне плаціць пеню камунальнай гаспадарцы? Так. Рэглямэнт, адмысловы парадак? Так. Таму на працягу 2518 км нарвэскай тэрыторыі ад Нордкапу да Ліндснэсу на поўдні нарвэжкі шаруюць на кухнях упакоўку. Абы выкінуць. Каб пацешыць сваё самалюбства. Каб, самі таго ня ведаючы, маляваць карцінку фантастычна пыхлівай цывілізацыйнай паказухі.

Дарагі мой зямляк, грамадзтва, якому больш няма чаго рабіць, як толькі мыць скарыстаную тару, падобна на тых ідэйных партыйцаў, якія перад расстрэлам крычалі ў СССР «Слава Сталіну» і «Хайль Гітлер» у Германіі. Грамадзтва, якое эканоміць на плястыкавых адкідах і ў той жа самы час на той жа самай тэрыторыі тысячамі тон адпраўляе на сьметнік прадукты (хлеб, сыры, малако, мяса, рыбу) падобна… Думай сам, ты таксама паэт… А я адступлю ўбок і прыгадаю майго тут суседа, чачэна, які заходзіць да мяне ў госьці, каб сказаць іншы раз: эх, беларус, каб нас было 10 мільёнаў!.. І дадае: вайна, Трэцяя сусьветная вайна цывілізацый, даўно ідзе. Я ведаю, кажу. Больш за тое, я нават ведаю месца, дзе ляжаць прычыны гэтай вайны…

Апоўначы мы з суседам сядаем на ровары і едзем за краму «Rema-1000». Трэба зрабіць прадуктовыя запасы на наступны тыдзень. Сусед чакае трэцяга нашчадка, я хачу нарэшце купіць кампутар, каб пісаць гэты тэкст клявішамі. Мы эканомім. Людзі — вялікія эканамісты. На чужым глупстве эканоміць асабліва прыемна.

Бульба і ашчаднасьць

Заходжу ў нарвэскі прадмаг купіць якую кілю цукру, то абавязкова падыходжу да аддзелу садавіны-гародніны. Калі любуюся на нарвэскую бульбачку, часта сіненькую, як цела вісельніка, і памерам з кулачок немаўляці, мне робіцца страшна весела, я адчуваю сябе паслом вялікай нацыі, Бульбашом зь вялікай літары, і зьдзекліва думаю: эх вы, радня, прамянялі нашы пушчы на скалу й гэтыя земляныя арэхі!.. Як творца літаратуры факту, зазначаю, што ёсьць у нарвэскіх крамах, ёсьць і бульбачка, падобная на нашу. З кантынэнтальнай Эўропы — кожны клубеньчык загорнуты ў фольгу. Імпартны варыянт для рассыцелых бюргераў. Такі ўпакаваны прадукт хочацца шпурляць, як лімонкі, расьсейваючы шыхты аматараў рэглямэнту й парадку.

Што варта ведаць пра нарвэскія публічныя месцы? У маім мястэчку рэстаранаў і кавярань толькі ў цэнтры можна налічыць штук дваццаць. У пятніцу й суботу тутэйшы люд ідзе ў бары і таўчэцца там да трэцяй ночы; і п’е — гарэлку, віно, піва. Закускі амаль ніякай. Зрэдку нехта возьме якіх арэшкаў, і ўсё! Таму нарвэжцы і напіваюцца нават півам, а калі яшчэ булькнуць сто гарэлкі… Я разумею, што перад паходам у бар нарвэжац добра паеў дома. І ўсё ж… З настальгіяй успамінаю ня толькі нашу самагонку, але і менскія бутэрброды, і каронны закусон віленскіх піўніц — сьвіныя вушы…

Год назад у Нарвэгіі забаранілі дыміць у барах. Цяпер аматары піўца вымушаны цягацца на вуліцу, каб пусьціць дым пасьля глытка піва. Для суровых памораў гэта суровы закон. Але закон, і грамадзяне яго выконваюць — дружна паляць перад уваходамі ў бары пры любым надвор’і.

Што Нарвэгія дзеліць зь Японіяй першае месца па ўзроўні жыцьця і, адпаведна, па дарагоўлі, нам вядома. Але ёсьць такая драбяза жыцьця, назіраючы за якой, бачыш не рэклямную карціну, а самую рэальную. У Осла быў уражаны, калі ўбачыў, як маладая нарвэжка, упусьціўшы цыгарэту на асфальт, пасьпяшалася падняць яе. Падумаў: во якая негідлівая… І сьпісаў яе паводзіны на аўтаматызм: чалавек проста памкнуўся па сваю рэч. Аднак за тры гады жыцьця ў Нарвэгіі я ня раз бачыў падобныя ўкленчваньні. Або як за кубкам кавы ці піва паважныя з выгляду кабеты бычкуюць самакруткі й хаваюць у рыдыкюлі, каб ужо ў іншым месцы дастаць і дакурыць «бычок». Такую нарвэскую «ашчаднасьць» цяжка ўвязаць зь сёньняшнім нарвэскім багатырствам. Хіба што мне на вочы трапляюцца сапраўды бедныя нарвэжцы, вымушаныя эканоміць на недапалках?

Між тым, гісторыя Нарвэгіі аж да адшуканьня нафты ў 1960-я гады — гісторыя барацьбы з морам, скалой і нястачай. Суровая прырода сфармавала нарвэскі характар — вонкава спакойны і ўпарты. Але не вытрымлівалі нават нашчадкі вікінгаў — яшчэ 100—150 гадоў таму яны масава пакідалі Нарвэгію і плылі ў ЗША, Канаду… Гнаў голад.

Як жылося да нафты, сьведчаць творы нарвэскай літаратуры, музыкі, жывапісу… Пачытай Ібсэна, Гамсуна!.. Паслухай неўміручага Эдварда Грыга!.. А жывапіс Эдварда Мунка — добра вядомыя карціны «Крык», «Мадонна», «Хворае дзіця», «Танец жыцьця»… Гэтыя і іншыя нарвэскія аўтары адлюстроўвалі суровае і часта глыбока самотнае, адзінокае існаваньне нашчадкаў гераічных вікінгаў. Дык ці не генэтычная памяць нагадвае сёньняшнім нарвэжцам майго веку, што ўсё ж трэба быць ашчаднымі?

Зрэшты, камусьці гены не даюць запанець, а камусь роскаш сраку дзярэ. Таму, як я ўжо згадваў, побач з эканоміяй багатае грамадзтва дазваляе й неймаверныя траты…

Культ канечнасьцяў цела

Тры гады на чужыне мне патлумачылі, што схавана ў выказваньні «Што для расейца добра, тое для немца сьмерць». У нарвэжцах, і ў немцах modus vivendi прыкладна той самы. Нарвэжац па-іншаму любіць сябе. Я сказаў бы, ён, родзіч наш, любіць сябе як намесьніка бога на зямлі (пры гэтым ён не сьпяшаецца ў лютэранскую царкву). Гэта мы ўсё яшчэ па савецкай завядзёнцы любім рэчы, якія зь неймавернымі цяжкасьцямі даставалі па блаце альбо пераплачваючы… Абыякавыя адносіны да сябе загартавалі нас. Няма лепшай фізычнай нагрузкі, чым стаяньне ў чарзе. Вось чаму нашы гараджане — людзі падцягнутыя. Стройныя і прыгожыя. Праўда, з адвечным сумам у вачах.

У сытым грамадзтве свае беды. Любоў да ўласнага цела і тоўсты кашалёк абарочваюцца тоўстым пузам. І калі на табе вісіць кіляў сто лішняй вагі і ты ня можаш ня тое што да бліжэйшай гары, але нават да бліжэйшага скрыжаваньня дабрацца без дапамогі аўтамабіля, то якая табе радасьць ад таго, што жывеш ты ў адной з найбагацейшых і найпрыгажэйшых краін сьвету?

Аднойчы вяртаўся з гор пад Гарынгоем. Быў палярны дзень (чэрвень), сонейка паблісквала з-за хрыбтоў, птушкі сьпявалі, зязюля кувала. Настрой быў добры. Яго не магло сапсаваць нават тое, што пэдаль у маім транспарце пачала адвальвацца. Я ведаў: у любым двары мне дапамогуць. Так і выйшла: спыніўся каля кампаніі нарвэжцаў, якія ладзілі барбэкю. Народ быў на добрым падпітку. Але мяне не даставалі пытаньнямі тыпу «Ты мяне паважаеш?». Далі ключ, я падцягнуў, дзе трэба. Потым налілі крыху тутэйшай самагонкі і адсыпалі тытуню на закрутку. Я падкінуў камплімэнтаў нарвэскім гарам. І тут адзін з гасьцей начнога застольля заўважыў, што на мне мокрыя шкарпэткі, і папрасіў гаспадара прынесьці сухія. Мяне настойліва ўгаворвалі пераапрануцца, я не пярэчыў. Стала значна лепш. І я паехаў сабе далей з думкаю, што сярод людзей, якія перажываюць за твае сырыя канечнасьці, напэўна, можна і жыць сёньня, і быць пэўным у дні заўтрашнім.

Незаўважны міністар, турма і царква

Не магу не згадаць сустрэчу зь міністрам замежных спраў Нарвэгіі Янам Пэтэрсэнам. Інфармацыю аб прыезьдзе «правага» міністра знайшоў у газэце, удакладняць месца ня стаў. Хочаш вер, хочаш не, але я быў пэўны, што зьяўленьне міністра заўважу па мітусьні паліцэйскіх. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі ўбачыў яго ў атачэньні некалькіх аднапартыйцаў. І ўсё, ніякай паліцыі, ніякіх у цывільным! Ніхто на міністра не зьвяртаў увагі, толькі пара пэнсіянэраў азірнулася ўсьлед, пазнаўшы дзяржаўнага чалавека.

Сустрэча партыйцаў адбылася на вольным паветры, на моле, які аддзяляе адкрытую ваду ад бухты. На сталах было віно белае, чырвонае і чырвоныя ж рачкі, крэвэткі, на якіх я два гады лавіў нарвэскую траску й селядцоў.

Пасьля прамовы міністра набраўся дэмакратычнай сьмеласьці і я — прывітаў прысутных ад імя беларускіх правых (што праўда, віртуальных, але пра гэта я прамаўчаў) і ўручыў галоўнаму прамоўцу свой «Турэмны дзёньнік».

Ва ўсёй гэтай гістарычнай сустрэчы з крывой усьмешкай згадваю сваё чаканьне нарвэскіх мянтоў.

Дарэчы, мая трэцяя кватэра знаходзіцца ў цэнтры гораду, мэтраў за 300 ад турмы. Пазнаць астрог можна па калючай агароджы, сам жа двухпавярховы цагляны будынак падобны, хутчэй, на дыхтоўную школку ці дом адпачынку. Кажуць, што некаторыя грамадзяне з нашых старон ня супраць, каб у іхнюю турму сесьці: усе выгоды, і грошы на рахунак ідуць, калі працуеш. Ня ведаю, ня быў… Затое сядзіць у нашым пансіянаце малады араб, які летась напаў з пажарнай сякеркай на пілётаў самалёта, што ляцеў у нашу Буду. Самалёт неяк пасадзілі, адзін пілёт крыху пацярпеў. А ў мінулым верасьні ў аэрапорце нашым ізноў быў шухер — дзьве гадзіны шукалі бомбу, каля двухсот чалавек эвакуявалі. Не знайшлі ні бомбы, ні таго, хто пазваніў з тэлефона-аўтамата.

Нарвэжская царква — пратэстанцкая. Нарвэсцы да веры адносяцца строга — паміж сабой і богам ня церпяць лішніцы. Асаблівых убораў у храмах няма, але лавы і арганы ёсьць. Сьвятарамі могуць быць і жанчыны, і ня толькі — у Будзе нарвэская дэмакратыя ступіла найдалей: саборную царкву ўзначаліў гамафіл.

Самы вялікі й прыгожы сабор знаходзіцца ў колішнім Нідарасе (цяпер — Трандхэйм) і мае 102 м удоўжкі і 50 м ушыркі. Тут карануюцца каралі. У 1991-м тут дабраславілі на караляваньне дзейнага сёньня караля Харальда і каралеву Соню, якія маюць дачку — прынцэсу Марту Луізу і сына — крон-прынца Хаакона, які і павінен пераняць каралеўскую ўладу, цяпер аднак нефункцыянальную, умоўную…

Дзяржава для нацыі

Летам пазнаёміўся я з настаўнікам Бэнам. У разводзе ён, мае трох дачок, якія, паводле тутэйшых правілаў, жывуць тыдзень у мамы, тыдзень у бацькі. І так да паўналецьця.

На ўроках Бэн расказвае пра плюсы й мінусы нарвэскай дэмакратыі; што першая асфальтаваная вуліца зьявілася ў Будзе ў 1962-м, а чыгунка праведзена яшчэ пазьней; што дзеці маюць сур’ёзную падтрымку дзяржавы, і бацькі ня маюць права іх біць, таму здараецца, што ўгневаныя падлеткі здаюць продкаў у паліцыю, як той Паўлік Марозаў. Няправільных нарвэскіх бацькоў, праўда, не зьнішчаюць, але пасадзіць могуць.

Пісаць, мой дружа, магу я пра Нарвэгію яшчэ многа. Але галоўнае — хачу, каб ты ведаў: наша далёкая радня любіць ня толькі сябе, але й сваіх блізкіх, свой горад, грамадзтва і сваю дзяржаву — як гняздо, якое яны ўмошчвалі, ураблялі, рабілі прыдатным для жыцьця доўгія-доўгія стагодзьдзі. Вось мінулыя чатыры гады Нарвэгіяй кіраваў правы ўрад, 12 верасьня сёлета грамадзяне абралі чырвона-зялёны Стортынг, і ўжо лідэр Рабочай партыі (Енс Столтэнбэрг. — «НН») наступныя чатыры гады будзе фармаваць унутраную і замежную палітыку Нарвэгіі. Усё нармальна. Цяпер нарвэжцы будуць чакаць зьніжэньня стаўкі падаходнага падатку, пашырэньня іншых сацыяльных ільгот…

Нарвэгія — дзяржава нарвэскай нацыі; дзяржава паважае сваё грамадзтва, а гэтае апошняе прымае і выконвае законы і правілы дзяржавы. Яна, наша далёкая забытая радня, сотні гадоў назад пакінулі нас, каб здабыць дзяржаву для сябе. І здабылі. І цяпер над самым глухім хутарам, над самай далёкай і высакагорнай нарвэскай дарогай палошчацца нарвэскі сьцяг — цёмна-сіні крыж зь белым кантам на чырвоным полі.

* * *

Калі я хачу да людзей, я іду ў наш шкляны дом (Glasshuset) — комплекс крамаў са шкляной скразной галерэяй, утульнае месца для сустрэч і адпачынку. Там я сустракаюся зь мясцовымі забулдыгамі, маімі даўнімі знаёмымі, зь якімі я ўпершыню сутыкнуўся ў адным з гарадзкіх начных дамоў, дзе кантаваўся некалькі дзён пасьля шпіталю. Я шчыра рады за гэтых п’янтосаў: тут яны ніколі ня будуць на вуліцы, не застануцца бяз кроны на тытунь і піва, ня будуць сядзець з працягнутай рукой…

Калі я адчуваю, што думкі пра радзіму зноў заганяюць мяне ў кут, і канчаюцца вершы, і ня хочацца бачыць людзей, — я іду ў горы. А калі вяртаюся, у мяне прачынаецца даўняя, яшчэ зь дзіцячых гадоў, страсьць да прыбіраньня, навядзеньня, як той казаў, належнага парадку. Я пачынаю з падаконьня і раптам разумею, што я памяняў ня проста падзол Радзімы на скалу Нарвэгіі — я памяняў нават пыл. Вось ён, пыл нованабытага краю: іскрыцца на пальцы бліскаўкамі горнай сьлюды, абсалютна непадобны на пыл Беларусі. Новы пыл я хутка сьціраю з падаконьня, але глыбока ўва мне хаваецца няспраўджанае жаданьне — прыбраць стары, цяжкі, тлусты, уедлівы і ўсёпранікальны пыл у маім доме — у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?