Уручэньне ўзнагароды заплянавана толькі на 3 лістапада, але галоўны прэтэндэнт на ўзнагароду, звольнены напрыканцы верасьня з Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту дацэнт Андрэй Чарнякевіч, ужо адмовіўся ад прэміі. Сваё рашэньне гісторык патлумачыў палітызаванасьцю ўзнагароды.

Прэмію імя Юзафа Ядкоўскага гарадзенская інтэлігенцыя ініцыявала некалькі тыдняў таму.
Узнагарода была заснаваная дзеля падтрымкі навукоўцаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, працы якіх сталі важным унёскам у вывучэньне мінулага Горадні. Фаварытам прэміі ад пачатку лічыўся гісторык Андрэй Чарнякевіч, адзін з суаўтараў кнігі «Гродназнаўства», што пабачыла сьвет у кніжнай сэрыі «Гарадзенская Бібліятэка», і шэрагу іншых выданьняў, якія здабылі папулярнасьць у гарадзенцаў. Кніга прыйшлася недаспадобы мясцовым ідэолягам, якія ўгледзелі ў ёй крамолу: нацыянальную сымболіку й адсутнасьць узгадкі пра першага прэзыдэнта Беларусі. Кнігу канфіскоўвалі з кнігарняў і бібліятэк.
Днямі у Горадні адбылося паседжаньне рады прэміі. Падчас сустрэчы было абвешчана, што Андрэй Чарнякевіч адмовіўся ад узнагароды, абвінаваціўшы сяброў рады ш тым, што падчас выбары пераможцы яны кіраваліся не навуковымі, а палітычнымі крытэрамі.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў адзін з заснавальнікаў прэміі імя Юзафа Ядкоўскага, прафэсар Алесь Смалянчук.

«Няпроста складваецца сытуацыя з гэтай ўзнагародай, уплываюць на гэта розныя абставіны. Не апошнюю ролю адыгрывае й тое, што людзі проста баяцца. Баяцца за сваю працу, за сваю будучыню. Людзі вельмі запалоханыя».

У тэлефоннай размове з намі

Андрэй Чарнякевіч пацьвердзіў, што адмовіўся ад прэміі. «Я проста прапанаваў больш аб’ектыўныя крытэры адбору. Вельмі важна, каб гэтая прэмія мела навуковы характар, каб яна не палітызавалася яшчэ болей, чым уся гэтая гарадзенская сытуацыя.
Гэта будзе карысна й мне, і ўвогуле грамадзтву, каб мы пазьбягалі гэтых радыкалізмаў. Мне падалося, што атрымаць прэмію толькі за тое, што цябе звольнілі з працы, трошкі недарэчна. Кожны іншы раз я быў бы ўдзячны паўдзельнічаць у такім конкурсе. Буду намагацца даць яшчэ нагоду, прычым станоўчую, а не скандальную».

Аднак у палажэньні прэміі напісана, што яна даецца ў тым ліку й за грамадзянскую пазыцыю. Дарэчы, за грамадзянскую дзейнасьць быў рэпрэсаваны й патрон прэміі Юзаф Ядкоўскі, які з-за перасьледу быў вымушаны пакінуць горад.

Звальненьне Андрэя Чарнякевіча выклікала вялікую хвалю салідарнасьці як у Горадні, так і ва ўсёй Беларусі.

Алесь Краўцэвіч і Алесь Смалянчук выступілі з адкрытым лістом да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча й кіраўніцтва Гарадзенскага ўнівэрсытэта, у якім патрабавалі аднаўленьня дацэнта на працы. Пад лістом падпісалася больш за 400 чалавек: выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, навуковая супольнасьць, звычайныя гарадзенцы сабралі для ляўрэата грашовую ўзнагароду, ад якой ён таксама адмовіўся.

Дарэчы Андрэй Чарнякевіч быў не адзінай асобай, якая адмовілася ад прэміі: «палітызаванасьці» ўзнагароды імя Ядкоўскага пабаялася яшчэ некалькі патэнцыйных ляўрэатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?