Раскопкамі будзе кіраваць намесьнік аддзелу пэрыяду сярэднявечча Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Мядзьведзеў. Працы распачынаюцца на наступным тыдні і, магчыма, працягнуцца ўлетку.

На замову ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Гарадзенскага аблвыканкаму менскае ААТ «Тэхналягічнае праектаваньне і лічбавыя тэхналёгіі» выканала архітэктурны праект Каложскай царквы, пакуль што без камунікацыяў. Праект падтрымала Міністэрства культуры. Цяпер вучоныя і спэцыялісты па проаектаваньні павінныя выпрацаваць агульную канцэпцыю рэстаўрацыі ня толькі царквы, але й навакольнай тэрыторыі.

У чацьвер у Горадні адбылася выязное паседжаньне навукова‑мэтадычнай рады Мінкульту, прысьвечанае праблемам рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру Горадні. Ад жніўня мінулага году прадстаўнікам грамадзкасьці, нязгодным з тым, як вядуцца рэстаўрацыйныя працы ў гістарычным цэнтры, абяцалі ўдзел у адмысловым паседжаньні рады.

Як распавёў старшыня гісторыка‑краязнаўчага таварыства «Этна» Павал Каралёў, на апошняе паседжаньне рады іх не запрасілі, матываваўшы гэта тым, што мерапрыемства плянавае і не прысьвечана пытаньням, што хвалююць таварыства. Сп. Каралёву ды гарадзенскаму краязнаўцу Ігару Лапеху ўсё ж далі па некалькі хвілінаў выказацца, а потым фактычна выдалілі з паседжаньня. У кароткім выступе гісторыкі выказалі сваю нязгоду з парушэньнем этапнасьці рэканструкцыі гораду. Як стала вядома, рада разгледзела пытаньні будучых працаў ў раёне вуліцы Урыцкага, а таксама пра магчымы знос кварталу пад назвай Новы сьвет. Рада падтрымала эскізны праект, які прадугледжвае знос амаль 80% будынкаў у раёне вуліцаў 17 верасьня, Астроўскага ды Горкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?