Пытанне аб пераўтварэнні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» у палітычную партыю не было ўключана ў парадак дня з’езда арганізацыі, які пройдзе 3 лістапада.
Пра гэта паведаміў намеснік старшыні «Белай Русі» Аляксандр Шацько.

Паводле яго слоў, па гэтым пытанні ў арганізацыі «на здзіўленне вельмі моцна раздзяліліся меркаванні». «Палітычная партыя фарміруецца па рэгіянальнай прыкмеце, таму вельмі шмат людзей, якія шмат і якасна працавалі, могуць выпасці з абоймы», — сказаў Шацько.

«Мы, вядома, хочам пераўтварыцца ў партыю, працуем над гэтым пытаннем. Але ў яго шмат як прыхільнікаў, гэтак і праціўнікаў. Будзем на з’ездзе размаўляць, але 3 лістапада пераўтварэння аб’яднання ў партыю адназначна не будзе», — падкрэсліў прадстаўнік «Белай Русі».

Размова аб пераўтварэнні грамадскага аб’яднання ў палітычную партыю вядзецца ўжо больш за год.
Пра неабходнасць пераўтварэння заяўляў у тым ліку старшыня «Белай Русі», першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў.
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 11 кастрычніка на заключным сумесным пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання, сказаў, што ведае пра гатоўнасць «Белай Русі» стаць партыяй.
«Ну, гатова — няхай становіцца партыяй, я не супраць. Наадварот, буду падтрымліваць, таму што там у асноўным збіраюцца патрыёты. Але я б не раіў ім спяшацца. Яны сапраўды могуць стаць цэнтрысцкай сілай, як Сацыялістычная партыя ў Францыі ці як сацыял-дэмакратычная сапраўдная партыя, якой не чужая будзе, дапусцім, прыватная ўласнасць, але для якой будзе непрымальным з’яўленне прыватнай уласнасці ў выніку дзікай прыватызацыі», — сказаў Лукашэнка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?