Віктар Букін адмарозіў вялікі палец на назе.
Дом на вулицы Малышчынскай здадзены ў канцы жніўня, але ў ім дагэтуль няма ацяплення, вады і газу.
Тэмпература ўнутры жылых пакояў у новым доме на Малышчынскай, 12 такая ж, як на вуліцы, дзе ўжо некалькі дзён мароз. У выніку Віктар Букін адмарозіў вялікі палец на назе і цяпер амаль не можа хадзіць, піша газета «Вечерний Гродно».
Калі карэспандэнты «ВГ» прыйшлі ў кватэру № 8 па ўказаным адрасе, дзверы адчыніла жонка Віктара Дзмітрыевіча — Людміла Іванаўна. Мужчына не змог нас сустрэць, бо ляжаў на канапе, грэючыся пад дзвюма коўдрамі. Ступні і пальцы на нагах прыпухлі і пачырванелі. Віктар Дзмітрыевіч — пенсіянер, у мінулым спартсмен. Але прызнаецца, што з такімі цяжкасцямі не сутыкаўся.
— Хадзіць я амаль не магу ўжо другі дзень, — распавядае гаспадар. — Ва ўсім доме няма ацяплення, вады, газу. Электраэнергія з'явілася толькі на мінулым тыдні. Падлога халодная — так, напэўна, і застудзіў ногі.
— Мы жывем тут ужо каля месяца, — дадае жонка. — Дом здадзены ў канцы жніўня, пакуль толькі абяцаюць даць цяпло. У нас тут няма сваякоў, мы прыехалі ў Гродна з Далёкага Усходу, этнічныя беларусы. Нам больш няма куды пайсці жыць на той час, пакуль усё ўтрасецца. Па-першае, у нас ёсць вельмі вялікі сабака, у гатэль або на здымную кватэру з ім не пускаюць. Па-другое, пакуль няма прапіскі. Вымушаныя сядзець тут, на марозе. У мяне ўжо і рука адымаецца: магчыма, застуджаны нерв.
Старшыня таварыства ўласнікаў, да якога належыць дом, Аляксей Салавайка тлумачыць сітуацыю тым, што для падключэння цяпла спатрэбілася афармленне мноства дакументаў і ўзгадненне з рознымі інстанцыямі.
— Людзям холадна, але што я магу зрабіць да заключэння дамовы з цепласеткамі? Акрамя таго, для падключэння ацяплення трэба было падаць электраэнергію. У мінулую сераду прыходзіў інспектар энерганагляду, каб аформіць допуск да работ з электрычнасцю.
Аказалася, будаўнікі засыпалі два калодзежы з сеткамі, доступ да іх быў зачынены. Прыйшлося раскопваць,— кажа Аляксей Салавайка.
Допуск атрымалі ў панядзелак. Дамова з цепласеткамі павінна быць заключана ў аўторак. У бліжэйшыя дні можа з'явіцца цяпло. Аднак два месяцы новабудоўля прастаяла без газу, святла, вады і ацяплення.