20 кастрычніка ў турэцкім горадзе Анталья завяршыліся спаборніцтвы VIII чэмпіянату свету па пажарна-ратавальным спорце. Беларуская каманда заваявала першае агульнакаманднае месца, паведамляе сайт МНС.

У апошні дзень спаборніцтваў у праграме быў толькі адзін від — баявое разгортванне. Зборная Беларусі паказала вынік 25.85 сек і заняла другое месца ў гэтым відзе праграмы.

Першымі сталі непераможныя ў гэтым відзе праграмы чэхі, якія пабілі ўласны рэкорд свету. Іх вынік — 25.14 секунд. Трэцяе месца заняла зборная каманда Славакіі (25.98).

Такім чынам, у зборнай нашай краіны першае месца ў агульнакамандным заліку.

Нагадаем, у першы дзень спаборніцтваў у асабістым заліку ў пад’ёме на 4-ты паверх вучэбнай вежы Уладзімір Стральчэня заваяваў золата, а Дзмітрый Сімакоў — бронзу. У гэтым відзе наша каманда была другой.

У пятніцу каманда Беларусі перамагла ў спаборніцтвах у бегу на 100 метраў з перашкодамі. Беларус Уладзімір Стральчэня паказпаў фантастычна стабільныя высокія вынікі. 15,03 секунд у другой спробе аказаліся не проста лепшым вынікам дня. У дваябор'і ратавальнікаў (сумуюцца вынікі пад’ёму на 4-ты паверх вучэбнай вежы + 100 метраў з перашкодамі) беларус усталяваў новы сусветны рэкорд! (28.05 = 13.02 + 15.03). Трэцяе месца ў дваябор'і — у беларуса Максіма Шапорава.

У пятніцу таксама прайшла эстафета 4 па 100 метраў. Перамогу святкавала зборная Расіі, ў Беларусі — другое месца, Украіна была трэцяй.

Такім чынам, па суме ўсіх чатырох заліковых відаў у нашай зборнай 6 ачкоў (сумуюцца месцы, занятыя камандай: 2 +1 +2 +1), якія гарантавалі нашай камандзе першае месца ў агульнакамандным заліку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?