На выходных прайшоў другі тур чэмпіянату Беларусі па футболе. Большасьць матчаў скончылася досыць прадказальна.

У цэнтральным матчы туру ў Салігорску сышліся мясцовы «Шахцёр» і «Гомель». У першым туры абедзьве каманды перамаглі і падняліся на вяршыню турнірнай табліцы. Гульня роўных па сіле супернікаў скончылася ўнічыю — 0:0. Гамельчукі толькі аднойчы за ўсю гісторыю перамагалі ў Салігорску, палепшыць статыстыку не атрымалася і гэтым разам.

«Дарыда» ў сваю чаргу ўвогуле ніколі не адбірала пункты на «Трактары» у МТЗ‑РІПА. Не змагла адабраць і гэтым разам. Лёс матчу вырашыў адзіны гол баўгарскага легіянэра Янкі Вылканава. Гэты матч пацьвердзіў, што для перамогі дастаткова аднаго трапанага ўдара.

БАТЭ і «Смургоні» сыгралі так, як і мусяць гуляць чэмпіён з навічком эліты. БАТЭ атакаваў, «Смургоні» абараняліся. У выніку барысаўцы забілі шмат, але і прапусьцілі нямала. 4:2 на карысьць чэмпіёна.

Заканамерным вынікам праваленай міжсэзоннай падрыхтоўкі стаўся старт менскага «Дынама». У другім туры «Дынама» ў Менску без варыянтаў прайграла сваім берасьцейскім аднаклюбнікам — 0:2.

Нечаканасьцю ў другім туры хіба можна назваць перамогу ФК «Менск» над «Віцебскам». Віцьбічы мелі шмат галявых момантаў, але забіць змаглі толькі аднойчы, сталічныя ж футбалісты забілі двойчы.

Астатнія матчы туру прынесьлі наступныя вынікі: «Дняпро» — «Тарпэда» 1:1, «Нёман» — «Нафтан» 3:2.

Пасьля двух тураў лідзіруюць: БАТЭ, МТЗ‑РІПА — па 6 пунктаў, «Шахцёр», «Дняпро», «Гомель» — па 4 пункты.

Найлепшым бамбардзірам зьяўляецца барысавец Генадзь Блізьнюк, у яго тры галы.

Матчы трэцяга туру пройдуць у гэтую пятніцу‑суботу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?