Таварыства беларускай мовы распачало збор подпісаў за захаванне беларускай мовы на чыгунцы — у напісанні назваў станцыяў, абвестках аб прыпынках у цягніках. Выклікана гэта тым, што апошнім часам шмат выпадкаў замены назваў з беларускіх на расейскія. Кіраўніцтва ТБМ сустракалася з гэтай нагоды з кіраўніцтвам чыгункі, але пакуль безвынікова.

Вакзалы на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь афармляюць цяпер толькі на расейскай мове.

​​Старшыня ТБМ Алег Трусаў: «Пачалося гэта з паўгода таму. Вось начальства Беларускай чыгункі памянялася, і пачалася татальная — я падкрэсліваю — татальная русіфікацыя. Прыйшлі людзі альбо абыякавыя, альбо варожыя да ўсяго беларускага».

Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім прывяла канкрэтныя прыклады: Гэта чыгуначны вакзал у Стоўбцах, дзе ўся інфармацыя зараз толькі па-расейску: расклад руху электрацягнікоў, іншых цягнікоў. Напрыклад, у Глыбокім Дні беларускага пісьменства праходзілі, і напярэдадні ў назве «вакзал» была заменена літара «а» на літару «о». Таму, бачачы гэтую тэндэнцыю выкарыстання выключна адной дзяржаўнай мовы ў афармленні чыгуначных вакзалаў, мы і распачалі гэтую кампанію.

Алена Анісім асабіста хадзіла на прыём да намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Стоцкага:

«На прыёме таксама не прагучала, што чыноўнікі разумеюць, што гэта антыканстытуцыйна, што гэта супярэчыць як сітуацыі ў Беларусі, паколькі ў нас пражываюць не выключна рускамоўныя грамадзяне, а ў нас вельмі многа людзей як па нацыянальнасці беларусаў, так і тых, хто кожны дзень карыстаецца беларускай мовай. Выразна прасочваецца тэндэнцыя да ўшчамлення іх правоў».

Звязацца з самім спадаром Стоцкім, у якога на прыёме была Алена Анісім, не ўдалося — ён у камандзіроўцы, першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Уладзімір Міхайлюк цэлы дзень на нарадах. І наагул, чыгунка адказвае толькі на пісьмовыя запыты, паведаміла супрацоўніца прэсавай службы Тацяна Бондарава: «Трэба накіраваць на адрас Беларускай чыгункі, на імя першага намесніка начальніка Міхайлюка, афіцыйны ліст, што «просім прадаставіць інфармацыю пра выкарыстанне «беларускамоўнава языка» пры напісанні вакзалаў, станцыяў».

Зараз ідзе рэканструкцыя Брэсцкага вакзала. І, паводле звестак ТБМ, рыхтуючыся да Чэмпіяната свету па хакеі 2014 года, там збіраюцца выкарыстоўваць дзве мовы — расейскую і англійскую. Алена Анісім кажа:

«Мы пра гэта даведаліся, прапаноўваючы ім, — паколькі гэта заходнія вароты нашай краіны і гэта першы вакзал, які сустракае ўсіх замежнікаў, — на чатырох мовах, уключыўшы польскую як пагранічную, нямецкую, англійскую і беларускую. А нам адказалі, што збіраюцца толькі расейскую і англійскую,
і больш ніякіх».

Начальнік Брэсцкага вакзала Віктар Кулай, што да афармленьня вакзала, сказаў, што пакуль рашэнне не прынятае: «Пакуль яшчэ рашэнне не прынятае. Я думаю, павінна быць улічана і наша меркаваньне — як вакзал мы з’яўляемся структурным падраздзяленнем, і аддзялення дарогі. Будзем раіцца і з галоўным ўпраўленнем чыгункі».

Дарэчы, і ў электрычках паўсюль раней станцыі абвяшчалі па-беларуску, а зараз ідзе пераход на расейскую мову. Так,

на Брэсцкім кірунку раней быў прыпынак «Гай», цяпер — «Рошча», на Барысаўскім — «Пралетарская перамога» і «Чырвоны Сцяг», цяпер — «Пролетарская Победа» і «Красное Знамя».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?