Ісоіф Кабзон гастралюе з чарговым развітальным турам. Перад канцэртам у Мінску славуты савецкі крунэр сустрэўся з журналістамі і прачытаў ім нешта накшталт невялікай лекцыі пра савецкія традыцыі, журналістыку, Pussy Riot і дысцыплінаванасці беларусаў.

Кабзон прыходзіць у канферэнц-пакой канцэртнай залы «Мінск» у моднай скураной куртцы з мехавым каўнерам.

Нядаўна спявак адзначыў 75-годдзе, і цяпер ездзіць па свеце з развітальным турам — напярэдадні ён адыграў канцэрт у Магілёве.

«Мне падабаецца ў Беларусі, у Мінску. — кажа спявак. — Шырокія вуліцы, як быццам яшчэ за савецкім часам ведалі, што калі-небудзь з’явяцца заторы».

На кожнае пытанне Кабзон адказвае разважліва, хвілінаў па дзесяць. Праз што ледзь не спазняецца на пачатак канцэрту. Ён любіць разважаць, размаўляць, доўга, з расстаноўкай — бачна, што Кабзон хутчэй не адказвае на пытанні, а хоча падзяліцца думкамі.

«У вас унікальная парфума і бялізна. Мая жонка вельмі любіць прадукцыю гэтай фабрыкі беларуска-італьянскай, якая ў Магілёве.
Гатэль „Еўропа“ мне вельмі спадабаўся. У краіне чыста.
Я хадзіў на могілкі, пакланіцца Машэраву, Мулявіну, Вуячычу, сям’і Яроменкаў. —
кажа спявак. — Могілкі — гэта ўвогуле твар краіны. У Беларусі выдатна. Добра пастаўлена барацьба з крыміналітэтам — маладыя людзі, як мне расказвалі, не баяцца ноччу выходзіць з дому».

У рыторыцы Кабзона праскокваюць ноткі, якія выдаюць у ім дэпутата Дзярждумы.

Ён вельмі любіць Савецкі Саюз, і лічыць ягоны распад вялікай трагедыяй.
«Бо гэта была дзяржава». Яго грэюць «найвышэйшае пачуцце савецкага патрыятызму», савецкая эстрада, і «куды больш дэмакратычная беларуская культура», якая, у адрозненне ад расейскай, «не пусціла пошласць на сцэну».

«Мае ўнукі на палову беларусы. — кажа Кабзон. — Жонка мне рэгулярна нагадвае пра гэта. Мой зяць да шасці гадоў жыў у Беларусі, пасля ў Аўстраліі.

Унукі жывуць у Лондане. Калі яны прыязджаюць, я забараняю ім размаўляць па-англійску дома.
У школе — калі ласка. Я іх папярэдзіў «пачую у вас акцэнт, ніколі да вас не прыеду».

Сваю сям’ю Кабзон вельмі любіць і нават пачынае спяваць журналістам фрагменты песняў, прысвечаных ягоным унукам, якіх ён любіць нават больш, чым музыку.

Пра пераемнікаў для сябе на эстрадзе Кабзон не думае, па словах спевака: «Не патрэбна паўтарэння Кабзонаў у грамадстве». Чаго ў спевака не адняць, гэта пачуцця гумару — за паўгадзіны ён паспявае расказаць штук пяць анекдотаў.

На развітанне, калі спявак ужо спазняўся на канцэрт, ён нечакана звярнуўся да журналістаў з разгорнутай прамовай.

«Калі ў адной газеце пішуць адно, а ў іншае пра тую самую падзею іншае — гэта ангажаванасць аднаго з бакоў. Гэта не правільна.

Вось што раздзьмулі з гэтых дзяўчат з Pussy Riot. Насамрэч, у мячэці ці ў сінагозе іх бы разарвалі, а праваслаўныя людзі цярплівыя.
Іх грамадства не ўхваляе. Але гэта дзяўчаты, якія цяпер пакутуюць у турме, у той час як мэнэджары, якія прыдумалі гэтую акцыю, п’юць гарэлку на волі. Трэба моладзь неяк яднаць. Вось мы стварылі моладзевы парламент у Забайкаллі — гэта страшны рэгіён, але нашая праблема ў тым, што да таго моладзь распіхвалі па палітычных ячэйках — гэта «адзінаросы», гэта — моладзь ЛДПР і гэтак далей. Моладзь трэба яднаць — моладзь Расіі, ці Беларусі.
Не хочаце камсамолу? Ну дык дайце іншую назву. Камсамол нічога дрэннага не зрабіў.
А ваша задача, спадары журналісты, не крытыкаваць, а дапамагаць сваім прэзідэнтам, мэрам і губернатарам, калі тыя ў чымсьці памыляюцца».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?