Фэстываль «Дударскі фэст» завяршыўся ў Менску ўвечары 22 красавіка. У імпрэзе ўзялі ўдзел каля сарака выканаўцаў зь Беларусі, а таксама замежныя госьці. Музыку дуды прадстаўлялі гурты «Стары Ольса», «Келіх кола», «Капэля Алеся Лася», «Ліцьвінтроль», «Ліцьвінскі хмель» ды іншыя.
Пярлінай фэсту назвалі выступ Ютакі Бана — японца, які жыве ў Баўгарыі, і грае на баўгарскім тыпу дуды. На фэсьце апроч беларускіх былі прадстаўленыя таксама польскія, літоўскія, латыскія, галісійскія, нямецкія і шатляндзкія дуды.
Гаворыць арганізатар і вядоўца імпрэзы — Зьміцер Сасноўскі, лідэр гурту «Стары Ольса».
«На нашым фэстывалі мы б хацелі, каб гучалі вельмі розныя дуды, і дэманстравалі, што традыцыя беларускай дуды разьвівалася сярод інструмэнтаў такога ж кшталту інструмэнтаў усёй Эўропы. У рэканструкцыі традыцыйнай беларускай манэры граньня вельмі моцна вылучаюцца два вучні майстра Тодара Кашкурэвіча: Дзяніс Сухі і Юрась Панкевіч».
Сучасных беларускіх дудароў можна падзяліць на дзьве катэгорыі. Першыя — тыя, хто займаецца рэканструкцыяй аўтэнтычнага гучаньня дуды, і тыя музыканты, якія выкарыстоўваюць гук дуды як элемэнт музычнага аздабленьня сваіх песень. Яшчэ пятнаццаць гадоў таму ў Беларусі было адно некалькі дудароў, які аднаўлялі амаль што згубленую традыцыю майстраваньня ды ігры на старадаўнім інструмэнце: напрыклад, Алесь Лось і Тодар Кашкурэвіч. Цяпер зьявіўся цэлы дударскі рух.
За сцэнай вялікая грымёрка, выканаўцы рыхтуюцца да выступу, шмат моладзі, я зьвяртаюся да аднаго з удзельнікаў. Аляксей Барэйша, малады гурт «Яварына»:
«Гадоў пяць таму я яшчэ ня ведаў, што дуда — беларускі інструмэнт. Калі я апынуўся ва ўнівэрсытэце культуры, пазнаёміўся з дудой. Я так ацаніў, што ў Беларусі вельмі вялікі інтарэс да гэтага інструмэнту».
Некаторыя з гледачоў дзеляцца ўражаньнямі ад імпрэзы:
«Гэтая музыка ўздымае настрой. Калі граюць старажытную музыку, беларускую ці агульнаэўрапейскую, заўжды сыходжу з усьмешкай, вельмі рады».
«Вельмі добра, што ў нас гэта ёсьць, яно будзе, мусіць быць. Мы мусім ведаць нашу культуру і мову».
Зьміцер Сасноўскі так падсумаваў вынікі фэсту:
«Я вельмі крытычна стаўлюся да ўсіх нашых посьпехаў, больш бачу недахопы. Але можна сказаць, што зьявілася традыцыя штогадовых фэстаў дуды, і вяртаньне гэтага нацыянальнага інструмэнту адбылося».
Фэстываль скончыўся выхадам усіх музыкаў, што граюць на беларускіх дудах, якія выканалі найгрыш «Зайграй мне, дударочку», што стаўся гімнам «Дударскага фэсту».