Праводзячы былога міністра спорта, Алег Гаруновіч канстатуе, што гэтага чыноўніка мы запомнім надоўга. Зазначае, што нават плённая праца пры адсутнасці выніку ў Лондане наўрад ці б выратавала кіраўніка ад адстаўкі. Мяркуе, што на змену Алегу Качану прыйдзе чарговы «пажарнік». Лічыць, што Юліі Несцярэнка не варта вельмі моцна крытыкаваць экс-міністра, бо падман — гэта універсальны спосаб выжывання ў айчынным спорце.

Вядома, не задача чыноўніка высокага рангу — забаўляць. Але ў Алега Леанідавіча гэта добра атрымоўвалася. Што, шчыра кажучы, не так і мала для прадстаўніка айчыннай наменклатуры — даволі безаблічнай па сваёй сутнасці.

Сярод нашага чыноўніцтва не бачна ні рэвалюцыянераў, ні рэфарматараў, ні наватараў. Таму ў гэтым коле персанажы нават з лёгкім налётам эпатажу звяртаюць на сябе ўвагу.

Не пагаджуся з тымі, хто лічыць, што Качан заваліў работу ў міністэрстве. Працаваў, здаецца, гэтак жа, як і яго папярэднікі. Не горш і не лепш. Не больш і не менш. Яму проста не пашанцавала. Ніхто са спартоўцаў на Алімпіядзе не стрэліў, затое шмат хто падвёў. Ад міністра ў Беларусі гэта мала залежыць.

За 3,5 гады, што руліў спортам выпускнік Смілавіцкага сельгастэхнікума, алімпійскага медаліста не падрыхтуеш. Ды і дроваў асабліва не наломіш.
А так міністр у спорту быў малады, стройны, падцягнуты. Умеў распякаць падначаленых і грозна на іх глядзець. Быў жвавы і спрытны — узгадайце, як шустра ён скакаў па трыбунах Уімблдона, каб падаць сцяг Азаранка і Мірнаму, калі тыя здабылі ў Лондане алімпійскае золата. Карацей, не проста так у свой час атрымаў пасаду.
Ёсць яшчэ адна акалічнасць. Калі нават дапусціць, што Качан на сваім месцы рабіў бы нешта талковае (а трэба прызнаць, што нічога талковага ён усё ж такі не рабіў),
то і ў гэтым выпадку наўрад ці захаваў бы крэсла. Мы прывыклі мець вынікі тут і цяпер, а не верыць у светлую будучыню.
Хутчэй за ўсё, Качана заменіць чарговая ахвяра кар’ернага росту. Магчыма, менш афарыстычная і таму менш запамінальная.
І гэтай ахвяры праз чатыры гады (ці нават пасля Сочы-2014) давядзецца ўсім тлумачыць, што не атрымалася на Гульнях, і чарговы раз пералічваць усе праблемы айчыннага спорту, якія навідавоку, але якія ўсё не ўдаецца вырашыць (бракуе грошай, часу, ведаў, ідэй, рашучасці, волі, паўнамоцтваў і г.д.). Новага міністра выбіраюць у спешцы. А гэта значыць, канцэптуальных зменаў не прадбачыцца. Спортам ізноў будзе кіраваць «пажарнік».

На нядаўнім алімпійскім сходзе экс-міністру на развітанне дасталася на арэхі. Нават крымінальнай справай яго прыстрашылі.

Сярод тых, хто крытыкаваў сучаснае становішча справаў у спорце, была алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка. Яна з болем у голасе казала пра бяздушных чыноўнікаў. Здавалася, яшчэ крыху — і расплачацца.

Гэтую інтанацыю добра ведаюць тыя, хто гутарыў з бягункай у апошнія гады (мне выпала рабіць з брэстаўчанкай інтэрв’ю ў алімпійскім Пекіне). Так яна звычайна распавядае аб прычынах уласных няўдач, прычым часцяком — прычынах непераканаўчых. Несцярэнка выступала на сходзе як дзейсная спартсменка, што здзівіла, бо пасля Лондана паведамлялася, быццам Белая Маланка праз Twitter абвясціла пра завяршэнне кар’еры. Хаця насамрэч кар’ера Юліі завяршылася яшчэ раней. І ні Качан (а на яго цяпер можна вешаць што захочацца), ні стан айчыннага спорту не маюць да гэтага асаблівага дачынення. Больш за тое, можна сказаць, што экс-кіраўнік спартовай галіны і чэмпіёнка ў пэўнай ступені аднадумцы. Паспрабую патлумачыць, чаму.

Пасля трыумфальнай афінскай Алімпіяды прайшло восем гадоў. Што ў гэты перыяд адбывалася з нашай чэмпіёнкай? Нічога добрага.
Постпераможны стрэс, які доўжыўся некалькі месяцаў. Расставанне з трэнерам. Траўма спіны. Правал у Пекіне. Ізноў траўмы, у тым ліку і напярэдадні Лондана, у якім Белая Маланка нават не выступіла.
Пасрэдныя спартсмены не робяцца алімпійскімі чэмпіёнамі. Але вынікі Несцярэнкі да Гульняў-2004 і пасля іх былі пасрэдныя.
Шмат хто спадзяваўся, што нацыянальная гераіня аднойчы паўторыць свой подзвіг. Але замест гэтага старты Юліі прыносілі адныя расчараванні. Захад кар’еры, расцягнуты на два алімпійскія цыклы, — сумнае відовішча.
На працягу гэтага часу Несцярэнка падманвала, па сутнасці, дзяржаву, спорт, заўзятараў і, магчыма, сябе.
Заўзятары верылі. Бягунка, спадзяемся, таксама. Спорт намякаў, што досыць. А дзяржава за гэтыя пакуты плаціла. Качан абяцаў узнагароды дзеля ўлады і свайго становішча. Несцярэнка абяцала медалі — таксама не проста так.
Як сябе манетызаваць? Пра гэта думаюць не толькі стартапы і прадаўцы інтэрнэт-трафіку. Спартоўцы таксама. У Беларусі іх асноўны від манетызацыі — браць грошы з бюджэту.
Такія ў нас умовы. Прэміяльныя за медаль, алімпійская стыпендыя, харчаванне, зборы. Вось такі ў выбітнага айчыннага атлета «паёк», які ў поўным аб’ёме выдаецца толькі ў самым лепшым выпадку. Таму спартовец, які апынуўся на вяршыні, няхай нават на імгненне, імкнецца сарваць куш. А калі з яе спаўзае, стараецца хоць штосьці ўшчыкнуць. Можа, гучыць груба, але Несцярэнка ў апошнія гады была ў такім стане.
Куды больш пачэсна для вялікай спартоўкі (як і для іншых алімпійскіх чэмпіёнаў) было б своечасова закончыць кар’еру і атрымоўваць ад дзяржавы пажыццёвую выплату ў якасці прызнання заслуг.
Але такой раскошы, як пажыццёвыя выплаты, не дазваляюць сабе нават больш развітыя ў эканамічным плане краіны, чым Беларусь. Больш за тое, некаторыя — Нарвегія, Швецыя — увогуле ніяк не заахвочваюць сваіх алімпійцаў за медалі. Жадаеце зарабіць? Прадавайце сябе! Прыкрая рэч, але Несцярэнка прадаць сябе толкам так і не здолела. Гэта добра характарызуе наш рэкламны рынак. З’яўленне на ідэалагічных білбордах «За спартовую Беларусь» наўрад ці прынесла бягунцы адчувальны прыбытак. Як і іншым яе калегам па алімпійскім п’едэстале. Чаму беларускіх спартоўцаў не прыцягваюць да буйных рэкламных кампаній? І чаму такія кампаніі амаль не праводзяцца ў Беларусі ні айчыннымі прадпрыемствамі, ні замежнымі карпарацыямі? Гэта толькі некаторыя са шматлікіх пытанняў.

Спартоўцы б’юцца за сваю долю, хто як можа. Некаторыя намякаюць, што збіраюцца з’ехаць да суседзяў. У Расію, напрыклад. Бывае, што такі ціск дае плён.

Плыўчыха Аляксандра Герасіменя падпісала рэкламны кантракт з «Беларусбанкам». Прафіт спартоўкі відавочны — у дамове фігуруе шасцізначная сума ва ўмоўных адзінках. Як выкарыстае Залатую Рыбку і без таго вядомая ўстанова, кантрольны пакет якой належыць дзяржаве, — на гэта цікава будзе паглядзець (рэклама банка з веласіпедысткай Наталляй Цылінскай была падобная на аматарскі праект). Несцярэнка падчас свайго росквіту аргументаў для такога кантракта не знайшла. Хаця перамога яе была вартая большага, чым два срэбныя медалі Герасімені разам узятыя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?