Кажуць, што ад журналіста, які паважае свайго чытача, гледача і слухача, патрабуецца аб’ектыўнасць, бесстароннасць.

Ці заўсёды бесстароннасць ёсць незацікаўленасцю? Думаю, што не заўсёды.

Бесстаронні журналіст, калі ён сапраўды бесстаронні, — заўсёды зацікаўлены ў высвятленні праўды, праўдзівага стану рэчаў.

Ці выключае аб’ектыўнасць журналіста яго партыйнасць, яго палітычныя сімпатыі?

Журналіст, які высвятляе праўду, праўдзівы стан рэчаў, і журналіст, які затушоўвае праўду і скажае праўдзівы стан рэчаў, належаць да розных партый.
І справа не ў назве партыі. У нашых канрэтных умовах журналістыка дзеліцца на дзве партыі: недзяржаўную і дзяржаўную. Паводле вызначэння, першая з іх павінна быць заўсёды зацікаўлена ў высвятленні праўды, праўдзівага стану рэчаў, бо толькі праўда служыць сацыяльнаму, палітычнаму і маральнаму прагрэсу грамадства.
Цяпер задамо пытанне: ці заўсёды бесстароннасць ёсць адстароненасцю?

Адстароненасць журналістаў, асабліва публіцыстаў, у нас у Беларусі ўжо ўвайшла ў моду. Некаторыя недзяржаўныя журналісты, мабыць, разважаюць так: раз мы людзі аб’ектыўныя, то павінны стаяць па-над партыямі. І яны сапраўды ставяць сябе па-над партыямі. Па-над апазіцыйнымі партыямі ў першы чарод. Найбольшым шыкам лічыцца ўтаптаць гэтыя партыі ў багну: апазіцыйныя партыі не ўмеюць, не здольныя, не жадаюць, не бачаць і г. д. Асабліва гэтым вызначаюцца публікацыі «Народнай волі» і аднаго аглядальніка БелаПАНа.

Так неўпрыкмет аб’ектыўнасць журналістыкі саступае месца аб’ектывізму, недзяржаўная журналістыка пераўтвараецца ў падгалосак дзяржаўнай. Галоўнае ж — пані і панове журналісты забываюць на правіла НЕ НАШКОДЗЬ.
Не нашкодзь тым, хто — няхай сабе няўмела — змагаецца за дэмакратыю, за правы і свабоды чалавека, у тым за свабоду слова.

І ўжо зусім дыскрэдытацыяй недзяржаўнай журналістыкі з’яўляюцца нядаўна абнародаваныя факты.

Доўгі час было незразумела, чаму радыё «Рацыя» і яго карэспандэнт Зміцер Кісель навязліва рэкламуюць на сваіх хвалях і на сваім сайце Анатоля Ляўковіча.
І вось, дзякуючы апублікаванаму 10 кастрычніка ў «Нашай Ніве» артыкулу Зміцера Панкаўца «Як палітычныя камбінатары ствараюць псеўдаапазіцыю» мы знайшлі адказ на пытанне.
Аказваецца, карэспандэнт РР Зміцер Кісель водзіць кампанію з людзьмі, якіх (мусіць, не без падстаў) староняцца дэмакраты Піншчыны і Берасцейскай вобласці ў цэлым.
Як вынікае з каментароў да артыкула Змітра Панкаўца на сайце «НН», гэты карэспандэнт займаецца палітмахінацыямі ад імя Украінскага Дома, меў дачыненне да спробы стварыць Левы фронт і зляпіць з чалавека сумнеўнай рэпутацыі рабочага лідара. Што асабліва цікава: ён, выяўляецца, схапіўся за ідэю (між іншым, ад пачатку жартоўную) гэтак званай Цэнтрысцкай партыі і ўбачыў на чале такое партыі Ляўковіча, чым і тлумачыцца рэклама гэтага дзеяча на хвалях і сайце радыё «Рацыя».
Усю далёкую ад вольнай журналістыкі дзейнасць Змітра Кісяля некаторыя грамадзяне тлумачаць матэрыяльнай зацікаўленасцю, жаданнем «зрубіць бабло».

Не ведаю, ці ўваходзіць Зміцер Кісель у Беларускую асацыяцыю журналістаў, ці будзе ўсчата ў БАЖы і кіраўніцтвам радыё «Рацыя» разбіральніцтва ў сувязі з фактамі, якія абнародаваў Зміцер Панкавец, але можна канстатаваць: паводзіны Кісяля дыскрэдытуюць журналістыку Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?