ААТ «Беларуськалій» і Сбербанк РФ заключылі крэдытнае пагадненне аб выдзяленні беларускаму прадпрыемству пад гарантыі ўрада Беларусі крэдыту ў $ 1 млрд тэрмінам на 3 гады, паведаміў Інтэрфакс. Стаўка крэдыта трымаецца ў сакрэце, але адзначаецца, што яна значна лепшая за ранейшую.
Як паведамляў БелаПАН раней, ААТ «Беларуськалій» у снежні 2011 года атрымаў гадавы сіндыкаваны крэдыт Сбербанка Расіі і ЕАБР на 1 млрд. долараў. Сродкі Сбербанка Расіі ў крэдыце складаюць 900 млн. долараў, ЕАБР — 100 млн. долараў. Крэдыт атрыманы пад двайное забеспячэнне — гарантыі ўрада Беларусі, якія, у сваю чаргу, забяспечаныя залогам 51% акцый ААТ «Нафтан». Стаўка па крэдыце на першыя шэсць месяцаў складае LIBOR (1,1%) + 7,6% гадавых. З пачатку другога паўгоддзя стаўка па крэдыце павялічваецца на 0,3%. Сродкі крэдыту былі ўключаныя ў склад золатавалютных рэзерваў Беларусі шляхам выпуску доўгатэрміновых дзяржаўных папер на 800 млн. долараў, якія выкупіў «Беларуськалій». Астатнюю частку крэдыту кампанія прадала на біржы па ініцыятыве Нацбанка.
Цікава, што гэтае пагадненне не было падпісанае ў часе візіту кіраўніка Сбербанка Германа Грэфа ў Мінск. Ці не былі за месяц, што мінуў ад 25 верасня, дасягнутыя нейкія дадатковыя дамоўленасці між кіраўніцтвам краінаў?