Гаворка ішла пра асабнякі, якія кіраўніцтва спартыўнай галіны будавала за скарбовы кошт, жуллё на стадыёне «Дынама», нямэтавае выкарыстанне велізарных сумаў і многае іншае.

У справаздачы пра Алімпійскі сход, апублікаванай на афіцыйным сайце прэзідэнта, апроч іншага змяшчаецца выказванне Лукашэнкі: «Я прапанаваў вам свой „дах“ у тым ліку для таго, каб вы, спартсмены, трэнеры і кіраўнікі спорту, маглі спакойна рабіць сваю справу». Пра тое, чым усё скончылася, можна даведацца з рэпартажу, апублікаванага ў нумары «Прэсбола» за аўторак.

Там прыводзіцца шэраг эпізодаў, якія ў справаздачы дзяржаўных СМІ не ўвайшлі.
— Раскажыце, Алег Леанідавіч, якія ж прычыны прывялі да такой катастрофы ў ваш перыяд кіравання, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да міністра спорту Алега Качана (цяпер ужо былога). — Усё можаце расказваць: пра асабнякі, якія вы будуеце за кошт спартыўнай галіны, дарэчы, з памочнікам, можа, з адным, з другім віцэ-прэзідэнтам. Усё расказвайце! Нашым людзям цікава будзе паслухаць.
Гэта таксама, я думаю, адна з прычын катастрофы.

Выступ дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па конным спорце і конегадоўлі Віктара Міхадзюка кіраўнік дзяржавы праанансаваў наступным чынам:

— Зараз вам раскажа Міхадзюк, як трэба базу алімпійскай падрыхтоўкі ствараць і адначасова палацы будаваць.
Давайце, калі ласка. А то міністр прамаўчаў, памочнік таксама. Можа, вы раскажаце, як пілавалі, вазілі, будавалі, як коней за бясцэнак прадавалі, нагадаеце, ці то Заічкову (Ігар Заічкоў займаў пасаду памочніка прэзідэнта па спорце. Звольнены разам з Алегам Качаном 28 кастрычніка -- НН), ці то яшчэ камусьці. Расказвайце. Гучна, выразна… Калі мяне дэзінфармавалі, я ў вас публічна папрашу прабачэння. Але калі нешта пацвердзіцца, вы адразу кайданкі купляйце, каб вам не чаплялі іх, бярыце і ідзіце туды, куды я сказаў. Я вам гэтага не дарую. Мы не такія багатыя, каб абслугоўваць тут асобных кітоў, якія яшчэ і лайдачаць.
Затым цунамі найвышэйшага гневу накрыла яшчэ многіх.

— Рыхтуючыся да Алімпійскага сходу, я паралельна даручыў Камітэту дзяржкантролю і іншым структурам праверыць, як жа вы рыхтаваліся да галоўных стартаў чатырохгоддзя. Вынікі сумныя. Аказалася, што праз бяздзейнасць службовых асоб Мінспорту частка востра неабходнага інвентару была закупленая напярэдадні, падчас і нават пасля Алімпіяды! Алімпіяда прайшла, а яны закупілі абсталяванне, каб алімпійскіх чэмпіёнаў рыхтаваць. Больш за паўмільярда рублёў прастойвае цяпер. А сёння выступаў спецыяліст па конях, там нямэтавага выкарыстання каля 600 мільёнаў рублёў выяўлена!

Праўда, Заічкоў гэта з дакладу прэзідэнта прыбраў і выхваляўся свайму памагатаму: «Ты не хвалюйся, я выкрасліў!» Ды вас толькі за гэта трэба ўзяць і выгнаць з працы. І не рабіце выгляд, што гэта не так! (Выканкаму ў цэлым) Кругавая парука! Гэта ж якое нахабства!
Бародзіч, вы каго мне прапанавалі ў памочнікі?! Вось яшчэ праваліце дынамаўскую каманду і пойдзеце разам з ім вуліцу месці! Асабліва набліжаны генерал!
Таксама Лукашэнка прайшоўся па стадыёне «Дынама»:

— Пасылаю Якабсона (старшыня камітэта Дзяржкантролю — заўв.рэд.), кажу: «Аляксандр Серафімавіч, схадзі паглядзі, што там робіцца». Ён мне як перадаў фатаграфіі — ведаеце, мне дрэнна стала. Іх, Аляксандр Серафімавіч, трэба ўсіх пасадзіць! Усіх нягоднікаў! Таму што гэта першы аб’ект, які я з салдатамі прыводзіў у парадак. Пакінулі ў сябе гэты рынак. (У залу). Куды грошы падзелі ад рынку? (Якабсону). Займіцеся прынцыпова, давядзіце да канца. Нікога не шкадуйце! Жуллё. І гэта проста пад вокнамі Мінспорту. (Качану). Табе што, цяжка было зайсці на стадыён і паглядзець, што там бярозкі растуць? Там, дзе людзі павінны сядзець? І гэта датычыцца ўсіх і ўсёй спартыўнай інфраструктуры. А то ў нас конны від спорту Стайкі абслугоўвае, памочніка прэзідэнта і іншых — пачынаючы ад каўбасы і заканчваючы асабнякамі…

Зрэшты, Лукашэнка абураўся дарма. Менавіта такія вынікі прыносіць любы «дах» зверху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?