Міністэрства замежных справаў Беларусі заяўляе, што намаганні краіны і Захаду павінны быць сканцэнтраваны на правядзенні перамоваў.
Яны, са словаў прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных, дадуць магчымасць вырашыць супярэчнасці паміж афіцыйным Мінскам і заходнімі краінамі, нягледзячы на наяўныя праблемы.

«Спіс прэтэнзій ёсць у абодвух бакоў. Але справа не ў гэтым, а ў тым, што вырашыць іх можна толькі за сталом перамоваў і ў рамках канструктыўнага ўзаемадзеяння. Мяркую, менавіта на гэтым і трэба сканцэнтраваць нашу ўвагу», — заявіў на брыфінгу ў чацвер ў Мінску начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Савіных акцэнтаваў увагу на праблеме правоў чалавека. Гэтая тэма выкарыстоўваецца Захадам для ціску на краіны ў сваіх палітычных і эканамічных інтарэсах, заявіў Савіных.
«У гэтым кантэксце суб’ектыўнасць меркаванняў еўрапейскіх краін відавочная і выклікае сур’ёзныя праблемы», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, «па-другое, сістэмнай праблемай з’яўляюцца адрозненні ў падыходах да развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі». Ён прызнаў важнасць грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі, але заклікаюць Захад не прыспешваць з гэтым.

«Мы цалкам сыходзімся з ЕС у разуменні неабходнасці фарміравання паўнавартай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных традыцый, — сказаў прэсавы сакратар МЗС. — Мы добра бачым, што на гэта патрабуецца час і спрыяльнае грамадскае асяроддзе, заснаванае на даверы і гарманізацыі інтарэсаў асноўных сацыяльных груп.
Менавіта такім чынам гэты працэс працякаў ў краінах Захаду», — падкрэсліў Андрэй Савіных.

Ён выказаў страхі, што паскарэнне дэмакратызацыі прывядзе да рэвалюцыйных перамен.

Паводле ягоных словаў, заходнія палітычныя колы патрабуюць ўвядзення гэтых стандартаў адразу, у адзін момант, дадаў Андрэй Савіных, «ігнаруючы эканамічныя і сацыяльныя ўзрушэнні і дыспрапорцыі, якія непазбежна паўстануць, калі гэты працэс будзе штучна паскораны».

Савіных спасылаўся на «вопыт многіх краін» і даказваў, што «штучныя сацыяльныя эксперыменты ніколі не прыводзілі да станоўчых вынікаў». Савіных сцвярджае, што гэты тэзіс цалкам прызнаюць заходнія акадэмічныя колы, але «замоўчваюць або зашумліваюць заходнія палітыкі».

Адначасова Савіных у чарговы раз абрынуўся з рэзкай крытыкай на Польшчу і Швецыю — краіны, якія прыдумалі «Усходняе партнёрства» і шмат у чым вызначаюць палітыку ЕС ва Усходняй Еўропе.
Швецыя папала пад раздачу за раскідванне над Мінскам плюшавых мядзведзікаў з заклікамі да свабоды. А Польшча — за палітыку, якая фармуе «неспрыяльны клімат» у двухбаковых адносінах.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?