Сёньня, 23 красавіка, на вашыя пытаньні адказваў прафэсар, дасьледчык наступстваў Чарнобыльскай катастрофы Юры Бандажэўскі.

* * *

Я жыву ў Менску. Ці трэба маёй сям'і прымаць нейкія меры перасьцярогі, абмяжоўвацца ў нечым, ці нам радыяцыя зусім не пагражае?

ёпс

І ў Менску, калі спажываеце прадукты, якія ўтрымліваюць радыеактыўныя элемэнты, у прыватнасьці, Cs‑137 і Sr‑90, вы можаце падстаўляць сваё здароўе небясьпецы. Праблема цяпер ня ў зьнешнім апраменьваньні чалавечага арганізму на пэўнай тэрыторыі, а ў дзеяньні інкарпаратыўных радыеактыўных элемэнтаў на яго структурныя элемэнты. Таму небясьпеку ўяўляюць прадукты харчаваньня, якія ўтрымліваюць пазначаныя радыенукліды.

Спадар Прафэсар, адкажыце, калі ласка, праз каторы час у зоне забруджваньня можна будзе бяспечна жыць? Колькі гадоў яшчэ чакаць распаду элементаў (акрамя таго, што распадаецца праз 10000 гадоў)?

Колькі яшчэ хваляў анкалягічных захворваньняў трэба чакаць? Першая была ў пачатку 90-х, затым напрыканцы 90-х, і вось ня так даўно я чуў, што ізноў прайшла хваля. Папраўце, калі я памыляюся.
Ці кантактуюць нашыя медыкі з японцамі па вырашэньні праблемы пострадыяцыйных анкалёгій?

звычайны хлопец

На жаль, праблемы ўзьдзеяньня радыеактыўных элемэнтаў на арганізм чалавека і жывёлаў значна больш складаная, чым здаецца на першы погляд. Нават з улікам таго, што насельніцтва Беларусі сутыкнулася з праблемай радыеактыўнага ўзьдзеяньня задоўга да Чарнобыльскай катастрофы. Ад пачатку 60-х гадоў былі зарэгістраваныя значныя колькасьці радыенуклідаў Cs-137 у мясе і малацэ сельскагаспадарчых жывёлаў і расьлінаў у шэрагу раёнаў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей (Марей А.Н., Бархударов Р.М., Новикова Н.Я. Глобальные выпадения цезия‑137 и человек. Москва, Атомиздат, 1974. ‑168с.). Пасьля гэтага дэмаграфічныя паказьнікі ў рэспубліцы сталі няўхільна год ад году пагаршацца — зьменшылася нараджальнасьць і павялічылася сьмяротнасьць. Напрыклад, у 1965 годзе нараджальнасьць складала 17,9%, а сьмяротнасьць — 6,8%, у 1975 годзе адпаведна — 15,6% і 8,5%, у 1985 годзе адпаведна — 16,5% і 10,6%. Чарнобыльская катастрофа рэзка пагоршыла сытуацыю, і ў 1995 годзе нараджальнасьць склала 9,8%, а сьмяротнасьць —13,0%, а ў 2005 годзе адпаведна — 9,2% і 14,5%. Такім чынам сьмяротнасьць цяпер істотна перавышае нараджальнасьць. Таму вельмі цяжка рабіць прагнозы на падставе толькі інфармацыі пра радыеактыўныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Мяне абсалютна не зьдзіўляе тое, што усплёск колькасьці захворваньняў на рак шчытападобнай залозы зьявіўся раней за прагназаваныя тэрміны, бо яшчэ да Чарнобыльскай аварыі 1986 г. радыяцыйная абстаноўка ў рэспубліцы была неспрыяльнай.

На жаль, я не валодаю на дадзены момант інфармацыяй пра кантакты беларускіх мэдыкаў зь японскімі дактарамі. У свой час — пачатак 90-х гадоў — гэтыя кантакты былі дастаткова інтэнсіўнымі, праводзіліся навуковыя канфэрэнцыі й сымпозіюмы, ажыцьцяўляліся навуковыя і гуманітарныя праекты.

Сп. Юры. Дзякуй Вам за Вашу працу!
Шкада, што для вас не знайшлося месца на Радзіме цяпер. Зычу плёну ў вашай працы! Хочацца верыць, што вернецеся да Беларусі, калі на тое будуць зноў умовы.

Паўлюк

Дзякуй вялізны за Вашыя словы.

1) Ці гатовы Вы, ў выпадку зьмены ўлады, вернуцца на Беларусь і прынесьці ў Беларусь з сабой тыя кантакты і напрацоўкі, той эўрапейскі досьвед, які назапасіце за гэты час.
2) Якое Вашае бачаньне стану беларускай навукі ? Што б на Ваш погляд варта было б зьмяніць?
ПС:
Прабачце, мяне, што калісьці дрэнна пра Вас думаў.
Але пасьля таго, як пабачыў хапун у Скарыне, стаў уяўляць, што і як адбываецца.

Канстанцін

Я б і цяпер вярнуўся б на Радзіму, каб працягваць навуковыя досьледы. Але, на жаль, гэта немагчыма.

1. Несумненна, я ў першую чаргу думаю пра нашу навуку, нягледзячы на тое, што цяпер жыву ў Францыі.

2. Навука — гэта тая вобласьць чалавечай дзейнасьці, якая не трывае дыктату. Аснова разьвіцьця навуковых дасьледаваньняў і атрыманьня новых вынікаў — гэта плюралізм думак і адкрытая навуковая дыскусія. Нават у звышзакрытых лябараторыях гэтая практыка існавала й існуе. Інакш няможна. Вельмі часта геніяльныя думкі нараджаліся ў галовах маладых і напорыстых дасьледнікаў пасьля і ў часе такіх дыскусій.

Ніякімі дырэктывамі нельга вызначыць ступень будучых навуковых зьдзяйсьненьняў. Наўзвочны прыклад — гэта навуковыя досьледы ў вобласьці наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

На працягу 90-х гадоў былі розныя навуковыя меркаваньні, было шмат пытаньняў, было й багата зроблена ў навуковым пляне. Цяпер я ня бачу плюралізму навуковых меркаваньняў па дадзенай праблеме. Гэта што, усім усё зразумела, і навуковыя дасьледаваньні можна не праводзіць?

Мы ніколі ня вылезем з гэтага меха праблем з узьдзеяньнем радыенуклідаў на арганізм чалавека, калі ня будзем даваць магчымасьць навукоўцам інтэнсіўна працаваць у дадзеным кірунку, і, вядома, выказваць сваё меркаваньне.

Скажите пожалуйста, где и как можно ознакомиться с Вашими трудами об ииследованиях последствий на ЧАЭС, может книги, или сайт есть, то дайте ссылочку

Yan

Цяпер я ня ведаю, дзе можна. У свой час вынікі навуковых досьледаў Гомельскага дзяржаўнага мэдыцынскага інстытуту па праблеме узьдзеяньня інкарпараваных радыенуклідаў Cs-137 на арганізм чалавека былі апублікаваныя ў шматлікіх навуковых зборніках і манаграфіях, артыкулах у навуковых часопісах. Падам толькі некаторыя зь іх:

Клинико‑экспериментальные аспекты влияния инкорпорированных радионуклидов на организм / Бандажевский Ю.И., Лелевич В.В..Стрелко В.В. и др.; Под редакцией Ю.И. Бандажевского, В.В. Лелевича. — Гомель, 1995. — 173с.

Структурно‑функциональные эффекты инкорпорированных в организм радионуклидов / Под редакцией Ю.И. Бандажевского. — Гомель, 1997. — 152с

Бандажевский Ю.И.Патофизиология инкорпорированного радиоактивного излучения.‑ Гомель, Гомельский государственный медицинский институт, 1997. — 104с.

Бандажевский Ю.И. Патология инкорпорированного радиоактивного излучения. — Минск:БГТУ, 1999. ‑136с.

Бандажевский Ю.И. Радиоцезий и сердце (патофизиологические аспекты). — Минск:»Белрад», 2001. — 62с.

Бандажевский Ю.И. Радиоцезий и внутриутробное развитие зародыша. Минск: « Белрад», 2001. — 54с.

Бандажевский Ю.И. Патологические процессы в организме при нкорпорации радионуклидов. — Минск:»Белрад», 2002. — 142с.

Bandazhevsky Yu.I. Chronic Cs‑137 incorporation in children’s organs. Swiss. Med. Weekly 133: p. 488‑490, 2003.

Bandajevsky Yu. I., Bandazhevskaya G. Cardiomyopathies au cesium 137. CARDINALE Paris , XY : 8 p 40‑42, Octobre 2003.

на Ваш погляд учым сэнс змаганьня ўладаў з чарнобыльскай навукай ды навукоўцамі Якія дывідэнды яна з гэтага маюць

дзівак

Праблема ўзьдзеяньня радыяцыі на арганізм чалавека — гэта сусьветная праблема. Існуе пагадненьне між МАГАТЭ — Міжнародным агенцтвам па атамнай энэргетыцы і САЗ — Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя пра неразгалошаньне сувязі між узьнікненьнем захворваньняў чалавека і ўплывам радыяцыі на ягоны арганізм. Мы разам з маімі шматлікімі калегамі і таварышамі змагаемся за адмену гэтага пагадненьня. 26 красавіка ў Жэнэве пройдзе маніфэстацыя ў падтрымку нашых патрабаваньняў. Па ўсім сьвеце зьбіраюцца подпісы за адмену гэтага пагадненьня. Тое, што адбываецца з здароўем людзей у Беларусі, ёсьць часткай гэтай праблемы, я б сказаў, лякмасавай паперкай, якая прыадчыняе, для тых, хто хоча даведацца, заслону таго, што рэальна адбываецца з арганізмам чалавека, калі ён кантактуе з радыеактыўнымі элемэнтамі. Несумненна, прадстаўнікі сусьветнага ядравага лобі ня хочуць, каб сусьветная супольнасьць убачыла сапраўдную карціну. І прымаюць розныя намаганьні для хаваньня ісьціны. А ўсё астатняе ўжо другаснае.

Кажуць Вашы працы артыкулы не сурёзна прыцягнутыя за вушы а што альбо хто сёньня ў чарнобыльскімм пытаньні - сурёзна

дзівак

Я не разумею такога кшталту выказваньні. Магу толькі сказаць, што ў мяне не было жаданьня неяк утрыраваць сытуацыю. Я б нават сказаў, што нам не ўдалося шмат чаго вывучыць і паказаць. Мой раптоўны арышт усе дасьледаваньні ў гэтым кірунку перарваў, і цяпер іх ніхто не праводзіць. Калі арганізоўваў Гомельскі дзяржаўны мэдыцынскі інстытут, я ня ставіў задачы знайсьці радыяцыйна‑абумоўленыя эфэкты ў Гомельскай вобласьці. Ставілася задача высьветліць, ці існуе ўплыў радыеактыўных элемэнтаўнайбольш шырока распаўсюджанага элемэнту Cs‑137 на жыцьцёва важныя органы і сыстэмы арганізму пры іх трапляньні ў арганізм. І вывучалася рэальная сытуацыя — спажываньне прадуктаў харчаваньня, якія ўтрымліваюць гэтыя радыенукліды.

Яшчэ ў 1993 годзе ў сваім лісьце ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусі я падаваў вынікі навуковых дасьледаваньяў, праведзеных у нашым інстытуце. Тады дэмаграфічная сытуацыя не надавала аптымізму, хоць і была не так трагічная, як цяпер (нараджальнасьць у 1993 годзе складала 11,3%, а сьмяротнасьць —12,9%). За гэты ліст я падвергся крытыцы з боку многіх афіцыйных асоб, мне казалі, навошта вы лезеце не ў сваю справу, займайцеся лепей падрыхтоўкай лекараў. І што, сытуацыя з здароўем людзей палепшылася за гэты час? Не, не палепшылася, у 2003 годзе нараджальнасьць і сьмяротнасьць складалі ўжо 9,0% і 14,5%. Адбылося рэзкае пагаршэньне сытуацыі.

Калі вы згодныя жыць з тым, што ў краіне такая сьмяротнасьць і такая нараджальнасьць, адбываецца няўхільны рост багата якіх захворваньняў, у прыватнасьці, сардэчна‑сасудзістых і анкалягічных, тады ў вашых вачах я сею паніку, утрырую сытуацыю. Няўжо можна спакойна глядзець на тое, што ў Гомельскай вобласьці ў 2003 годзе з 13661 народжаных дзяцей у 1304 знойдзеныя прыроджаныя парокі разьвіцьця і анамаліі? Можна прыводзіць яшчэ багата афіцыйных статыстычных зьвестак.

Пра аб’ектыўнасьць нашых дасьледаваньняў сьведчыць і тое, што асноўныя навуковыя працы, апублікаваныя намі, цытуюць у сваіх падручніках нашыя калегі з заходніх цэнтраў, а таксама тое, што яны выходзілі пад грыфам Міністэрства аховы здароўя і з удзелам яго членаў.

Якое Вашае стаўленьне да нашумелай чарнобыльскай справаздачы, падрыхтаванай пад эгідай ААН? У ёй даводзіцца, што шкода ад аварыі на ЧАЭС была перабольшанай, і найбольшую праблему на забруджаных тэрыторыях зараз складаюць не радыяцыя, а сацыяльная неўладкаванасьць, алькагалізм, дэпрэсія і г.д?
2. Можа, калі абстрагавацца ад культа "Чарнобыльскай бяды", то і сапраўды наступствы не такія страшныя? Можа, справаздача ААН дасьць магчымасьць Беларусі хаця б часткова пазбавіцца іміджу "бруднай тэрыторыі"?
3. Ці лічыце Вы магчымым, што сусьветнае атамнае лобі магло зьдзяйсьняць ціск ці нават падкупіць аўтараў справаздачы? Ці што імі маніпуляваў беларускі рэжым?
Пасьля дэмакратычных зьменаў у Беларусі, якой павінна быць палітыка ўладаў адносна чарнобыльскіх тэрыторыяў?
Ці падтрымліваеце Вы ідэю пабудаваць у Беларусі атамную электрастанцыю (у тым ліку, калі яе будуць будаваць французы па сусьветных стандартах)?
6. Чым і дзе Вы займаецеся зараз, дзе Вашая сям'я?

АК

1. Адмоўнае стаўленьне ў мяне да гэтай справаздачы. Я пра гэта ўжо шмат разоў казаў. Яна не адлюстроўвае сапраўднай сытуацыі з здароўем людзей, якія жывуць на тэрыторыі, пацярпелай ад Чарнобыльскай катастрофы. А пацярпела, на мой погляд, уся Беларусь, бо насельніцтва спажывала і спажывае ў ежу прадукты. якія ўтрымліваюць радыеактыўныя элемэнты, нэгатыўна ўплываюць на здароўе.

Я на працягу 10 гадоў быў сьведкам таго, як паступова пацярпелае насельніцтва страчвала правы на абарону свайго здароўя, як рознага кшталту дзеяньнямі спрабавалі аслабіць грамадзкі рэзананс ад Чарнобыльскай катастрофы. І справаздача ААН 2006 году таму сьведчаньне. Паводле задумы яе стваральнікаў, яна мусіла была паставіць кропку ў чарнобыльскай праблеме. У адным старым фільме адзін герой кажа другому: не было гэтага, не было і ўсё! Вось так і тут. Як я магу пагадзіцца з тым, што ў гэтай справаздачы чырвонай ніткай праходзіць думка пра тое, што людзі, якія жывуць на забруджанай тэрыторыі, зьяўляюцца утрыманцамі, дармаедамі і алкаголікамі, вызначаюцца полавай расбэшчанасьцю. Вось такі дыягназ паставілі складальнікі гэтай справаздачы ахвярам Чарнобылю. Яны ня ўбачылі велізарнай захворвальнасьці і сьмяротнасьці насельніцтва, яны ўбачылі тое, што хацелі бачыць.

2. У мяне няма іншага меркаваньня па гэтым пытаньні. Я —лекар, мая задача абараняць здароўе людзей.

3. Я не займаюся прагнозамі, не раблю дапушчэньняў, таму ніяк не магу адказаць на Ваша пытаньне. Складальнікі справаздачы нясуць адказнасьць за тое, што напісалі.

4. Побач зь лячэньнем, трэба надаваць велізарную ўвагу прафіляктыцы разьвіцьця захворваньняў. Радыеактыўныя элемэнты — прычына парушэньняў жыцьцёва важных працэсаў і захворваньняў. Значыць, трэба рабіць усё магчымае, каб радыеактыўныя элемэнты ў арганізм чалавека не траплялі.

5. Я не адмыслоўца ў галіне ядравай энэргетыкі, тым больш у эканоміцы, і не магу вызначыць мэтазгоднасьць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Я — доктар, які вывучае наступствы ўзьдзеяньня гэтай самай энэргетыкі на здароўе людзей. Калі мне кажуць, што ёсьць тэхналёгіі атрыманьня атамнай энэргіі, якія не прыводзяць да забруджваньня вакольнага асяродзьдзя радыеактыўнымі элемэнтамі, я ня веру. Бо так казалі і раней, але здарылася Чарнобыльская катастрофа, прыадчынілася заслона сакрэтнасьці і мы даведаліся, што былі зарэгістраваныя шматразовыя выдзяленьні радыеактыўных элемэнтаў у вакольнае асяродзьдзе на іншых атамных станцыях. Нават у інтэрвію, якое я даваў рускаму прадстаўніцтву радые Бі‑Бі‑Сі вясной 2006 году, напярэдадні майго ад’езду ў Францыю, супольна з спадаром Гагарынскім — намесьнікам дырэктара «Курчатаўскага цэнтру», з вуснаў апошняга прагучала фраза «цяпер нашыя станцыі больш надзейныя». Напрошваецца пытаньне: а старыя куды падзенеце? Бо гэта ж заўсёдная крыніца небясьпекі, уключна з праблемай утылізацыі радыеактыўных адкідаў.

І дзе гарантыя, што новыя тэхналёгіі атрыманьня ядравай энэргіі будуць бясьпечнымі для вакольнага асяродзьдзя і чалавека?

На падставе вынікаў навуковых дасьледаваньняў, праведзеных цягам 1990‑1999 гадоў калектывам Гомельскага дзяржаўнага мэдыцынскага інстытуту, можна абгрунтавана сьцьвярджаць, што пранікненьне радыенуклідаў Cs‑137 у арганізм чалавека прыводзіць да парушэньня яго жыцьцядзйнасьці, выклікае, у залежнасьці ад дозы, узьнікненьне цяжкіх захворваньняў, якія ня рэдка заканчваюцца сьмярцямі. Таму ў арганізм чалавека яны пранікаць не павінныя. Вось мой адказ.

У свой час, у нас была рэальная прапанова аб’явіць Рэспубліку Беларусь зонай экалягічнага бедства і абавязаць сусьветную супольнасьць аказваць пастаянную дапамогу пацярпеламу насельніцтву. На жаль, з‑за непасьлядоўных дзеяньняў шэрагу адказных асоб у першыя гады пасьля Чарнобыльскай трагедыі, мы прыйшлі да таго, да чаго прыйшлі. Калі не лічыць некалькі дзясяткаў асацыяцый і дабрачынных грамадзкіх арганізацый, больш няма ад каго чакаць дапамогі.

І гэтаксама, як і 20 гадоў таму, стаіць праблема спажываньня «чыстых» прадуктаў, якія не ўтрымліваюць радыенуклідаў Cs‑137 и Sr‑90. На мой погляд, гэта найважнейшая праблема, якой павінны быць падпарадкаваныя многія гуманітарныя і сацыяльныя праграмы.

6. Цяпер я жыву ў Францыі, займаюся навуковымі распрацоўкамі ў галіне радыяцыйнага ўзьдзеяньня на арганізм чалавека. Мая сям’я цяпер між небам і зямлёй. Багата пытаньняў, якія ўвадначас вырашыць не атрымліваецца.

ДЗЕНЬ ДОБРЫ
у мяне 2 пытаньні:
1) ці варта спагнаць з рф (як пераемніцы ссср) грошы за асаджэньне радыёактыўных хмараў на нашую тэрыторыю?
2) наколькі небясьпечныя (радыёактыўнае, магнітнае выпраменьваньне) расейскія супраць паветранныя комплексы разьмешчанныя на нашай тэрыторыі?

Zuker

У свой час мы жылі ў адной краіне і ўсё ейныя праблемы адбіваліся на нашым жыцьці. Цяпер я ня бачу мэтазгоднасьці ў тым, каб выстаўляць нейкія там патрабаваньні. Несумненна, што ад Чарнобыльскай катастрофы больш за ўсё пацярпела Рэспубліка Беларусь.
Я не валодаю, на жаль, навуковай інфармацыяй па гэтым пытаньні, каб рабіць нейкія высновы.

Выходзяць на сьвятло новыя доказы таго, што радыёактыўнае забруджаньне на беларускіх тэрыторыях, аддаленых ад Чарнобылю, зьяўляецца вынікам мэтанакіраванай апэрацыі па штучным асаджваньні ападкаў з радыёактыўных хмар над Беларусяй.
Якія пэрспэктывы дамагчыся ад правапераемніцы СССР, Расейскай Фэдэрацыі, кампэнсацый за гэта злачынства? На што мелі-б пайсьці грошы?

Radykal

Я ўжо адказваў на гэтае пытаньне.

Дзень добры, сп. Бандажэўскі!
Цікава было б пачуць Вашыя меркаванні з наступных пытнанняў:
1. Якія віды гаспадарчай дзейнасці Вы лічыце дапушчальнымі на тэрыторыі радыялагічнага запаведніка і іншых забруджаных тэрыторыях?
2. Ці стане Беларусь больш энэргетычна незалежнай пасля будаўніцтва АЭС, ці трапіць у новую кабалу - уранавую, паколькі сваёга урану - ні здабычы, ні вытворчасці няма
Дзякуй!

Анатоль Павелка

1. На тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі Cs-137 і Sr-90, на мой погляд, можна ажыцьцяўляць любыя віды дзейнасьці, апроч сельскагаспадарчай, зьвязанай з атрыманьнем прадуктаў харчаваньня і корму для жывёлы.

Радыенукліды не павінны паступаць у арганізм чалавека у любой колькасьці, гэта крайне небясьпечна для здароўя.

2. На мой погляд, ня стане, яшчэ больш узьнікне праблем.

Якія ўражаньні ў Клермон-Фэране ад учорашніх выбараў прэзыдэнта. За каго гараджане: за Сарказі, за Руайяль, за Лё Пэна?

тт

Я не магу нічога пра гэта сказаць. Выбар прэзыдэнта Францыі -- гэта прэрагатыва французаў.

Спадар Юры,
хто на сёньняшні дзень у Беларусі вядучыя навукоўцы па чарнобыльскай праблематыцы (у тым ліку мэдыкі)?

cikauny

Я б таксама хацеў гэта ведаць, бо, на маё глыбокае зьдзіўленьне, я не сустракаў у навуковых выданьнях Рэспублікі Беларусь у цяперашні час сур’ёзных публікацый па праблемах Чарнобыльскай катастрофы.

22 апреля газета "The sunday Telegraph" опубликовала статью о Чернобыле. В этой статье военный летчик Алексей Грушин заявил, что после Чернобыльской аварии летчики распыляли в атмосфере иодид серебра, что вызывало выпадение осадков, чтобы радиоактивное облако не пошло на Москву, Воронеж, Нижний Новгород, Ярославль. В статье утверждается, что именно из-за распыления иодида серебра и последовшаших за этим осадков и пострадала большая часть Беларуси.
Юрий Иванович, насколько эти утверждения соответствуют действительности?brСпасибо

Татьяна

Праз 20 гадоў пасьля Чарнобыльскай катастрофы зьяўляюцца новыя і новыя сьведчаньні пра тое, што адбывалася ў першыя дні пасьля аварыі на тэрыторыі былога СССР. Я не магу даць ацэнку гэтым зьвесткам, паколькі любое выказваньне павінна мець рэальнае пацьверджаньне.

а якія прадукты ўтрымліваюць радыеактыўныя элемэнты Cs?137 і Sr?90?

cikauny2

Скажэце, калі ласка, ці вядома Вам што кольвек пра забруджаньне на тэрыторыі Карэліцкага і Наваградзкага раёнаў на Гарадзеншчыне?

Сямён

На жаль, інфармацыяй пра радыяцыйнае забруджваньне указаных раёнаў я не валодаю.

1)Ці ў дастатковай ступені Вы валодаеце французкай мовай, каб уключыцца ў навуковую працу на новым месцы жыхарства?
2)Склаліся лі ў Вас прафэсійныя кантакты з французкім медычным навуковым колам?Ці адчуваеце Вы складанасці ў адаптацыі да жыцьця на чужыне

Для таго, каб дасканала валодаць замежнай мовай неабходна яго доўгі час вывучаць і пастаянна ўдасканальвацца. У мяне да гэтага быў дастатковы запас ведаў у французкай мове, аднак ён не дазваляў мне праводзіць інтэнсіўныя кантакты з маімі калегамі. Пасьля гадавога знаходжаньня ў Францыі ў мяне больш няма праблем з гэтым.

2. Несумненна, у мяне склаліся добрыя прафэсійныя кантакты з маімі французкімі калеагмі, сьведчаньнем гэтаму нашы супольныя публікацыі.

У мяне няма схільнасьці да жыцьця за межамі маёй Радзімы. Я вельмі цяжка адаптуюся да новых умоваў майго існаваньня.

Судя по сообщениям в СМИ Вы сейчас проживаете в Клермон‑Ферране, почетным гражданином которого Вы являетесь, и где Вам была предоставлена квартира, годовая стипендия и т.д. Почему из всех возможных вариантов Вы избрали этот город? Не связано ли это с тем, что Клермон‑Ферран является побратимом Гомеля, где Вы в свое время работали ректором медуниверситета? Старые связи?
Еще вопрос. Как известно, Ваша группа когда‑то изучала влияние малых доз радиации на человеческий организм и пришла к следующему выводу: радиоактивный цезий, попадая в организм с продуктами питания и накапливаясь в нем, ведет себя как токсин — поражает основные системы внутренних органов. У Вас есть доказательства, что под влиянием малых доз радиации все именно так и происходит? Поделитесь, если можно, своими выводами и наработками. Как именно поражаются внутренние органы и что в результате может произойти?
И последнее. Что Вы думаете по поводу отравления полонием в Великобритании А.Литвиненко? Полоний в организм этого несчастного экс‑чекиста в бегах тоже попал с «продуктами питания», правда, доза была, мягко говоря, несколько великовата. Считаете ли Вы, что Чернобыльскую катастрофу, как и отравление Литвиненко, можно рассматривать еще и как «испытательные» модели будущего оружия массового поражения — «грязной» атомной бомбы. Никто ведь не может гарантировать того, что в ближайщем будущем террористы не взорвут где‑нибудь в густонаселенном районе Запада (или в той же Москве) подобную бомбу, загрязнив при этом огромные территории. Как бы Вы посоветовали вести себя населению, если вдруг такое случится?

Voles

Клермон‑Фэран — першы з 15 гарадоў Францыі, якія надалі мне званьне «Ганаровы грамадзянін гораду». Мэрыя гораду запрасіла мяне, а рэгіянальная рада вылучыла мне гадавую стыпэндыю. Горад гэты я дастаткова добра ведаю, быў у ім не аднойчы. Тут у мяне было некалькі старых сяброў. аднак усё істотна зьмянілася, у тым ліку і склад мэрыі, бо прайшло 15 гадоў з часу майго пешага візыту.

Запрашэньне мэрыі я прыняў з улікам сытуацыі, якая склалася на той час.

У пэрыяд працы рэктарам Гомельскага дзяржаўнага мэдыцынскага інстытуту ў 1990‑1999 гады я па сумяшчальніцтве ўзначальваў катэдру паталёгіі, якая зьяўлялася базай навуковых дасьледаваньняў па вывучэньні ўплыву інкарпараваных радыенуклідаў Cs‑137 на арганізм чалавека. На катэдры прайшлі падрыхтоўку ў асьпірантуры многія спэцыялісты інстытуту. У Спэцыялізаваных навуковых Саветах галаўных мэдыцынскіх ВНУ Масквы, а таксама Беларусі, былі абароненыя 19 дысэртацый па гэтай праблеме. Так што гэта была ня група, а навуковая школа радыепаталёгіі, якую афіцыйна прызналі ў часе апошніх абарон дысэртацый маіх вучняў у Маскве, за некалькі тыдняў да майго арышту.

Быў паказаны нэгатыўны ўплыў інкарпараваных рыдыенуклідаў Cs‑137 на жыцьцёва важныя органы і сыстэмы. Асаблівае месца ў гэтых дасьледаваньнях займалі досьледыі, зьвязаныя з уплывам радыяцэзію на стан сардэчнай дзейнасьці ў дзяцей. Удалося выявіць залежнасьць між частатой парушэньня правадзімасьці электрычнага імпульсу і колькасьцю радыенуклідаў Cs‑137 у арганізьме. Аналізаваліся вынікі клінічных назіраньняў, марфалягічных, электрафізіялягічных і лябараторных досьледаў, а таксама экспэрымэнтаў на лябараторных жывёлах. Рамкі канфэрэнцыі не дазваляюць мне падрабязна расказаць пра тое, што ўдалося паказаць. Мы шмат пасьпелі зрабіць. Я ўжо прыводзіў сьпіс тых кніг, у якіх адлюстраваныя нашыя навуковыя распрацоўкі.

Лепш каб не было таго, што вы мяркуеце. Я нэгатыўна стаўлюся да любых кантактаў з радыеактыўнымі элемэнтамі. Адношу іх да чыньнікаў павышанай небясьпекі, гэтым і абумоўленая мая пазыцыя. Чалавек не павінен кантактаваць з дадзенымі агентамі. Патрэбны павышаны кантроль што да выкарыстаньня і ўтылізацыі дадзеных элемэнтаў.

Паважаны сп. Юры Бандажэўскі!
Маю да Вас два пытаньні:
1. Ці займаліся Вы праблемай ДАчарнобыльскай радыяцыі на Століншчыне ў раёне былых Мярлінскіх хутароў, дзе створаны вялізны вайсковы палігон? Што Вы можаце сказаць пра крыніцы той радыяцыі?
2. Наколькі можна сапраўды лічыць НЕПАСРЭДНЫМ вынікам узьдзеяньня радыяцыі рост у забруджаных раёнах захворваньняў на сэрца? Можа, гэта найперш вынік псіхічнага чарнобыльскага сіндрому, боязі радыяцыі, калі чалавек псіхічна настройвае сябе на немінучую хваробу і сьмерць замест таго, каб, нягледзячы ні на што, настройваць сябе на змаганьне з хваробай? Пэўна ж, не сакрэт, аптымізм чалавека і яго ВЕРА ў аздараўленьне дапамагаюць пераадольваць хваробу...

Ihar Baranouski

Пытаньне забруджваньня радыеактыўнымі элемэнтамі тэрыторый, аддаленых ад эпіцэнтру Чарнобыльскай станцыі, вельмі цікавае. Я ўжо згадваў пра тое, што тэрыторыя Беларусі задоўга да Чарнобыльскай катастрофы была забруджаная радыенуклідамі Cs‑137. У вышэйпазначанай кнізе «Глобальные выпадения Cs‑137 и человек», якая выйшла ў 1974 годзе, акурат і падаецца так званая «малочная мапа» забруджваньня тэрыторый раёнаў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей, у тым ліку Століна і Пінска. Мапа, пададзеная ў гэтай кнізе 1974 году. надзіва падобная на мапу, апублікаваную пасьля Чарнобыльскіх падзей 1986 году

Я не магу нічога сказаць пра крыніцу радыяцыі на гэтых тэрыторыях. У БССР было шмат таямніц, таямніцай застаецца і прычына радыяцыйнага забруджваньня тэрыторый нашай краіны да Чарнобыльскай катастрофы. Але тое, што гэтыя рыдыеактыўныя забруджваньні нэгатыўна ўзьдзейнічалі на здароўе людзей, у мяне сумневаў няма.

Радыеактыўныя элемэнты Cs‑137 парушаюць энэргетычныя працэсы ў органах, якія інтэнсіўна функцыянуюць, да якіх, у першую чаргу, адносіцца й сэрца. Мы вывучалі гэта ня толькі ў чалавека. але і ў экспэрымэнтах на лябараторных жывёлах. Жывёлы ж нічога ня ведаюць пра Чарнобыльскую катастрофу, таму рэгістраваныя зьмены з боку структуры і функцыі клетак сэрца, гэтаксама як і іншых органаў, пры інкарпарацыі Cs‑137, аб’ектыўныя.

Хаця я не выключаю таго, што псыхалягічнае ўзьдзеяньне радыектыўнага чыньніка на чалавечы арганізм існуе, напрыклад, у той сытуацыі, калі пачнуць будаваць атамную электрастанцыю. Вось тады гэта будзе перш за ўсё псыхалягічнае ўзьдзеяньне.

Сп. Бандажэўскі!
Ці ўплываюць малыя дозы радыяцыі на захворваньніі зроку, у прыватнасьці, на адслаеньне сятчаткі вачэй. Калі так, што можна парэкамендаваць у гэтым выпадку?
Нам удалося паказаць, што інкарпарацыя радыенуклідаў Cs‑137 у арганізм чалавека прыводзіць да ўзьнікненьня катарактаў. І гэта ў дзяцей! Вяўленая залежнасьць між частатой катарактаў і колькасьцю радыенуклідаў Cs‑137 у арганізьме. Пры зьмяншэньні ўтрыманьня радыенуклідаў Cs‑137 у арганізьме дзяцей частата катарактаў зьменшылася. Інфармацыя пра гэта зьмяшчаецца ў вышэйпазначаных кнігах і артыкулах.

Gamialec

Нам удалося паказаць, што інкарпарацыя радыенуклідаў Cs‑137 у арганізм чалавека прыводзіць да ўзьнікненьня катарактаў. І гэта ў дзяцей! Вяўленая залежнасьць між частатой катарактаў і колькасьцю радыенуклідаў Cs‑137 у арганізьме. Пры зьмяншэньні ўтрыманьня радыенуклідаў Cs‑137 у арганізьме дзяцей частата катарактаў зьменшылася. Інфармацыя пра гэта зьмяшчаецца ў вышэйпазначаных кнігах і артыкулах.

* * *

Юры Бандажэўскі нарадзіўся ў 1957 г. у пасёлку Радунь Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобл.

Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны мэдыцынскі унівэрсытэт. Доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, член‑карэспандэнт Беларускай акадэміі мэдыцынскіх навук, акадэмік Беларускай інжынэрнай акадэміі, правадзейны сябра Нью‑Ёркскай акадэміі навук, ганаровы акадэмік Польскай акадэміі навук.

З 1990 г. працаваў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага мэдыцынскага інстытута. Аўтар больш за 250 навуковых працаў, у тым ліку і на тэму ўплыву на здароўе г. зв. «малых дозаў» радыяцыі, аўтар некалькіх вынаходніцтваў. Ляўрэат многіх прэмій.

У ліпені 1999 г. быў арыштаваны, а ў чэрвені 2001 г. асуджаны на восем гадоў пазбаўленьня волі — Ваенная калегія Вярхоўнага Суду прызнала яго вінаватым у хабары. «Міжнародная амністыя» ды іншыя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго вязьнем сумленьня, паколькі былі перакананыя, што Бандажэўскага асудзілі за крытыку стаўленьня кіраўніцтва Беларусі да праблемаў Чарнобылю.

З 2006 г. жыве ў Францыі, у горадзе Клермон-Фэран.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0