Падчас працы па арганізацыі эканамічнай бяспекі дзяржавы і спыненні злачынстваў, скіраваных на ўшчамленне законных правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі затрыманы адзін з каардынатараў фінансавай піраміды «МММ-2011», які хаваўся ад крымінальнага пераследу.
Пра гэта паведамілі ў цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ.

Затрыманаму выстаўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

Падчас расследавання крымінальнай справы аб незаконнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі фінансавай піраміды «МММ-2011», якая распачата КДБ і якую расследуе Следчы камітэт, устаноўлена датычнасць затрыманага да ажыццяўлення незаконных фінансавых аперацый і завалодання грашовымі сродкамі беларускіх грамадзян шляхам падману.

ЦІГС КДБ нагадвае, што каардынатар фінансавай піраміды і іншыя асобы, дзейнічаючы ад імя не зарэгістраванай у падатковых органах і органах мясцовай выканаўчай улады арганізацыі «МММ-2011», ажыццяўлялі на тэрыторыі Беларусі дзейнасць па прыёме ўкладаў і ставак на выйгрыш ад насельніцтва. Выплата працэнтаў па ўкладах або вяртанне ўкладзеных грашовых сродкаў з улікам агаворанага ўзнагароджання (выйгрышу) ажыццяўлялася членамі групы за кошт прыцягнення новых укладаў (ставак) грамадзян, якія наўмысна ўводзіліся ў зман адносна законнасці і эканамічнай мэтазгоднасці ўчынення такіх аперацый.

У выніку незаконнай дзейнасці кампаніі «МММ-2011» у фінансавыя махінацыі апынуліся ўцягнутымі некалькі тысяч грамадзян Беларусі.
Асноўны кантынгент удзельнікаў фінансавай піраміды склалі маладыя людзі 1985–1990 гадоў нараджэння, незнаёмыя з дзейнасцю «МММ» пачатку 1990-х гадоў і яе негатыўнымі наступствамі для мільёнаў грамадзян.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі яшчэ раз звяртае ўвагу грамадзян на незаконнасць ажыццяўлення любых укладных грашовых аперацый з не зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку арганізацыямі, пад шыльдай якіх могуць дзейнічаць фінансавыя піраміды.

Супрацоўнікі мінскага офіса «МММ-2011» былі затрыманы спецслужбамі 16 сакавіка. У дачыненні да іх КДБ распачаў справу на падставе ч. 3 арт. 233 КК. Расследаванне было перададзена ў Следчы камітэт.

На сустрэчы з журналістамі 27 красавіка старшыня Следчага камітэта Валерый Вакульчык паведаміў, што ўрон ад дзейнасці «МММ-2011» у Беларусі ацэньваецца ў 800 млн. рублёў. Паводле яго слоў, па справе праходзяць пяць чалавек, яны знаходзяцца пад вартай. Фігурантам справы выстаўлена абвінавачанне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці на падставе ч. 3 арт. 233 Крымінальнага кодэкса. «У справы ёсць добрыя судовыя перспектывы», — запэўніў Вакульчык.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?