Работнікі расейскамоўнага канала ў Грузіі «ПІК» маюць намер дамагацца аднаўлення кабельнага і спадарожнікавага вяшчання, пасля таго як яно было спынена ў суботу. Цяпер канал вяшчае толькі ў Інтэрнэце.

Журналісты будуць патрабаваць правядзення фінансавага аўдыту Грамадскага вяшчальніка Грузіі, з якім у «ПІКа» быў заключаны кантракт, каб высветліць, што адбылося з выдзеленымі для канала бюджэтнымі сродкамі, заявіла кіраўнік інфармацыйнай службы канала Кацярына Катрыкадзэ.

Грамадскі вяшчальнік Грузіі патлумачыў свае дзеянні дамоўленасцю з заснавальнікам «ПІК».
Як гаворыцца ў заяве вяшчальніка, бакі вырашылі прыпыніць кантракт і пачаць перамовы з-за складанай сітуацыі на канале.

Нявызначанасць вакол будучага канала захоўваецца з тых часоў, як на парламенцкіх выбарах перамагла кааліцыя «Грузінская мара».

Некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што новаму ўраду невыгодная крытыка Расіі, што гучала на канале «ПІК».

Пры гэтым члены «Грузінскай мары» неаднаразова заяўлялі, што Грузіі патрэбен расейскамоўны канал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?