23 кастрычніка музыкі паведамілі, што канцэрт «Палаца», прымеркаваны да 20-годдзя гурту, адменены. Маўляў, па прычынах, якія не залежаць ад арганізатараў. А ўжо на наступны дзень адміністрацыя Тэатра беларускай драматургіі, дзе і планаваўся канцэрт, зноў дазволілі выступленне. Лідар «Палаца» Алег Хаменка адказаў на пытанні «НН».

«НН»: Алег, Вы прызналіся ў Фэйсбуку, што ўчора Вам было 76 тэлефанаванняў, і што Вы трымаецеся на валяр'янцы і пустырніку — такія нервы...

Алег Хаменка: Усё адразу. І словы падтрымкі, і праблемы, і эмоцыі, і арганізацыйныя пытанні... Тэлефон ад вуха не адкладваўся.

«НН»: Зноў праблемы з канцэртам?

АХ: Каму цікавыя гэтыя праблемы? Мы даведаліся пра адмену канцэрта значна раней, чым публіка. І я прапанаваў музыкам ужо на гэты час заняцца сваімі планамі. А тут усё трэба вяртаць...

Учора надрукавалі і наш кампакт-дыск.

«НН»: Зразумела, якія пачуцці былі пасля навіны пра адмену канцэрта. А што адчулі пасля яго вяртання?

АХ:

Радасці мы не адчулі.

«НН»: Чаму?

АХ:

Было гідка, а тут стала нязручна.

Я тэлефаную тым людзям, якія абяцалі дапамагчы зрабіць банкет. Адмяняю, затым зноў вяртаю назад. Шмат слоў давялося выслухаць, маўляў, вызначыцеся, так не робіцца. Гэта адзін з прыкладаў.

«НН»: Такая адмена неяк паўплывала на праграму канцэрта?

АХ: Так.

Сяргея Трухановіча не будзе — яго заменіць іншы гітарыст. Астатнія музыкі павінны вярнуцца ў Беларусь.

Перарэжысіравалі праграму: паслядоўнасць канцэрта змянілася.

Усе квіткі раскупленыя, абсталяванне, якое мы хацелі, да канцэрта вернецца...

«НН»: Журналіст Сяргей Будкін лічыць магчымым умяшальніцтва міністра культуры Паўла Латушкі сітуацыю з выступленнем. Вам міністр не тэлефанаваў?

АХ: Канечне, не.

У нас заўсёды былі добрыя адносіны з Паўлам Паўлавічам, але ніякіх такіх размоў не было.

Канцэрт гурту «Палац» адбудзецца 26 кастрычніка ў Тэатры беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44). На ім прэзентуюць музычную прыпавесць «Салдат-доктар» і новы альбом «Кола грукатала».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?