Канцэрт «Бяседы» адбыўся на свята Пакроваў. У гэты цёплы дзень адчуванне свята сапраўды прысутнічала. Добры настрой падтрымаў і нечаканы сюрпрыз: на сцэну Палаца Рэспублікі выйшаў міністр культуры Павел Латушка, зачытаў вітанне ад прэзідэнта юбіляру — Леаніду Захлеўнаму, мастацкаму кіраўніку ансамбля і кампазітару.

Потым быў сам канцэрт, сустрэча з родным словам, з роднай песняй. Але трэба адразу зазначыць: першая палова яго прайшла з вельмі кепскім гукам.
Альбо гукарэжысёра наогул не было, альбо ён невядома чым займаўся. Мабыць, таксама святкаваў юбілей кіраўніка ансамбля. Нават у партэры пачуць звонкія і выразныя галасы вакалістаў было немагчыма. Гук быў глухім, інструменты забівалі жывыя галасы. Калі параўнаць з канцэртам гэтага ж гурту 28 снежня ў ДК Трактарнага завода, то тады гучанне было якасным і выразным. З гукам справа наладзіліся толькі пасля антракту. Але сюрпрызы працягваліся.
Пытанне, хто адказны за касцюмы для вакалістаў і музыкаў, не пакідала ўвесь час. Асабліва пасля чарговага пераапранання музыкаў. Як можна выйсці на сцэну ў такім выглядзе? Касцюмы бліскучыя, пашытыя з тканін усіх колераў вясёлкі.
Адным словам, нейкая бязглуздзіца ў стылі «чым горш — тым лепш». Такімі касцюмамі «Бяседа» ставіць сябе на адну дошку з найгоршымі прыкладамі расійскага кічу Бабкінай і Кадышавай. Пытанне адно: навошта? Каму гэта патрэбна? Гледачам? Сумняюся.
Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся. У другім блоку канцэрта гучалі расійскія песні — тры ці чатыры. Ізноў, скажыце, калі ласка, навошта?
Мабыць, «Бяседа» хоча скласці канкурэнцыю расійскім бабкам. Ёсць жа дурны прыклад ВІА «Сябры», якія адмовіліся ад роднай мовы і спяваюць расійскую папсу найгоршага кшталту.

Ідучы на канцэрт гурту, яго прыхільнікі спадзяюцца на сустрэчу з роднай сакавітай мовай, якую зрэдку можна пачуць у сталіцы. Мае госці — расійцы, украінцы — заўсёды пытаюцца, чаму абвесткі, рэклама на расійскай. Як ім патлумачыць?

Вельмі не спадабалася, што асноўная валалістка гурту Святлана Суседчык аказалася неяк збоку.
Па ўсім відаць, на ролю першай вакалісткі абраная Таццяна Лазоўская. І гэта здзіўляе. Ці той у яе ўзровень, каб быць лідарам гурту?
На ўздыме адпрацаваў увесь канцэрт Валянцін Курыленка.
Яму прызначалася большая частка кветак. Словаў удзячнасці заслугоўваюць і іншыя музыкі, якія добра і якасна робяць сваю справу.
Вельмі моцным было завяршэнне канцэрта: ужо традыцыйную «Аглаблёвую» зала спявала разам і стоячы.
Апладысменты здаваліся бясконцымі. Хто яшчэ з сучасных беларускіх музыкаў здольны ўзняць залу? Віктар Шалкевіч? Зміцер Вайцюшкевіч? Надзея Мікуліч? Ёсць сумневы… Адным словам, відавочных канкурэнтаў у «Бяседы» пакуль няма.

Але засталося нямала пытанняў да гэтага канцэрта. Чаму тэлебачанне не здымае канцэрты «Бяседы»?

Чаму нельга прыдбаць кампакт-дыскі, DVD перад канцэртам?
Было дзіўна не бачыць на сцэне людзей, якія працавалі з часоў заснавання гурту?

У канцы лютаўскага канцэрта ў ДК Трактарнага завода Л.Захлеўны сказаў словы, з якімі нельга не пагадзіцца: «Раней былі «Песняры», а цяпер — «Бяседа».

Але

музыкі не павінныя забываць, што свой ўзровень трэба пацвярджаць кожны раз, інакш ад шчырага захаплення не застанецца анічога.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?