Калі хто не чытаў арыгінал блога Мікалая Халезіна — вельмі раю прачытаць. Самае важнае, як заўседы было «пасля заслоны».

Першы каментар да артыкула быў (фрагментарна) такім:

«…задаўся пытаннем, ці з’яўляецца мова нацыянальным ідэнтыфікатарам. …Не магу сфармуляваць, чаму пры паўнавартаснай (хаця і мертвай) беларускай мове, беларускую не варта лічыць нацыянальным ідэнтыфікатарам».

Ну і адказ: «Тут нельга змешваць цёплае і жоўтае. Канечне, мова з’яўляецца нацыянальным ідэнтыфікатарам. Пытанне ў тым, ці адзіным. Канечне, не адзіным, але, тым не меней, вельмі важным».

Чаму, уласна кажучы, мяне абмеркаванне артыкула зацікавіла болей за сам артыкул. Ну таму, што да артыкула па сутнасці — якія могуць быць прытэнзіі? Усё гэта я чуў. Тэзісы Дубаўца былі да Дубаўца, падчас Дубаўца і будуць пасля.

Тэзісы Халезіна паўтараюць сваім беларускамоўным дзецям усе рускамоўныя бацькі ці рускамоўныя сябры. Пра тое, што хацеў бы, але: не час/не змог/за тое мае дзеці/я калісці таксама/не зразумеюць/цяжка вучыць…

Абедзве пазіцыі мне аднолькава блізкія і аднолькава далёкія. Пазіцыя Дубаўца, блізкая мне наогул, падаецца памылковай сваёй засяроджанасцю на дамінантнасці моўнай праблемы. Яна галоўная для нацыі, але не для насельніцтва. Нацыя — гэта сукупнасць грамадзян і спрэчна, што іх праблемы важней за праблемы сукупнасці чалавекаў.

Пазіцыя Халезіна мне імпануе ў рэчышчы пазіцыі гуманіста і патрыёта, але не падабаецца тым, што такая пазіцыя не спрыяе вырашэнню ніякіх праблем наогул. Яна вуалюе і дызарыентуе.

Тым не меней, у сухой рэшце,

праслойка людзей, якая не лічыць рускамоўных беларусаў небяспечнымі для Беларусі арганізмамі зводзіцца да трох з паловай абагуленых Халезіных, якія шчыра любяць Беларусь, але маюць пазіцыю, якая ніяк не можа прымірыць з існуючай сітуацыяй абагуленых дубаўцоў, якіх, мажліва, не болей за халезіных.

Астатняя большасць падзяляецца на беларуса-пафігістаў і беларусафобаў, у якіх да і да дубаўцоў і да (у меншай ступені) халезіных будуць з цягам часу фармулявацца прытэнзіі рознай ступені слушнасці.

Каментатару артыкула Халезіна, які так шчыра хацеў сэканоміць час і, замест вывучэння беларускай мовы, згенернаваць пару пастулатаў пра яе неістотнасць, раю усе ж пачынаць вучыць белмову.
Так будзе хутчэй, бо другое — нерэалізуема. Людзі часта хлусяць самім сабе, апраўдваючы сваю слабасць, ляноту, заганнасць. Да, я пра такое чуў). Канешне белмова — не ідэнтыфікатар беларуса. Яна — натуральна ідэнтыфікатар нігерыйца, хто б сумняваўся.

Цяпер наконт важнасці ідэнтыфікатара.

Неверагодна паважаючы Мікалая Мікалаевіча, я бы хацеў сказаць, што палавыя прыкметы таксама бываюць рознымі. Але распранутага і раздзетага мужчыну суаднесці з ягонай гендарнай прыналежнасцю можна толькі па адной прыкмеце. Першаснай палавой. Можна мець самыя валасатыя ў свеце ногі ці самыя дасканалыя геаграфічныя веды ў беларускай лакацыі. Можна мець самы нізкі голас ці самы дагледжаны беларускі пашпарт.

Можна мець самыя прыгожыя вусы ці самы шчыры клопат за лёс бацькаўшчыны. Але пачатак мужчыны ці грамадзяніна — ён адзін. Самы яўны. Самы выпуклы. Яго, даруйце, не зблытаеш ні з чым.

І вось калі ў выніку катаклізмаў і кепскай экалогіі большасць мужчын страчвае свае рэпрадуктыўныя і палавыя функцыі разам з ворганамі, у яе асародку непазбежна ўзнікне легенда пра тое, што барадатасць, валасатасць і басавітасць — гэта першасныя прыкметы. А палавая — другасная, калі не рудыментарная. А тыя два з паловай мужыкі, якія засталіся нягледзячы на экалагічную катастрофу больш-менш мужыкамі ў класічным сэнсе гэтага слова — стануць у сваім асяродку уродамі. Яны абрастуць мянушкамі і сацыяльнымі комплексамі. Яны будуць хавацца і не высоўваца.

Так што да, метафара мая такая вось бытавая, брутальная і камусьці абавязкова падасца пошлай. Але ўжо нікуды ад яе не падзецца і я проста рэзюмую.

Пакуль не настала ядзернай зімы, не трэба апраўдвацца, хавацца ці тлумачыць свой стан сацыяльным анамнезам. Трэба проста берагчы першасныя палавыя прыкметы нацыі. Хоць свінцом абгортваць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?