Беларускі завод «Бабруйскаграмаш» плянуе ў 2007 годзе стварыць у Краснадарскім краі прадпрыемства па зборцы сельгастэхнікі для жывёлагадоўчых гаспадарак, паведамляе расейскае выданьне «КоммерсантЪ». Прычына — расейскім вытворцам цяжка канкураваць з субсыдыяванымі дзяржавай беларускімі канкурэнтамі

«Бабруйскаграмаш» мае ў Расеі некалькі зборачных цэнтраў, якія ў мінулым годзе выпусьцілі каля 200 адзінак тэхнікі. Па словах намесьніка начальніка аддзелу зьнешніх сувязяў «Бабруйскаграмашу» Васіля Царыка, сёлета да канца году ў Краснадарскім краі будзе ўтворанае сумеснае прадпрыемства з кубанскай дылерскай кампаніяй «Сединснаб». СП будзе займацца зборкай касілак, паўпрычэпаў, прэс-падборшчыкаў. Па першым часе плянуюць зьбіраць 50 адзінак тэхнікі. Варта адзначыць, што 70% камплектуючых для бабруйскага заводу вырабляеца ў Расеі, таму стварэньне зборачнага цэху на Кубані дазволіць скараціць транспартныя выдаткі і сабекошт прадукцыі больш чым на 10%. У цэлым бабруйскае прадпрыемства плянуе ў гэтым годзе павялічыць вытворчасьць сваёй прадукцыі ў Расеі ў 1,5 раза.

Расейскія экспэрты адзначаюць вялікі попыт на беларускую тэхніку. Пры гэтым яны зьвяртаюць увагу на праблемы айчынных вытворцаў, якім цяжка канкураваць з субсыдыяванымі дзяржавай беларускімі канкурэнтамі. Да ўсяго беларуская сельгастэхніка, што завозіцца ў РФ, не абкладаецца мытамі.

Сямён Печанко, паводле «КоммерсантЪ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0