Беларусь не будзе пераходзіць на зімовы час 28 кастрычніка, стрэлкі гадзіннікаў у гэты дзень у краіне пераводзіцца не будуць, паведаміла прэс-служба Дзяржстандарта.

У адпаведнасці з пастановай Савета міністраў ад 15 верасня 2011 года № 1229 на тэрыторыі нашай краіны перавод стрэлак на сезонны час (вясной і восенню) не ажыццяўляецца.

«Гэтае рашэнне аб адмене штогадовага пераводу гадзіннікавай стрэлкі ў апошнюю нядзелю сакавіка на адну гадзіну наперад і ў апошнюю нядзелю кастрычніка на адну гадзіну назад было прынятае з мэтай узгодненага з дзяржавамі — удзельніцамі Мытнага саюза падліку часу», — патлумачылі ў Дзяржстандарце.

Цяпер пытанне аб вяртанні да сезоннага пераводу стрэлак гадзіннікаў у Беларусі не разглядаецца.

Нагадаем, Беларусь следам за Расіяй прыняла рашэнне не пераходзіць больш на зімовы час пачынаючы з восені 2011 года, пакінуўшы на сваёй тэрыторыі летні час назаўсёды.

Такім чынам, час у Беларусі, якая знаходзіцца ў адным гадзінным поясе з Украінай, Літвой і шэрагам іншых краін, з лістапада па сакавік адрозніваецца ад часу ў гэтых краінах на адну гадзіну.

Разам з тым некаторыя спецыялісты сцвярджалі, што Расія і Беларусь адмянілі не той час. Трэба было адмяніць якраз летні час, які для чалавека не з’яўляецца фізіялагічным і быў уведзены штучна для эканоміі энергарэсурсаў. Зімовы ж час у многіх краінах супадае са стандартным астранамічным. Краіны, якія не пераводзяць стрэлкі гадзіннікаў або адмовіліся ад пераходу, не выкарыстоўваюць якраз летні час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?