Заяву Аляксандра Мілінкевіча пра адмову ўдзельнічаць 26 красавіка ў шэсьці ад Акадэміі Навук да Чарнобыльскай капліцы камэнтуе намесьнік старшыні Партыі БНФ, сябра Аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху» Віктар Івашкевіч:

«Дзіўна, што лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч робіць такія заявы, ні з кім з гэтых Аб’яднаных дэмакратычных сілаў папярэдне не параіўшыся. Магчыма, Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што ён мае права нікуды не хадзіць, тым больш, што ў арганізацыі Чарнобыльскага Шляху ён ня браў ніякага ўдзелу.

Вельмі шкада і вельмі дзіўна, штоМілінкевіч лічыць прыкрым прыйсьці 26 красавіка разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі да Чарнобыльскай капліцы й ушанаваць памяць ахвяраў катастрофы на ЧАЭС. «Дваццаць адна хвіліна маўчаньня» — так мы назвалі гэтае ўшанаваньне адпаведна з 21‑ай гадавінай з дня катастрофы, падчас яго будуць запаленыя тысячы сьвечак, прачытаныя малітвы за душы ахвяраў Чарнобылю, а таксама прагучыць Чарнобыльскі звон, які быў зроблены беларускімі мастакамі яшчэ ў 1989 годзе да першага Чарнобыльскага Шляху.

На паседжаньні апошняга Аргкамітэту Чарнобыльскага Шляху рашэньне пра маршрут «плошча Якуба Коласа — Акадэмія навук — Чарнобыльская капліца» быў прыняты адзінаголосна. За такое рашэньне выказаліся лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, яго намесьнікі Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч, сябра Сому Партыі БНФ Юрась Зянковіч, намесьнік лідэра АГП Ігар Шынкарык, сябра Палітрады АГП Валянціна Палевікова, лідэр незарэгістраванай арганізацыі Малады Фронт Зьміцер Хведарук і намесьнік старшыні БСДП(Г)Анатоль Сідарэвіч.

Дзіўна, што АляксандрМілінкевіч не прапануе ніякага іншага варыянту маршруту Чарнобыльскага Шляху. Такія заявы выклікаюць пытаньні наконт таго, ці зьбіраецца ён прыйсьці да Акадэміі навук. А можа пасьля 25 сакавіка Мілінкевіч вырашыў сысьці ў палітычны цень і чакаць наступных прэзыдэнцкіх выбараў? Вельмі шмат пытаньняў, адказы на якія хацелася б даведацца як мага хутчэй».

Віктар Івашкевіч заклікае прыходзіць 26 красавіка а18:00 на плошчу Якуба Коласа ці да Акадэміі навук для ўдзелу ў Чарнобыльскім шэсьці’2007. «Бярыце з сабой сьвечкі, — заклікае Віктар Івашкевіч, — мы запалім тысячы сьвечак каля Чарнобыльскай капліцы ў знак памяць пра ахвяраў катастрофы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?