26--28 кастрычніка літоўская сталіца на некалькі дзён ператворыцца ў сапраўдную беларускую культурную Меку.
Такое ўжо было аднойчы, калі «Крамбамбуля» давала тры канцэрты запар, але гэтым разам атракцыяй апошніх выходных кастрычніка стане вялікі канцэрт самага знакамітага, але, дэ-факта, забароненага ў Беларусі гурта «Ляпіс Трубяцкой», які збярэ пяцітысячную залу «Pramogu Arena» (Ąžuolyno g. 9).
Квіткі на Ляпісаў разышліся за 10 дзён.
Тыя, каму пашчасціла іх набыць, атрымаюць выдатную магчымасць патрапіць на прэзентацыю новага альбома «Рабкор». Канцэрт Ляпісаў 27 кастрычніка стане самым маштабным беларускім канцэртам у Літве, а гэта значыць, што Вільню наведае некалькі тысяч беларусаў!

Дом-друкарня Ф. Скарыны (Didžioji g. 19, Ратушная плошча, Стары горад).

Дом-друкарня Ф. Скарыны (Didžioji g. 19, Ратушная плошча, Стары горад).

Мемарыяльныя шыльды на будынку Беларускай гімназіі (унутраны дворык за царквой Св. Тройцы)

Мемарыяльныя шыльды на будынку Беларускай гімназіі (унутраны дворык за царквой Св. Тройцы)

Рэдакцыя «Нашай Нівы», Vilniaus g. 14

Рэдакцыя «Нашай Нівы», Vilniaus g. 14

Лукішская плошча.

Лукішская плошча.

Замкавая гара з вежай Гедыміна.

Замкавая гара з вежай Гедыміна.

Касцёл св. Міхала (Šv. Mykolo 9)

Касцёл св. Міхала (Šv. Mykolo 9)

Могілкі «Росы», па другі бок ад Старога горада, за чыгункай.

Могілкі «Росы», па другі бок ад Старога горада, за чыгункай.

Віленскі ўніверсітэт, Universiteto g. 3 (Стары горад, побач з Прэзідэнтурай).

Віленскі ўніверсітэт, Universiteto g. 3 (Стары горад, побач з Прэзідэнтурай).

«Дом з тытанамі», Traku g. 1 – Pylimo g. 26 (Стары горад).

«Дом з тытанамі», Traku g. 1 – Pylimo g. 26 (Стары горад).

Корпус ЕГУ на Антокалі.

Корпус ЕГУ на Антокалі.

У такой сітуацыі, натуральна, можна чакаць доўгіх чэргаў на мяжы Беларусі і Літвы, а таму тыя, хто паклапаціўся пра квіткі на цягнікі ці аўтобусы да Вільні загадзя, маюць шыкоўную магчымасць файна правесці час і пазнаёміцца з багатай беларускай гісторыка-культурнай спадчынай літоўскай сталіцы. У якасці навігатара па «беларускай Вільні» можна скарыстацца інфармацыйна-турыстычнымі даведнікамі «Беларускія старонкі Вільні», якія свабодна даступныя ў сеціве па гэтай спасылцы. Даведнікі падрыхтаваныя на беларускай і літоўскай мовах, кожны аб’ект праілюстраваны і мае адпаведныя пазнакі на мапе.

Тым не менш, мы падрыхтавалі для вас ТОП-10 беларускіх месцаў у Вільні, якія трэба наведаць:

1. Дом-друкарня Францішка Скарыны, у якім знакаміты беларускі асветнік выдаў першыя кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім. На фасадзе дома размешчаная адмысловая мемарыяльная дошка.

Адрас: Didžioji g. 19 (Ратушная плошча, Стары горад)

2. Комплекс Базыльянскіх муроў лічыцца адным з найбольш істотных месцаў беларускай гісторыі Вільні. Тут знаходзіцца царква Св. Тройцы, пабудаваная на загад легендарнага Канстанціна Астрожскага ў падзяку Богу за перамогу над маскоўскімі войскамі пад Воршай. Тут знаходзіцца і былы будынак Віленскай беларускай гімназіі, «нацыянальнай кузні» беларусаў-адраджэнцаў. Ва ўнутраным дворыку можна пабачыць тры мемарыяльныя дошкі: Адаму Станкевічу, Максіму Гарэцкаму і Наталлі Арсенневай. Таксама ў адным з будынкаў гэтага манастырскага комплексу сядзелі ў вязніцы знакамітыя філаматы і філарэты Віленскага ўніверсітэта.

Адрас: уваход праз Базыльянскую браму з вуліцы Aušros Vartų (унутраны дворык з царквой Св. Тройцы)

3. Пачатак ХХ ст., калі выходзіла газета «Наша Ніва», быў настолькі істотным часам для беларускага інтэлектуальнага жыцця, што нават атрымаў назву, утвораную ад назвы газеты, – «нашаніўскі перыяд». У Вільні вельмі шмат месцаў звязаныя з гісторыяй газеты «Наша Ніва», але лепш за ўсё наведаць адну з апошніх рэдакцыяў на вуліцы Віленскай, дзе вісіць мемарыяльная дошка ў гонар Янкі Купалы – аднаго з найбольш выбітных рэдактараў знакамітай газеты.

Адрас: Vilniaus g. 14

4. Лукішская плошча – вельмі трагічнае месца. Нягледзячы на тое, што там штогод ладзіцца святочны кірмаш на дзень Казюка, гэтая плошча ў першую чаргу асацыюецца з паўстанцамі 1863 года і іх кіраўніком – Кастусём Каліноўскім. На плошчы ўсталяваны памятны крыж і мемарыяльная пліта ў гонар кіраўнікоў паўстання. Таксама мы вельмі раім наведаць Музей ахвяраў генацыду, які знаходзіцца зусім побач з плошчай. Наведнікі музея могуць патрапіць у былы следчы ізалятар НКУС-КДБ. Імёны славутых беларусаў, такіх як Адам Станкевіч ці Антон Луцкевіч, наўпрост звязаныя з гэтым жудасным месцам…

Адрас: Лукішскую плошчу перасякае праспект Гедыміна. Ідучы па праспекце ў супрацьлеглы бок ад Кафедральнай плошчы, можна выйсці на Лукішкі праз 10 хвілін.

5. Замкавая гара з вежай Верхняга замка – адна з найбольш знакамітых віленскіх выбітнасцяў. Верхні замак быў моцным абарончым збудаваннем часоў ВКЛ і стагоддзямі падтрымліваў бяспеку сталіцы літвінаў. Для беларусаў гэтае месца знакамітае яшчэ і тым, што тут знаходзіцца імаверная магіла Каліноўскага, якую так доўга шукаюць даследчыкі. Таксама адсюль вы зможаце пабачыць маляўнічыя краявіды віленскага Старога горада.

Адрас: адшукаць гару не складана. Яна знаходзіцца ў самым цэнтры Старога горада побач з Кафедральнай плошчай.

6. Касцёл Святога Міхала – адно з самых знакамітых культавых месцаў, звязаных з беларускай гісторыяй Вільні. Касцёл пабудаваны на загад легендарнага віленскага ваяводы і стваральніка Статута ВКЛ 1588 года Льва Сапегі. Надмагілле Сапегі і па сённяшні дзень знаходзіцца ў касцёле, але сам будынак аддадзены пад музей касцельнай спадчыны. Варта дадаць, што ў часы нацысцкай акупацыі Вільні ў гэтым касцёле праводзіў службы знакаміты беларускі ксёндз Адам Станкевіч, які пасля прыходу савецкіх уладаў быў рэпрэсаваны…

Адрас: касцёл знаходзіцца на вуліцы Šv. Mykolo 9. Зусім побач месціцца знакаміты гатычны касцёл Св. Ганны і помнік Адаму Міцкевічу.

7. Вельмі раім наведаць і адзін з найстарэйшых віленскіх некропаляў – віленскія могілкі Росы, дзе пахаваныя славутыя беларускія нацыянальныя дзеячы, літаратары, святары, інтэлектуалы. Поўны спіс і мапу-схему вы можаце знайсці ў даведніку.

Адрас: Rasu g. 32 (па другі бок ад Старога горада, за чыгункай, 15-20 хвілінаў ад чыгуначнага вакзала)

8. Нельга пакінуць без увагі і знакаміты Віленскі ўніверсітэт. Кожны з нас – хто са школьных падручнікаў, хто з навуковых крыніцаў – ведае пра гэтую навучальную ўстанову. Вядомая і гісторыя таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Студэнтамі гэтага ўніверсітэта былі знакамітыя Адам Міцкевіч, Тэадор Нарбут, Томаш Зан, Ігнат Дамейка, Ян Чачот ды іншыя.

Адрас: Universiteto g. 3 (Стары горад, побач з Прэзідэнтурай)

9. «Дом з тытанамі» нам таксама нельга абмінуць, як нельга абмінуць гісторыю графа Яўстаха Тышкевіча, ці гісторыю пачынальніка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, ці гісторыю «Нашай Нівы». Гэты будынак – палац Тышкевічаў, альбо «Дом з тытанамі» – звязвае з гісторыяй Беларусі вельмі шмат. Тут знаходзілася легендарная калекцыя старажытнасцяў графа Яўстаха Тышкевіча, тут быў і Віленскі акруговы суд, у якім працаваў легендарны Францішак Багушэвіч. Нейкі час тут нават месцілася і рэдакцыя «Нашай Нівы» (1907 г.).

Адрас: Traku g. 1 – Pylimo g. 26 (Стары горад)

10. Завяршаем наш ТОП-10 лагічнай сувяззю паміж мінулым і сучасным – Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, які фактычна з’яўляецца сучаснай «беларускай Мекай» у Вільні. Месцам, дзе беларусы заўжды змогуць знайсці падтрымку і прытулак. Месцам, дзе яны могуць атрымаць годную еўрапейскую адукацыю. 27 кастрычніка ўсе жадаючыя могуць стаць гасцямі на Днях адчыненых дзвярэй «Універсітэцкія вакацыі» ў ЕГУ і даведацца пра магчымасці працягу адукацыі ў Еўрапейскім саюзе. Мерапрыемства адбудзецца ў навучальным корпусе ЕГУ.

Увага! 27 кастрычніка ад 11 да 13 гадзіны ў ЕГУ будуць разыграныя 5 квіткоў на канцэрт гурта «Ляпіс Трубяцкой» для гасцей «Універсітэцкіх вакацый»! Запрашаем да ўдзелу! Падрабязная інфармацыя тут.

Адрас: гарадскі раён Антокаль, вуліца Valakupių 5. Ад вакзала можна дабрацца на тралейбусе №2 (35 хвілін).

Таксама інфармуем вас, што пасля канцэрта Ляпісаў усе жадаючыя, асабліва тыя, каму не хапіла месцаў у гатэлях,

змогуць наведаць afterparty ў клубе LOFTAS (Švitrigailos g. 29) і пратусіць там да самай раніцы!

Зробім апошнія выходныя кастрычніка неафіцыйнымі днямі культуры Беларусі ў Літве!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?