Беларусь рэкамендуе Чэхіі расследаваць факты прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы і псіхіятрычных установах, а таксама правесці ўсебаковае, празрыстае расследаванне сцвярджэнняў аб удзеле ўлад гэтай краіны ў сакрэтных праграмах ЦРУ.
Пра гэта было заяўлена прадстаўнікамі беларускай дэлегацыі на 14-й сесіі Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе, што праходзіць 22 кастрычніка — 5 лістапада ў Жэневе, падчас якой разглядаецца сітуацыя з забеспячэннем правоў чалавека ў шэрагу краін свету
Як паведамляе прэс-служба МЗС, дэлегацыю Беларусі ўзначальвае пастаянны прадстаўнік краіны пры аддзяленні ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў.

Акрамя таго, беларуская дэлегацыя пракаментавала сітуацыю ў Аргенціне, Беніне, Габоне, Рэспубліцы Карэя, звярнуўшы ўвагу дэлегацый гэтых краін на «шэраг сістэмных праблем з забеспячэннем і выкананнем правоў чалавека, на якія таксама ўказваюць дагаворныя органы ААН, спецыяльныя працэдуры Савета ААН па правах чалавека, няўрадавыя арганізацыі».

«Беларускія дыпламаты рэкамендавалі ўказаным краінам сярод іншага актывізаваць намаганні для барацьбы з гандлем людзьмі, выкараніць практыку цялесных пакаранняў дзяцей, іх працоўнай і сексуальнай эксплуатацыі, узмацніць адказнасць за гэтыя злачынствы, прыняць дадатковыя меры для ліквідацыі насілля ў дачыненні да жанчын, гендарнай няроўнасці, узмацніць абарону бежанцаў, рабочых-мігрантаў і членаў іх сем’яў, расследаваць шматлікія выпадкі гвалтоўных і нядобраахвотных знікненняў», — паведамляе прэс-служба.

«У кантэксце гэтых і іншых праблем дэлегацыя Беларусі рэкамендавала краінам запрасіць з візітамі спецыяльных дакладчыкаў Савета ААН па правах чалавека», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?