Прадпрымальнікі гомельскага гандлёвага цэнтра «Сакрэт» 23 кастрычніка праводзяць аднадзённую акцыю пратэсту.

У ГЦ працуюць прыблізна 400 прадпрымальнікаў, у іх узнік канфлікт з новым уласнікам гандлёвага прадпрыемства — ТДА «НП-Сэрвіс»з-за павышэння арэнднай платы з 45–55 еўра за квадратны метр да 120 еўра.
Таксама работнікі ГЦ абураны новымі дагаворамі, у якіх прапісаны «кабальныя ўмовы».
23 кастрычніка работнікі ГЦ «Сакрэт» не адкрылі свае гандлёвыя пункты, размясціўшы на іх аб’явы «Сандзень» і «Пераўлік».
У гандлёвы цэнтр прыехаў старшыня савета РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, які аказвае прадпрымальнікам дапамогу. Работнікі цэнтра сабралі подпісы пад калектыўным зваротам у міліцыю, дзе просяць праваахоўныя органы правесці праверку па факце магчымага махлярства. Арандатары гандлёвых плошчаў сцвярджаюць, што кіраўніцтва ГЦ падманным шляхам пераканала іх скасаваць дагаворы.

Гэтую заяву прадпрымальнікі перадалі ў Цэнтральны РАУС Гомеля.

Арандатары гандлёвых плошчаў звяртаюць увагу на тое, што новы ўласнік ГЦ дзейнічае неправавымі метадамі ў канфлікце — пагражае выселіць прадпрымальнікаў, а таксама шантажуе іх, да прыкладу, адключае ў гандлёвых пунктах электрычнасць.

«Мы не хочам вайны і канфліктаў, мы проста хочам спакойна працаваць, плаціць падаткі.

Пры новых дагаворах, калі мы іх падпішам, то трапляем фактычна ў рабства да ўласніка, ён у любы момант можа проста выкінуць нас на вуліцу. І чым такім нам трэба гандляваць, каб плаціць арэнду дзве тысячы еўра ці пяць тысяч?» — падкрэсліваюць прадпрымальнікі.

Анатоль Шумчанка на сходзе заявіў, што юрысты «Перспектывы» ўважліва вывучылі дакументы, праекты новых дагавораў і прыйшлі да высновы, што яны не адпавядаюць заканадаўству. «Тое, што тут робіцца, калі гаварыць мовай ліхіх 90-х, — гэта проста «кідалава», — заявіў старшыня савета РГА «Перспектыва». Ён заклікаў прадпрымальнікаў быць кансалідаванымі, не паддавацца на правакацыі і адстойваць свае правы.

23 кастрычніка ў Гомельскім аблвыканкаме адбудзецца нарада з прадпрымальнікамі і ўласнікам ГЦ «Сакрэт» па ўрэгуляванні ставак арэнднай платы.
Калі пытанне не будзе вырашана ў дасудовым парадку, прадпрымальнікі звернуцца ў гаспадарчы суд.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?