Шосты дыск сьпевака, прымеркаваны да дваццацігодзьдзя ягонай кар’еры.

Зьбяднелыя на ўяўны «фармат» айчынныя «эфэмкі» ўжо разабралі на ратацыі ўсе 16 трэкаў альбому.

Песьні для Саладухі пішуць самыя топавыя беларускія паэты‑песеньнікі ды кампазытары: Макс Алейнікаў, Алег Ялісеенкаў ды былы гітарыст «Новага неба» Лявон Шырын. Апошні яшчэ і прадмову да дыску напісаў, у якой раіць уважліва прыслухацца да «тонкіх струнаў чалавечых эмоцыяў».

Сакрэт доўгажыхарства і адноснага посьпеху Саладухі на беларускай поп‑сцэне — даволі просты. Тут не вядзецца пра талент, бо выканаўца бярэ іншым — нахабнай харызмай. Ён падае сябе такім чынам, што абываталю цяжка не скарыцца, як і ў выпадку з агрэсіўнай рэклямай «Супэрлято». Выканаўца сьпявае банальныя тэксты, але робіць гэта бескампрамісна і ўпэўнена.

Таму, каго зачапіў ягоны рафінаваны патасны голас, — не ўратавацца болей ад пранізьлівых вачэй артыста. Хто адчуў у гэтых часам няблага аранжыраваных песьнях фальш і жаданьне пеюна адно толькі быць навідавоку — адназначна будзе затыкаць вушы і заплюшчваць вочы пры адной толькі згадцы пра яго.

Сярод абсалютна новых песень, заточаных пад узорную расейскую папсу, ёсьць і знакамітая «Чужая милая» ў новай аранжыроўцы, якая колісь увяла Саладуху ў шэраг самых бліскучых поп‑зорак. З тых часоў у ягоным рэпэртуары так і не зьявілася такога яскравага гіта. «Мы вернёмся, обязательно вернемся», — пяе выканаўца ў апошняй песьні. І падаецца, што супакойвае гэтымі словамі ён найперш самога сябе... Для тых, хто хоча пачувацца маладым, не прыкладаючы да гэтага аніякіх высілкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?