Прычына — няўдалае выступленне айчынных спартсменаў на Алімпіядзе ў Лондане. Лукашэнка не здымаў з сябе віны за «правал» алімпійцаў, але ў адстаўку адправіў іншых людзей.

1. Малады і невядомы
Прызначэнне Алега Качана адбылося ў чэрвені 2009. На месца пенсіянера Аляксандра Грыгарава прыйшоў 41‑гадовы Алег Качан (маладзей яго ў Саўміне тады быў толькі міністр культуры Павел Латушка).
Качан нарадзіўся ў Чэрвені, працаваў у Лагойскім райвыканкаме. Адтуль яго забралі ў Мінскі аблвыканкам, прызначыўшы на пасаду начальніка спартыўнага ўпраўлення. Гэта быў самы малады міністр спорту і турызму за ўсю гісторыю.

У пазнейшых інтэрв’ю адзін з папярэднікаў Качана Юры Сівакоў згадваў, што гэта ён прывёў Алега Качана ў структуру Мінспорта. «Падыход Качана выклікае толькі пачуццё раздражнення, абурэння і крыўды і нянавісці», — казаў сёлета Юры Сівакоў.

2. Ставіў амбіцыйныя задачы
Хай яны і не заўсёды супадалі з рэальным становішчам рэчаў у нашым спорце. Напрыклад, перад адборам чэмпіянату Еўропы-2012 па футболе Алег Качан сказаў, што
зборная абавязаная заняць у групе першае ці другое месца
. Цяжка было сказаць чаму, бо перад гэтым нашым найлепшым вынікам было трэцяе месца ў 2001. У выніку беларусы апынуліся толькі чацвёртымі, прапусціўшы наперад Францыю, Боснію, Румынію, апярэдзіўшы Албанію і Люксембург.

Значную частку працы Качана займала хакейнае мінскае «Дынама». Міністр прапаноўваў, каб у гэтай камандзе гуляла толькі шасцёра легіянераў. Насамрэч жа сёлета праз каманду ўжо прайшло 16 варагаў. Больш легіянераў няма ў ніводнай камандзе КХЛ.

3. Лавіць шайбу зубамі
Качан, як і ягоны шэф, неаднаразова дазваляў сабе нетактоўныя выказванні ў адрас сваіх падначаленых. Пасля правальнага леташняга першынства свету па хакеі міністр спорту параіў нашаму галкіперу Андрэю Мезіну лавіць шайбу зубамі, а абаронцам і нападаючым выходзіць на лёд з паламанымі рукамі і нагамі. Мудрыя прапановы, нічога не скажаш.
Вядомы хакейны варатар Сяргей Шабанаў на гэта прапанаваў адсякаць спартоўцам галовы за няўдалыя старты.

«Мне ўсё роўна, хруснула не хруснула спіна, павінен быў штурхаць», — казаў Качан па выніках Алімпіяды. У рэшце рэшт чыноўнік прыйшоў да высновы, што некаторыя спартоўцы свядома паказвалі кепскі вынік.

4. Дзіўныя прапановы па турызме
Качан быў міністрам не толькі спорту, але і турызму. І тут ягоныя ініцыятывы часам выклікалі абсалютнае непаразуменне. Напрыклад, вясной гэтага года, калі паміж афіцыйнымі Мінскам і Брусэлем адбыўся дыпламатычны кафнлікт, міністр сказаў наступнае: «Можа, мы станем нават больш прывабнымі ў плане турызму пасля ад’езду паслоў». Нібыта ў КНДР, дзе няма паслоў ЕС, турызм там квітнее.
«Гатэль у 200 даляраў за ноч — гэта зусім не дорага», — упэўнены Алег Качан. Цікава, што сказана гэта было адразу пасля леташняй дэвальвацыі, калі даходы большасці беларусаў упалі якраз да гэтых 200 даляраў.
«Лібералізаваць уезд турыстаў у краіну — сам бог наказаў», — гаварыў міністр. Зрэшты, канкрэтных зрухаў у гэтым накірунку зроблена так і не было.
5. З думкамі аб прэзідэнце
Што б ні рабіў, ці ні казаў Алег Качан, гэта адбывалася з думкамі пра кіраўніка дзяржавы. «Зборную павінен трэніраваць чалавек, які зможа вывесці на вынікі, чаканыя прэзідэнтам», — сказаў Качан пасля адстаўкі Бернда Штанге з пасады галоўнага трэнера футбольнай зборнай Беларусі. Заўзятары ў гэтым пытанні не так важныя, галоўнае, каб прэзідэнту спадабалася.
«Задачы паставіў перад намі прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Мы выдатна разумеем, што павінны прыкласці максімум намаганняў, каб іх выканаць», — казаў Качан перад Алімпіядай.
Лукашэнка тады загадаў заваяваць 25 медалёў, 5 з якіх залатых. У выніку абмежаваліся толькі 12. «Мы падманулі прэзідэнта. Я яму абяцаў медалі, асабіста», — калі падмануў, то адстаўка Качана не павінна здзівіць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?