Зварот Аляксандра Лукашэнкі да нацыянальнага сходу быў вытрыманы ва ўзьвінчаным тоне і насычаны патрабаваньнямі адміністрацыйнага ўмяшаньня ў эканоміку. Сярод іншага, А.Лукашэнка ў жывым эфіры запатрабаваў пасадзіць былога міністра будаўніцтва Курачкіна і «тых, хто яго прыкрывае».

Традыцыйнае веснавое пасланьне народу і парлямэнту сёлета прыпала на 24 красавіка і было прызначана на 12.00.

Аляксандар Лукашэнка зьявіўся са спазьненьнем на сем хвілінаў. Паседжаньне адкрыў Уладзімер Канаплёў. Пасьля гэтага прагучаў гімн «Мы, беларусы, мірныя людзі…»

Паважаныя таварышы, — пачаў А.Лукашэнка. — Перш чым пачаць зварот не магу ня выказаць словы спачуваньня Барысу Ельцыну… Ён заклікаў ушанаваць памяць Ельцына хвілінай маўчаньня.

«Альтэрнатывы адносінам з Расеяй няма»

«Незалежная Беларусь — наш надзейны і дастойны дом», — такі загаловак сёлетняга пасланьня агучыў А.Лукашэнка.

Ён пачаў саму заяву з падкрэсьліваньня, што незалежнасьць краіны можа быць забясьпечана толькі «больш сымэтрычнай» замежнай палітыкай. Аднак пасьля гэтага ён паўтарыў, што ніякіх зьменаў у ёй ня будзе і што Расея і саюз зь ёю застаюцца ў прыярытэтах беларускай палітыкі. «Рускія людзі нам не чужыя, — заявіў ён, — Альтэрнатывы адносінам з Расеяй няма».

Ад адносінаў з Расеяй ён перайшоў да адносінаў з Украінай і Азэрбайджанам і заявіў пра неабходнасьць забесьпячэньня бесьперабойнасьці паставак энэрганосьбітаў у Заходнюю Эўропу.

«Вось і ўся Вэнэсуэла»

Ад пытаньняў замежнай палітыкі ён перайшоў да энэргетыкі. Ён рэзка раскрытыкаваў нафтаперапрацоўчую галіну, заклікаўшы нафтавікоў шукаць сродкі не ў дзяржаўным бюджэце, а ў саміх сябе. Ён назваў стварэньне ўласнабеларускай калійнай кампаніі справай, якая прынесла надзвычайную карысьць Беларусі, і запатрабаваў хутчэй стварыць аналягічную нафтавую кампанію.

Ён адзначыў важнасьць забесьпячэньня рэзэрвавых варыянтаў паставак нафты з Балтыйскага і Чарнаморскага рэгіёнаў. Краіна пачула прызнаньне, што ў часе беларуска-расейскага нафтагазавага крызісу альтэрнатывы пастаўкам нафты з Расеі не было, і прайшло 10 дзён, першы чым яе ўдалося знайсьці.

А.Лукашэнка падкрэсьліў: у выпадку калі Расея прапануе больш выгадныя варыянты пастаўкі энэрганосьбітаў, Беларусь застанецца з Расеяй.

Пасьля гэтага кіраўнік дзяржавы перайшоў да важнасьці выкарыстаньня альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі. Меўся на ўвазе перавод на дровы малых прадпрыемстваў і вёсак.

Ён заклікаў апазыцыю «не іграць» на пытаньні пабудовы атамнай электрастанцыі, бо пабудова АЭС — зарука нацыянальнай і энэргетычнай бясьпекі.

Ён заявіў, што ня хоча, каб АЭС пабудавала Расея, але паабяцаў адкрыты міжнародны конкурс, у якім пераможа той, хто прапануе больш выгадныя ўмовы, і Расея будзе ўдзельнічаць у ім на роўных. «Мы й так у многім залежым ад Расеі. Мы б хацелі, каб АЭС пабудавалі іншыя, але прыярытэт будзе аддадзены цане і якасьці. Калі конкурс выйграе Расея, як бы нам не падабалася, што яйка зноў пападае ў адзін кошык, будзе будаваць Расея».

Ён падрабязна спыніўся на пытаньнях энэргаашчаджэньня. «У нас энэргаёмістасьць ВУП у 2,5 разы вышэйшая, чым у разьвітых краінах. Вось і ўся Вэнэсуэла», — заявіў ён.

Вывад быў просты: лічыльнікі вады мусяць быць усталяваныя ў кожнай кватэры.

«Павышэньне цэнаў на энэрганосьбіты — гэта непрыемны фактар, але давайце разглядаць яго як стымул для ўдасканаленьня эканомікі", - прапанаваў А.Лукашэнка.

«Каровы дызпаліва не даюць»

Трэцяй частка пасланьня стала эканоміка. Асновай дзяржаўнага курсу тутака стане зьмяншэньне дзяржаўных датацый. Па ягоных словах, з 2008 году субсыдыі будуць накіроўвацца толькі ў найноўшыя, навукаёмістыя тэхналёгіі.

«Каровы дызэльнага паліва не даюць», — заявіў ён. Таму льготнага дызпаліва сельгаспрадпрыемствы не атрымаюць.

Ён назваў апраўданым курс на паступовую перадачу прыватнаму ўласьніку сельгаспрадпрыемстваў.

Ён нагадаў, што канчатковае рашэньне па прыватызацыі кожнага прадпрыемства будзе прымаць асабіста ён. «Мне за 13 гадоў ніхто не прынёс ніякіх грошай і не паклаў на стол, не прынясе і не пакладзе. Калі б такое было, ужо б расьпісалі, размазалі па ўсіх сьценках ад Захаду да Ўсходу. Калі ўжо Буш там шукаў мае рахункі, дагэтуль знайсьці ня можа. Ну, калі Буш не знайшоў, то наўрад ці хтосьці знойдзе, калі яны нават былі».

Ён гаварыў пра першачарговыя задачы мадэрнізацыі энэргетычнага комплексу, мікраэлектроннай, лясной і цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці, будаўніцтва.

Было заяўлена пра неабходнасьць рэзкага скарачэньня льготаў у сацыяльнай сфэры.

«Разьбярыцеся і пасадзіце»

Ня раз за выступ ён вяртаўся да сфэры будаўніцтва і росту цэнаў на жытло. Ён падверг рэзкай крытыцы Міністэрства будаўніцтва і яго праектныя інстытуты.

Са словаў А.Лукашэнкі, міністар Навумаў у часе суботніка заявіў, што былога міністра будаўніцтва трэба неадкладна пасадзіць. Дык у вас жа ёсьць для гэтага паўнамоцтвы, — зьвярнуўся ён да міністра, які ўскочыў са свайго месца. За тое, што ён нарабіў на пасадзе міністра і на пасадзе дырэктара інстытуту, на якую ён перайшоў зь міністэрства і дзе пачаў ужо «калупаць пад мільёны даляраў, вылучаных на пабудову спартовага комплексу». «Ну дык разьбярыцеся і пасадзіце і яго, і тых, хто яго прыкрывае», — заявіў А.Лукашэнка, дадаўшы, што міністар унутраных справаў унёс прэм'ер-міністру прапанову і напісаў, за што. Гэта нагадала знаёмыя сцэны з 90-х гадоў.

У цэлым тон ягонага выступу быў далёка ня рынкавым. Фактычна ў кожнай сфэры ён патрабаваў прыняцьця адміністрацыйных мераў рэгуляваньня рынку і падкрэсьліваў асабісты кантроль за рознымі сфэрамі эканомікі. Часам ён супярэчыў сам сабе. Ён гаварыў пра «ўсямерную падтрымку прыватнага прадпрымальніцтва», «стабільнасьць умоваў гаспадараньня» і адначасова загадваў прыняць адміністратыўныя меры па абмежаваньні свабоды дзеяньняў у тым самым будаўнічым бізнэсе і асабістым кантролі супрацоўнікаў вэртыкалі і дзяржкантролю за тымі ці іншымі справамі. Ня трэба шчоўкаць абцасамі, дрыжаць перад малымі прадпрымальнікамі і баяцца, што яны выйдуць на Плошчу, заявіў ён.

"Гэта непасільныя, але вырашальныя задачы", — заявіў ён у іншым месцы.

Рэгулятывісцкі тон праяўляўся і ў гаворцы пра сацыяльную сфэру. Увогуле, самымі частотнымі словамі ў дакладзе было «павінен, павінны, абавязаны, трэба».

Не магу сказаць, што мы ўсе праблемы вырашылі, заявіў А.Лукашэнка пры рэшце, але кожны чалавек у Беларусі, які хоча добра жыць, можа лёгка гэтага дабіцца.

Часам ён жартаваў, але ў цэлым выглядаў даволі ўзьвінчаным.

Даклад доўжыўся трохі меней за дзьве гадзіны і ні разу не перарываўся воплескамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?