33-гадовы жыхар Гродна, кіруючы аўтамабілем «Мерседэс», трапіў вечарам 17 кастрычніка ў ДТЗ. У яго машыне была пасажырка на вялікім тэрміне цяжарнасці.
Як паведамілі ва ўпраўленні ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама, кіроўца «Мерседэса» выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся спачатку з «Джэтай», а затым з «БМВ».

Сведкі сцвярджаюць, што і кіроўца і пасажырка «Мерседэса» знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Акрамя таго, жанчына на месцы ДТЗ аказалася без абутку, з раскудлачанымі валасамі і ўся падрапаная.

З траўмамі вадзіцеля іншамаркі адвезлі ў абласную бальніцу, а яго пасажырку — у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Ад аказання дапамогі мужчына адмовіўся, з лячэбнай установы ўцёк. Пасля адправіўся за сваёй спадарожніцай і выкраў яе з бальніцы.

Пару, якая прагульвалася па начным горадзе, затрымалі супрацоўнікі ДАІ, яны адвезлі жанчыну ў бальніцу. У выніку ДТЗ яна атрымала пералом ключыцы. Колькасць этылавага спірту ў выдыханым паветры кіроўцы «Мерседэса» склала больш чым 2 праміле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?