Ніякай палітыкі, ніякага пратэсту, ніякіх патрабаванняў да каго б там ні было. У Магілёве вырашылі адзначыць Дзень абдымкаў, што ў 1986 годзе прыдумаў студэнт з ЗША, якому патрэбная была падстава абняць каханую дзяўчыну. Не выключана, што ініцыятарам магілёўскай акцыі таксама патрэбная проста нагода абняць каханага, да якога ў звычайнай сітуацыі і наблізіцца боязна. Але па дазвол абдымацца ім давялося звяртацца ў Магілёўскі гарвыканкам. І толькі калі ён дазволіць, флэш-моб 3 лістапада адбудзецца.

Удзельнікі хочуць сабрацца каля гарадской ратушы і прайсці да сквера 40-годдзя Перамогі з усмешкамі і абдымкамі, так бы мовіць, калектыўна змагацца з восеньскай дэпрэсіяй. Але ў чыноўнікаў дэпрэсія круглы год, яны ва ўсім шукаюць падвох, і для іх ідэальны варыянт — каб людзі выходзілі на вуліцы гарадоў толькі на суботнікі.

Каб зняць усе падазрэнні ў нейкім падвоху, які стаіць за гэтай акцыяй, яе арганізатары распаўсюдзілі ў сацсетках інфармацыю для патэнцыйных удзельнікаў.

1. Узяць удзел могуць толькі тыя, каму споўнілася 18 гадоў (каб у бяскрыўдных абдымках не ўбачылі спакушэння непаўналетніх).

2. Усе павінныя выконваць правілы дарожнага руху і грамадскага парадку.

3. Плакаты могуць быць толькі прыблізна такога зместу «Не лянуйся — абдыміся», «Давай абдымацца» і да т.п., пасля акцыі іх трэба альбо пакінуць на памяць, альбо выкінуць у сметніцу.

4. Абдымаць трэба толькі тых людзей, якія гатовыя абняцца.

5. Абдымаць трэба моўчкі, або, прынамсі, звярнуцца са словамі «Вы хочаце абняцца?» Нельга крычаць «Давайце я вас абдыму!».

6. Нельга абдымаць людзей, якія ў дадзены момант працуюць альбо ў іх занятыя рукі.

7. Мы лічым, што моцныя сяброўскія абдымкі павінныя доўжыцца прыкладна 5 секунд.

Аднак магілёўскія чыноўнікі старанна хмураць ілбы і яшчэ не вырашылі, ці можна дазволіць такую «небяспечную» акцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?