У інтэрв’ю брытанскай газеце «Індэпэндэнт» і тэлеканалу Бі-бі-сі Аляксандр Лукашэнка адхіліў абвінавачанні на свой адрас. «Тое, што я не дыктатар, — гэта сто працэнтаў так, бо гэта супярэчыць наогул маёй сутнасці.
Я дэмакрат большы, чым вы, нават у вашым разуменні гэтага працэсу і гэтага слова.
Я свабоду чалавека цаню вышэй за ўсё», — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, праца кіраўніком дзяржавы — гэта вельмі адказная праца. «Для мяне цяжка, калі людзі мяне крытыкуюць за нешта, або выказваюць незадаволенасць, або яшчэ горш. Я за гэта вельмі перажываю, для мяне гэта самае страшнае, калі хочаце», — падкрэсліў ён.

«І даўно б мы ад чагосьці адмовіліся, калі б не ваш націск з боку, калі нам увесь час даводзіцца збірацца разам і спрабаваць супрацьстаяць таму негатыву, які навальваецца на нас то з Захаду, то з Усходу.

Мы вымушаны гэта рабіць для таго, каб выжыць. <…> І вы ўвесь час нас да гэтага штурхаеце. Мы супраціўляемся. А для таго, каб аб’яднацца, часам даводзіцца прымаць жорсткія рашэнні. І вы кажаце: „Гэта дыктатура“. Ды няма ў мяне рэсурсу для дыктатуры, вы разумееце? Рэсурсу няма!» — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, «нават Расія сабе дыктатуру дазволіць не можа».
«У мяне няма прыроднага газу, нафты, ядзернай зброі і іншага. Пра што вы кажаце? Калі б толькі я адважыўся сёння дзейнічаць як дыктатар, „есці“ людзей на вуліцах, вешаць іх ці яшчэ нешта падобнае, ды мяне проста, і правільна зрабілі б, мяне б знеслі! І нават не нашы людзі, мяне б знішчылі вось гэтыя дэмакратыі, якія размешчаны на захад ад Брэста! І правільна б зрабілі», — заявіў беларускі кіраўнік.

«Я яшчэ раз кажу: для таго каб дыктатарам быць, трэба мець рэсурс. Гэта па-першае. І трэба нарадзіцца дыктатарам. Я — не дыктатар, я раблю тое, што магчыма і трэба сёння для нашай краіны. Можа, я памыляюся. Цалкам магчыма. Час пакажа», — сказаў Лукашэнка.

Асновай свайго праўлення ён назваў «сумленнасць і справядлівасць». «Гэта — аснова ўсяго, у тым ліку і эканомікі, якім бы дзіўным гэта ні было. А няўжо справядлівасць — гэта не ўласцівасць і прынцып дэмакратыі?

Я заўсёды лічыў, што калі гэта сапраўдная дэмакратыя, то гэта, перш за ўсё, справядлівасць. Таму, мне здаецца, што справядлівасць — гэта ўжо найважнейшы прынцып і паказчык дэмакратычнасці таго ці іншага грамадства, таго ці іншага чалавека», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы ніколі, у адрозненне ад вас — Вялікабрытаніі, Францыі ці Амерыкі, не прымянялі вадамёты для разгону масавых дэманстрацый, — заўважыў Лукашэнка.

— І нават калі яны штурмавалі Дом урада і зламалі дзверы, разбілі шыбы і спрабавалі заняць Дом урада (маюцца на ўвазе падзеі 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску. — БелаПАН.), мы не прымянілі ні вадамёты, ні слезацечны газ. Мы ўвялі міліцыю, АМАП, вы ведаеце, рассеклі гэтую частку, натоўп, папалам. Разявак было шмат паглядзець на гэта, усе гэтыя разявакі разбегліся, а застаўся іх актыў — 400 чалавек, якія былі затрыманы, якія ламалі дзверы. Праз суткі іх засталося чалавек, напэўна, 30. А тыя, хто непасрэдна ламаў, яны і сёння (чалавекі два, па-мойму) знаходзяцца ў месцах не такіх далёкіх, арганізатары», — сказаў Лукашэнка.

Ён растлумачыў, чаму называе апазіцыю «пятай калонай»:

«Таму што ім ясна сказалі перад прэзідэнцкімі выбарамі: не будзе патрэбнага хаосу і бойкі — грошы не атрымаеце. Ім ужо сёння не даюць грошы проста на тое, каб яны ўлёткі друкавалі, у СМІ выступалі і іншае. Не, патрэбны акцыі».

Паводле слоў Лукашэнкі, грошы на апазіцыйную дзейнасць «ідуць праз Польшчу і праз Літву — асноўныя каналы».

«І ад розных фондаў заходніх, мы гэта ведаем, — дадаў ён. — Гаспадары ў Амерыцы, у Германіі, у Вялікабрытаніі. І прычым я б не сказаў, што гэта прыватныя, бізнесмены нейкія — не, гэта фонды, што фарміруюцца дзяржавай. Мы пра гэта ўжо наша грамадства інфармавалі і прыводзілі канкрэтныя дакументы і доказы, і паказанні, і яны давалі паказанні, адкуль бралі грошы. Ды яны адкрыта зараз Захаду кажуць: „Мы не можам змагацца супраць дыктатуры і рэжыму, таму што вы нам не даяце грошы“. Гэта ж не сакрэт».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?