Зыходзячы з заявы кіраўніцы ідэалягічнай працы Браслаўскага райвыканкаму Надзеі Лях, беларускі бок канчаткова пагадзіўся з будаўніцтвам побач зь мяжой ядзернага могільніку.

Нагадаем, што галоўны ідэоляг раёну Н. Лях заявіла падчас грамадзкіх слуханьняў на мяжы зь Літвой у мястэчку Відзы пра тое, што жыхары раёну згодныя з «паразуменьнем паставіцца да праблемаў літоўскіх энэргетыкаў». Спасылка на грамадзкую думку ёсьць камуфляжам гэтай згоды. У сучасных беларускіх умовах думка грамадзтва заўсёды супадае зь кіраўнічай лініяй уладаў.

У слуханьнях прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, дзяржустановы «Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя», навукоўцы зь Літоўскага энэргетычнага інстытуту ды Нямеччыны, прадстаўнікі мясцовых уладаў.

Беларусы вылучылі некалькі абавязковых умоваў стварэньня аб’екта, сярод якіх шчыльны кантроль за станам могільніку, забесьпячэньне тэхнічнай надзейнасьці і радыяцыйнай бясьпекі захаваньня, а таксама адмова ад дадатковых паставак адыходаў ядзернага паліва зь іншых краінаў сьвету.

Праблема існаваньня могільніка для месьцічаў ня ёсьць абстракцыяй. Коміны Ігналінскай АЭС — побач зь мяжой, ядзернае захаваньне таксама можна разгледзець няўзброеным вокам. Наўкол — сыстэма знакамітых Браслаўскіх азёраў, на якіх месьцяцца, напэўна, найлепшыя ў Беларусі зоны адпачынку.

Браслаўшчына прыцягвае турыстаў з розных краінаў, і небясьпечнае суседзтва можа значна перашкодзіць разьвіцьцю гэтай галіны.

Што тычыцца самой заявы пра згоду месьцічаў, то яна зробленая на гэткім узроўні, які дае магчымасьць, калі патрэбна, хутка яе дэзавуяваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?