Такі артыкул павінен быў зьявіцца, і ён зьявіўся. Ужо ў загалоўку Джонатан Стыл , аўтар брытанскай The Guardian , кідае камень у бок Захаду: «Эўропа і ЗША вызначыліся зь пераможцам яшчэ да галасаваньня». Палітыка ў Беларусі будзе вымушаная падпарадкавацца эканоміцы — а яна ў цудоўным стане, робіць выснову Стыл, грунтуючыся на справаздачы Міжнароднага валютнага фонду, выдадзенай у чэрвені 2005 г. «Няўжо вы чакаеце, што эўрапейскі лідэр, падчас кіраваньня якога на працягу некалькіх апошніх год няўхільна расьлі рэальныя прыбыткі насельніцтва, у тым ліку на 24% за апошнія 12 месяцаў, ня будзе абраны зноў? А калі ён яшчэ і зьменшыў ПДВ, утаймаваў інфляцыю, зьменшыў напалову колькасьць жабракоў і пазьбег сацыяльнай напружанасьці, захаваўшы самую чэсную сыстэму разьмеркаваньня прыбыткаў сярод краінаў рэгіёну? — піша аўтар The Guardian. — Дзеля чаго тады гэтае крэшчэнда заяваў заходніх урадаў, якія рэхам адбіваюцца ў заходніх мэдыях, што прыводзіць да аднабаковага асьвятленьня падзеяў у адной з самых маленькіх краінаў Эўропы?»
У 1996 г. Стыл быў назіральнікам за правядзеньнем рэфэрэндуму ад Эўрапейскага інстытуту мэдыяў. Тады ён прызнаў, што выбарчая атмасфэра ў Беларусі ні свабодная, ні справядлівая. «Я ня быў у Беларусі ўжо 10 год, — прызнаецца аўтар, — але мясцовыя жыхары, зь якімі я размаўляю па тэлефоне, а таксама замежнікі, перадаюць, што большасьць людзей задаволеная сваім узроўнем жыцьця».
Аўтар адзначае: «Лукашэнка, натуральна, зусім не лібэрал». Аднак, мяркуе Стыл, насуперак сьцьвярджэньням, што рэпрэсіі Лукашэнкі стварылі «інфармацыйную чорную дзірку», выбар навінаў больш шырокі, чым у 1996 г. «У той час як Расея амаль ня ўмешваецца ў хаду перадвыбарчай кампаніі, Эўропа і ЗША ўпампоўваюць у Беларусь грошы». Мікраскапічных цэнаў на расейскі газ і мільённых крэдытаў аўтар не заўважае. «Калі заходнія мэдыі, нягледзячы на іх хвалёную аб’ектыўнасьць ды шматгадовы дэмакратычны досьвед, вузка і тэндэнцыйна асьвятляюць падзеі ў Беларусі, гэта кажа пра многае», — робіць выснову Джонатан Стыл.
Сцэнар для экспэрымэнту
Аўстрыйская Der Standard зьмяшчае артыкул «Не хапае дэмакратычнага досьведу». «Палітолягі не сумняваюцца ў перамозе Аляксандра Лукашэнкі — нават пры адсутнасьці маніпуляцыяў», — піша выданьне.
У артыкуле аналізуецца дасьледчыцкі праект Інстытуту Дунайскай прасторы і Сярэднай Эўропы, прадстаўлены ў Вене 8 сакавіка. Аўтары дасьледаваньня, Ганс-Георг Гайнрых, палітоляг і экспэрт у пытаньнях Расеі, а таксама расейскі палітоляг Людміла Лобава, тлумачаць сваю думку чатырма фактарамі. Спрыяльнае эканамічнае становішча ў краіне, кантроль над мэдыямі, адсутнасьць уладнай альтэрнатывы прэзыдэнцкаму апарату, а таксама адсутнасьць уласнага эканамічнага базісу ў апазыцыі. Многія беларусы прагаласуюць за Лукашэнку, бо ім жывецца лепей, чым жыхарам іншых былых краінаў СССР. Акрамя гэтага, ім бракуе дэмакратычнага досьведу.
«Беларусь — гэта экспэрымэнт, — кажа Гайнрых, — які функцыянуе, нягледзячы на палітыку ізаляцыі». Пытаньне толькі ў тым, як доўга ён будзе працягвацца.
Рэвалюцыі пасьля выбараў чакаць не абавязкова, хаця, як кажа Лобава, «усё магчыма». Наступным крокам дасьледчыкаў будзе праца над распрацоўкай разнастайных сцэнароў разьвіцьця Беларусі. Працу мяркуецца скончыць у чэрвені 2008 г.
Страляніна ў Менску
«Хваля страху ўздымаецца ў Беларусі», — піша аўтар брытанскай The Times Джэрэмі Пэйдж. Пачатак артыкулу – як у тым баевіку: «Агент дзяржбясьпекі не назваў свайго імя, ён без папярэджаньня адкрыў агонь па машыне Юр’я Радзівіла ў цэнтры Менску... Апазыцыйныя актывісты ў былой савецкай рэспубліцы Беларусі, якую Захад называе апошняй дыктатурай Эўропы, звыклыя да запужваньняў, зьбіцьцяў ды затрыманьняў. Але нават яны былі шакаваныя дзеяньнямі агента».
Аўтар заўважае, што, у адрозьненьне ад мінулых выбараў, гэтым разам Захад пакінуў усе спробы захаваць бесстароннасьць і адкрыта заклікае беларускі народ сказаць Лукашэнку «не». «Расейскі прэзыдэнт Пуцін адчайна спрабуе не дазволіць яшчэ адной рэспубліцы павярнуцца сьпінай да Масквы, — піша журналіст. — Зноў выбары ў абшарах былога Савецкага Саюзу ператвараюцца ў завочную бітву паміж Расеяй ды Захадам».
Свабода пад псэўданімам
«Покліч «Свабоду!» робіцца ўсё больш гучным», — піша аўстрыйская Wiener Zeitung.
«З транспарантамі сюды прыходзяць вельмі рэдка. Людзі занадта баяцца затрыманьняў ці гвалтоўнага разгону сходу. Разам з тым паслухаць Аляксандра Мілінкевіча зьбіраюцца тысячы. У артыкуле «Радыёхвалі супраць менскага рэжыму», зьмешчаным у рубрыцы «Пераход празь мяжу», карэспандэнтка газэты Марына Чарноўска аналізуе стан з новымі мэдыйнымі праектамі для Беларусі. У цэнтры артыкулу — адноўленае радыё «Рацыя».
«Для Міколы Маркевіча няма праблемы назваць сваё прозьвішча. Чаго ня скажаш пра многіх ягоных калегаў, — піша журналістка. — Усе яны — журналісты і працуюць для адной радыёстанцыі. Але Маркевіч сядзіць у студыі ў Польшчы, а ягоныя калегі знаходзяцца ў Беларусі. На польскай тэрыторыі беларускі ўрад ня можа ўплываць на асьвятленьне падзеяў. Але ўскладніць жыцьцё карэспандэнтаў, якія працуюць для радыёстанцыі зь Беларусі, — нескладана. Таму большасьць зь іх выкарыстоўвае псэўданімы».
Карэспандэнтка характарызуе Польшчу як найбольш актыўнага памочніка Беларусі, у тым ліку ў мэдыйным сэктары. Эўразьвяз ад яе адстае. «Толькі пасьля доўгіх ваганьняў Эўракамісія адважылася зрабіць мэдыяльны ўнёсак у патэнцыйную дэмакратызацыю Беларусі», — кажа журналістка, маючы на ўвазе 2 млн эўра, выдзеленыя нямецкай агенцыі Media Consulta на арганізацыю тэлевяшчаньня на Беларусь.
Вера прэм’ера
The Washington Post зьмяшчае пранікнёны і поўны сымпатыі да беларусаў тэкст Мікулаша Дзурынды, прэм’ер-міністра Славаччыны. «У нядзелю людзі Беларусі будуць абіраць новага прэзыдэнта, — піша ён. — Я ўпэўнены, што ў гэтыя выходныя людзі Беларусі паўстануць перад выбарам паміж палітычнай цемрай і сьвятлом свабоды». Аўтар верыць у перамогу дэмакратыі: «Ніхто і нішто ня ў стане супраціўляцца гістарычным сілам, прыведзеным у рух імкненьнем людзей да свабоды». «Што надае мне надзею на людзей Беларусі? Такія самыя сьвечкі, якія гарэлі на плошчы ў Братыславе, цяпер блішчаць у вокнах менскіх кватэраў і ў вясковых хатках. Усё зводзіцца да невытлумачальнай жывучасьці гэтых маленькіх агеньчыкаў. І менавіта так, урэшце, цемра будзе канчаткова пераможаная, а страх забыты».
Рэпартаж з андэрграўнду
Брытанская Independent зьмяшчае вялікі рэпартаж Эндру Осбарна пра «Свабодны тэатар». «У па-спартанску абстаўленай кватэры, у Беларусі, краіне, якую Амэрыка называе апошняй дыктатурай Эўропы, сем таленавітых маладых актораў і акторак рызыкуюць згубіць працу, здароўе і свабоду — для таго, каб правесьці рэпэтыцыю новай п’есы. Так журналіст апісвае працу актораў над новай пастаноўкай пад назвай «Белівуд», галоўны герой якой, малады беларус, пакутуе ад «галасоў», і, урэшце, памірае.
«Гэта трапная і дэпрэсіўная мэтафара для сёньняшняй Беларусі, якая знаходзіцца недзе паміж Оруэлаўскім «1984» ды Савецкім Саюзам 50-х гадоў». «Калі мастацтва сапраўды імітуе жыцьцё і калі андэрграўндны тэатар у Беларусі — гэта мікракосм грамадзтва, то гэтыя знакі не даюць падставаў для радасьці».
Уражвае разнастайнасьць матэрыялаў пра Беларусь. Калі раней кожны артыкул успрымаўся як маленькі цуд, дык цяпер ужо можна выбіраць што пацікавей. Найбольшае задавальненьне атрымліваеш ад артыкулаў, напісаных заходнімі журналістамі, якія прыяжджаюць у Беларусь у доўгія камандзіроўкі (а такія зьяўляюцца ўсё часьцей). Іх матэрыялы — ужо не адпіскі, на хуткую руку скляпаныя з паведамленьняў інфармацыйных агенцыяў.
Цікава заўважаць, зь якой цяжкасьцю многія з журналістаў, якія прайшлі праз «заглыбленьне ў Беларусь», стрымліваюць асабістыя эмоцыі ў сваіх тэкстах. Тое, што такія пазыцыі пачалі афармляцца, як і тое, што некаторыя аналітыкі спрабуюць пераасэнсаваць стандартныя падыходы да рэжыму — добры знак. Захад праглынуў беларускую пігулку.