Чалавек у піжаме ў выкананні самога рэжысёра заходзіць у запоўненую гледачамі залу. Кіно пачынаецца. Перад намі мсье Аскар (любімы актор, па сумяшчальніцтве нязменнае «альтер эга» Каракса Дэні Лаван), мсье раз’язджае па горадзе на лімузіне з асабістым кіроўцам на імя Селін (74-гадовая прыгажуня Эдыт Скоб). У яго вельмі незвычайная і вельмі цяжкая праца. У лімузіне з дапамогай грыму, парыкоў і адзення Аскар пераўвасабляецца ў розных людзей — ад бабулі-жабрачкі да постапакаліптычнага ніндзя, каб сыграць чарговую сцэну, у якой няма ні тэатральных падмосткаў, ні камеры, ні гледачоў, а ёсць толькі акторы, такія ж, як і сам Аскар.

Постаць Леоса Каракса, сапраўднае імя якога Алекс Аскар Дзюпон, выглядае тым больш значнай, што ён здымае вельмі рэдка, а яго кінематаграфія падобная да экзістэнцыяльнай драмы.

Пачаўшы рэжысёрскую кар’еру ў недапушчальна юным узросце — 24 гады -поўнаметражнай стужкай «Хлопец сустракае дзяўчыну», за ўсё жыццё Каракс зняў ўсяго пяць фільмаў.
Гучны дэбют, які атрымаў прыз моладзевага журы Канскага кінафестывалю, амаль адразу ж пацягнуў за сабой «Кепскую кроў», што была ўганараваная «Залатым мядзведзем» Берлінскага кінафестывалю. Праз пяць гадоў свет убачыў фільм «Каханкі з Новага моста», самы вядомы, бадай што, і самы дарагі на той момант у французскім кіно фільм Каракса, які выклікаў гарачыя спрэчкі, ці не пераацанілі маладога рэжысёра. Паўзы паміж фільмамі рабіліся ўсё большымі — «Полу X» Каракс выпусціў толькі праз восем гадоў, і, здаецца, большасць кінакрытыкаў разам з Канскім журы хацелі б, каб шызафрэнічныя фантазіі на тэму творчасці і інцэсту пры ўдзеле малодшага Дэпардзьё, напаўаголенай Катрын Дэнёў і загадкавай Кацярыны Голубевай засталіся б толькі ва ўяўленні рэжысёра. Пасля прэм’еры «Полы X» прайшло трынаццаць гадоў, за якія Каракс зняў толькі дзве кароткаметражкі і раздзел з «Токіа!» разам з Мішэлем Гандры і Бо Джун-хо.
Новы фільм Каракса стаў адной з галоўных падзеяў мінулага Канскага кінафестывалю. Не меншай падзеяй стала і тое, што карціна засталася без узнагарод.

«Маторам», паводле ўсеагульнага меркавання, трэба было даваць альбо адразу «Залатую пальмавую галіну», альбо нічога.

Ва ўмовах, калі і пра фільм-пераможцу, «Каханне» Ханэке, адгукнуцца дрэнна рашуча немагчыма, «нічога» ў гэтым выпадку таксама здаецца прымальным. Мяркуючы па «Святых маторах», Караксу цяпер не патрэбныя нават гледачы, што там ужо казаць пра нейкія галінкі.

Кожная сцэна ў «Святых маторах» выглядае як навела, а дакладней — як верш, усе разам яны ператвараюць фільм у важкі паэтычны том, які змяшчае, мабыць, усё тое, што Каракс не змог зняць за гэтыя доўгія трынаццаць гадоў.

Тут знайшлося месца не толькі для нязнятых фільмаў Каракса, але і для эпізадычнай рэтраспектывы.

У «Маторах» некалькі разоў можна ўбачыць той самы парыжскі Новы мост з «Каханкаў», сама бабуля-жабрачка ў выкананні Лавана («Я баюся, што ніколі не памру») нагадвае адразу і Алекса, і Мішэль, збіраючы ў сабе ўсе сіроцкія чары брудных, п’яных і смярдзючых людзей. Вобраз звар’яцелага вырадка ў зялёным вельвеце, што пажырае кветкі, грошы і чужыя пальцы, наўпрост перайшоў з кароткаметражкі Каракса для «Токіа!», дзе героя называлі «мсье Дзярмо». Зноў з’яўляецца і ўсюдыісная цень любімага Караксам пісьменніка Луі-Фердынанда Селіна: гэтым разам Селін завуць кіроўцу лімузіна.

Затое ў «Святых маторах» няма музы Каракса, акторкі, за якой аповед цягнуўся б у асобе актора Лавана. Няма ні Жульет Бінош, як у «Кепскай крыві» і «Каханках з Новага моста», ні Кацярыны Голубевай, як у «Поле X».

Голубева памерла ў мінулым годзе ва ўзросце 44 гадоў — «Святыя маторы» прысвечаныя яе памяці. Здаецца, у яе асобе Каракс страціў не толькі жонку, але і тую самую музу — дзіўную, фатальную, халодную, неабходную.

Але ў «Святых маторах» шмат выдатных жанчын — Эдыт Скоб у ролі вернай спадарожніцы, Ева Мендэс у ролі прыгожай лялькі і нават Кайлі Міноўг у ролі даўно страчанай любові, але добра адчуваецца, што няма той адзінай, праз што жыццё героя Лавана здаецца зусім беспрасветным.

Зрэшты, пра якое каханне можа ісці гаворка ў свеце, у якім цяперашняе «я» даўно знікла дзесьці паміж парыкамі і фальшывымі насамі.

Гэта ўсяго толькі праца. Нібы ў жыцці ўтварыліся дзіркі, а такія, як Аскар, запаўняюць іх на час, падтрымліваючы няўхільны ход рэчаў. «Камеры сталі меншымі за галаву, раней яны былі цяжэйшымі», — наракае мсье Аскар. Калі камеры калісьці і існавалі, то цяпер цяжар камеры ўжо не дапамагае аддзяляць цяперашні момант ад гульні. На пытанне боса аб тым, навошта ён працягвае працаваць, Аскар адказвае: ім рухае «прыгажосць жэсту», што з французскай можна перакласці як «проста так», «дзеля асалоды». Нават калі прыгажосць — у вачах таго, хто глядзіць, а ніхто не глядзіць, «Карпарацыя «Святыя маторы» працягвае працаваць проста так, пацёртыя лімузіны працягваюць ездзіць па Парыжы.

Пасля трынаццаці гадоў маўчання не будзе нічога дзіўнага, калі Каракс возьме нашмат даўжэйшую паўзу. Кіно працягваецца, але гледачу зусім неабавязкова пра гэта ведаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?