«Каламбія Пікчэрз» прадстаўляе новую гісторыю пра Джэймса Бонда.
Прэзентацыя фільма «007: Каардынаты «Скайфал» і яго закрыты паказ прайшлі 23 кастрычніка на радзіме разведчыка, у Вялікабрытаніі. Насуперак жаданню арганізатараў сабраць на лонданскай прэм’еры ўсіх ранейшых «Бондаў», ніхто з актораў (сярод якіх Пірс Броснан і Шон Конеры) не прыехаў.
У фільме апавядаецца пра першыя гады службы агента Джэймса ў брытанскай выведцы МІ6.
У мінулым кіраўніцы выведкі, якая хавае сваё імя пад крыптонімам М., ёсць штосьці, што пагражае знішчэннем усёй «канторы». Гэтую пагрозу Бонд і мусіць ліквідаваць.

Рэжысёр Сэм Мендэс здымаў 23-і эпізод «бандыяны» ў Лондане (у тым ліку ля будынка МІ6), Шанхаі і Стамбуле.

Фільм насычаны драйвам: стральба, бег па дахах таварных вагонаў, пагоні, пераслед.
Кіно каштавала вытворцам больш за 200 мільёнаў даляраў.

У арыгінале фільм называецца проста Skyfall — як фамільны маёнтак Бондаў.

Галоўную ролю ў баевіку сыграў Дэніэл Крэйг, які раней увасобіў у фільме «Выклік» Тувію Бельскага, беларуска-габрэйскага партызана з Налібоцкай пушчы.
Артыст спадзяецца, што новы фільм пра Бонда будзе «звычайным». Бо папярэднюю серыю «бандыяны», «Квант міласэрнасці» (2008), фанаты прынялі халодна. У ёй Бонда спрабавалі ачалавечыць: ён перастаў па-спажывецку ставіцца да жанчын, глушыць кактэйль гарэлка + марціні і казаць дзе трэба дзе не трэба «Бонд. Джэймс Бонд».
Новае кіно, як вы здагадаліся, не для сямейных праглядаў: ёсць абмежаванне дзецям да 16-ці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?